Выпускнік Яўген Пугач: «ЕГУ стаў значным фактарам у маім асабістым і прафесійным развіцці»

Фота: EdCamp Belarus

Пасля сканчэння ў 2009 годзе магістарскай праграмы «Еўрапейскія даследаванні» Яўген Пугач амаль 10 гадоў працаваў у прыватным сектары: у праектах групы кампаній БЕЛБІЗ (партал Bel.biz, лінейка бізнэс-трэнінгаў Busisness Edge, Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі, стартап-хаб Імагуру). Апроч таго ў 2014 годзе Яўген стаў заснавальнікам мінскага аддзялення Global Shapers — моладзевай праграмы Сусветнага эканамічнага форуму. У 2016 годзе Яўген заснаваў ініцыятыву EdCamp Belarus, такім чынам Беларусь стала 26-ай краінай свету, на якую пашырылася эдкэмп-супольнасць.

У адмыловым інтэрвію выпускнік распавядае аб вопыце навучання ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ), працы ў НДА і прафесійных мэтах.

Як ты даведаўся пра ЕГУ? Чаму выбар паў на праграму «Еўрапейскія даследаванні»?
Ужо і не ўзгадаю адкуль я даведаўся пра ЕГУ. Хутчэй за ўсё чуў яшчэ пад час выбару ВНУ для паступлення ў 2001 годзе. Безумоўна, пазней чуў пра гучнае закрыццё ЕГУ ў Мінску і перфомансы, якія ладзіліся студэнтамі. Калі казаць менавіта пра магістратуру, то тут памятаю дакладна. Мой калега па грамадскай дзейнасці ўжо вучыўся ў ЕГУ на той жа праграме. Распавёў мне, параіў і падказаў пра такую магчымасць атрымаць дадатковую і сучасную адукацыю за кошт донараў.

Чаму выбраў менавіта такую праграму? З аднаго боку ў Беларусі была і мабыць застаецца мода на «еўрапейскае», калі ў назвах, рэкламных кампаніях асобных брэндаў «выкарыстоўвалася» Еўропа. Бо Еўропа — гэта знак якасці.  Напрыклад, еўраразэткі, еўрашпалеры (усміхаецца) … З іншага боку, было і ёсць разуменне, што Беларусь — гэта еўрапейская дзяржава і нам варта ведаць як жывуць іншыя еўрапейскія краіны, як у іх будуецца і функцыянуе сістэма ўлады і г.д.

Ці цяжка было навучацца?
Часам так. Выпускніку беларускай школы, пасля беларускай ВНУ цяжка зразумець, што на пары можна хадзіць з задавальненнем, а не пад прымусам. Можна, нават, не хадзіць і рыхтавацца самастойна. Але ж, навошта губляць такую магчымасць паслухаць, падыскутаваць з цікавымі выкладчыкамі з розных краін. Навучанне было скіравана больш на самастойную працу да чаго яшчэ трэба прызвычаіцца.

Што самае важнае змог даць табе ўніверсітэт?
Дзве рэчы. Па-першае, гэта зусім іншы светапогляд за час вучобы і жыцця ў Вільні падчас сэсій. Па-другое, гэта нэтворкінг і сацыяльныя сувязі. Новыя знаёмствы, новыя кантакты моцна паўплывалі на далейшае жыццё, выбар дзейнасці ў Беларусі. У будучыні сам быў кліентам і карыстаўся паслугамі сваіх сакурснікаў і мае сакурснікі былі маімі кліентамі ў Беларусі.

Да таго ж — рэгулярныя сустрэчы выпускнікоў ЕГУ розных гадоў, якія ладзіліся ў Мінску ці Вільне заўжды дапамагалі пашырыць спіс карысных кантактаў.

Мая навуковая кіраўніца Святлана Андрэеўна Навумава пасля абароны магістарскай: «Вам будзе карысна магістарская ступень у вашай працы». Так і атрымалася. Я не марнаваў час. ЕГУ стаў значным фактарам у маім асабістым і прафесійным развіцці.

Як развівалася твая кар’ера пасля ЕГУ?
Што тычыцца профіля, адзначу, што дыплом ЕГУ ніяк не дапамог з працаўладкаваннем у Беларусі. У тыя часы навогул была частковая забарона і не прыняццё ЕГУшнага дыплома бяз розніцы на якой праграме ты вучыўся. І толькі праз некалькі год я стаў заўважаць, як выпускнікоў ЕГУ з задавальненнем забіралі да сябе бізнэс-кампаніі, асабліва айцішка. Так айцішка на 90…% працавала з усім светам і кампаніям былі патрэбныя сучасныя мазгі. Крэатыўныя, самастойныя і сучасныя супрацоўнікі, якія гатовыя былі да анлайн і афлайн падарожжаў і камунікацый з кліентамі і супрацоўнікамі па ўсім свеце, гатовыя крэатывіць , рызыкаваць і ствараць новыя прадукты. А гэтага так не хапала і не хапае выпускнікам беларускіх ВНУ.

У маім выпадку, на маю кар’еру паўплывалі сацыяльныя сувязі (я вучыўся у адной групе з Насцяй Хамянковай, будучай сузаснавальніцай групы кампаній БЕЛБІЗ). Дзякуючы Насце, мяне пачалі запрашаць да ўдзелу ў шэрагу праектаў кампаніі. А па факту я працаўладкаваўся ў кампаніію, бачыў на ўласныя вочы і непасрэдна ўдзельнічаў у запуску некалькіх буйных бізнэс ініцыятываў.

Што паўспрыяла на заснаванне EdCamp Belarus? Ці было цяжка?
У 2014 годзе мне прапанавалі далучыцца самому і далучыць Беларусь да Global Shapers Community. Гэта моладзевая ініцыятыва Сусветнага эканамічнага форуму. Так у жніўні 2015 года ў Жэневе на штогадовай сустрэчы куратараў пазнаёміўся з Аляксандрам Элькіным, куратарам Харкаўскага хаба. За два месяцы да нашага знаёмства Аляксандр правёў першы EdCamp Ukraine і распавёў пра такую сусветную ініцыятыву, місію, мэты і ўкраінскі досьвед.

Мяне зацікавіла ініцыятыва. Па вяртанні дамоў я падзяліўся з жонкай, сябрамі шэйперамі і калегамі з НДА ідэяй арганізацыі івента ў Беларусі. Атрымаў пэўную падтрымку. У красавіку 2016 і 2017 адмыслова ездзілі з жонкай у Харкаў каб уласнымі вачыма паглядзець на фармат і апантаных украінскіх настаўнікаў, пераканацца, што ініцыятыва патрэбная. У 2016 годзе ўдзельнічалі ў конкурсе сацыяльных праектаў — Social Weekend. Прайшлі навучанне. Дайшлі да фінала, дзе і арымалі першую падтрымку ад вядомага беларускага IT-прадпрымальніка Юрыя Мельнічка. У кастрычніку 2017 года правялі першую Нацыяльную (Не)канферэнцыю для школьных настаўнікаў EdCamp Belarus. 

Безумоўна, што арганізаваць было складана. Але ж у нас «гарэлі вочы» і ўсё атрымалася. Часткова нам было прасцей, бо наша каманда —  неабыякавыя беларусы і атрымалася так, што асноўны касцяк каманды працаваў у бізнэсе. Што нам дапамагло і дапамагае.  Як і ў бізнэсе — калі запускаеш новы прадукт — заўжды ёсць няўпэўненасць, рызыка. І працуючы ў бізнэсе мы ўсе разумелі тую рызыку, мы шукалі сваю аўдыторыю (кліентаў), партнераў, інвестыцыі. Да апошняга моманту ня ведалі ці каму ў Беларусі патрэбны гэты прадукт, апроч нас саміх. Адзін з партнераў называла «авантурай» нашу першую спробу (усміхаецца) У нас атрымалася і атрымоўваецца дагэтуль. Працуем у якасці хоббі дагэтуль, зарэгістравалі асобную Установу, павялічылі колькасць, фармат і разнастайнасць нашых актыўнасцей.

Ці адчуваеш цяжкасці ў развіцці ініцыятыў у сучаснай Беларусі?
Вось слова «сучасная» — гэта пасля жніўня 2020? У такім выпадку, адназначна так. Сітуацыя цалкам пагоршылася.

Калі казаць пра «мірны» час, так з аднаго боку працаваць станавілася прасцей.
Дзякуючы прасоўванню інтэрнэта і доступа да інфармацыі, наяўнасці паспяховых праектаў, зручных і камфортных месцаў для правядзення мерапрыемстваў розных фарматаў (у першую чаргу, ІМАГУРУ, калі казаць пра Мінск), ментарства,  інстытуцыянальнай падтрымкі, з’яўлення лакальных Фондаў і арганізацый фінансавай і экспертнай падтрымкі сацыяльных (і не толькі) праектаў. А гэта і Social Weekend, Праграмы IBB, Офіс за дэмакратычную Беларусь, Імёны, з’яўленне краўдфандынгавых пляцовак і г.д.

Асобна адзначу, пашырэнне моды ці прасоўванне «як норма» ў мысленні беларусаў супрацы, ментарства, мецэнацтва, фінансавай падтрымкі сацяльных праектаў.

З іншага боку, становіцца цяжэй, бо: 

  • беларусы і кампаніі не багацеюць, каб мець столькі ж ці павялічыць фінансавую падтрымку ініцыятываў і арганізацый;
  • ініцыятываў такая вялікая колькасць, што любы чалавек можа разгубіцца. Складваецца ўражанне, што дзяржава не выконвае свае сацыяльныя  функцыі і беларусы замест таго, каб патрабаваць ад дзяржавы выканання гэтых абавязкаў на нашыя ж падаткі, шукаюць іншыя шляхі для вырашэння сваіх праблем;
  • дагэтуль адсутнічаюць паўнавартасныя нацыяльныя офісы сусветных брэндаў у Беларусі. Значная частка беларускіх офісаў міжнародных кампаній, гэта толькі прадстаўніцтва Кіеўскага, Маскоўскага ці Варшаўскага офіса. То бок у Беларусі сусветны брэнд не мае рэсурсаў (людскіх, фінансавых) і экспертызы для падтрымкі чужых ці рэалізацыі ўласных сацыяльных праектаў. Мы можам чуць як той ці іншы сусветны брэнд падтрымоўвае такія та грамадскія кампаніі, ініцыятывы ў іншых краінах. Але ж не ў нас;
  • не хапае экспертызы ў мэнэджэраў беларускіх кампаній, гатовых аказваць падтрымку сацыяльным праектам і грамадскім кампаніям. Яны не ў стане вызначыць перспектыўныя і найбольш карысныя праекты для грамадства. Вельмі часта кампаніі падтрымоўваюць, што ім самім «баліць», што можна «памацаць рукамі» ці зрабіць больш якасных фотак;
  • беларускае заканадаўства скіравана на выкарыстанне спонсарскай дапамогі ўсё больш для «дзяржаўных» установаў. І, нават, калі кампанія пажадае падтрымаць сацыяльны праект — яна ня зможа, бо сацыяльны праект — гэта незарэгістраваная арганізацыя, а калі і зарэгістраваная, так не мае ў назве слова «дзяржаўная».

Ці ты сам удзельнічаеш ў іншых грамадскіх ініцыятывах?
Я сапраўды рэгулярна ахвярую частку свайго заробка на розныя грамадскія ініцыятывы, калі запрашаюць, з задавальненнем выступаю ў якасці ментара і раю іншых людзей. Раз я ўжо так працягла працую са школьнымі настаўнікамі — так і можна сказаць, што мой уласны прыарытэт — гэта адукацыйныя праекты. 

Якія ў цябе далейшыя прафесійныя планы?
У цяперашніх рэаліях немагчыма прадказаць, што будзе заўтра. Нажаль з-за палітычнага крызісу частка кампаній замарозіла свае актыўнасці на тэрыторыі Беларусі. Вялічэзная колькасць таленавітых спецыялістаў, экспертаў «часова» з’ехала з Беларусі, пэўныя кампаніі пераводзяць свае бізнэсы ў суседнія краіны. А гэта ўсё мае патэнцыйныя кліенты. Напрыклад, у снежні 2020 у мяне быў выпадак. Я праводзіў мерапрыемства ў Мінску. А калі пайшла інфармацыя, што беларускія ўлады зачыняюць межы, два маіх патэнцыйных спікера вырашыла выехаць з краіны пакуль было можна ў дзень правядзення мерапрыемства. Нажаль, зараз пры сустрэчы, пры сазвоне першае пытанне, якія задаюць беларусы: «Ты жывы, на свабодзе і ў Беларусі?». Асабіста я з’язджаць дакладна не жадаў ніколі і не жадаю. 

Якую параду ты б мог даць нашым студэнтам і абітурыентам ЕГУ?
Верце ў сябе і памятайце, што немагчымае — магчыма!

Дзякуй за размову.

Назад