Запланаванае на 20 лістапада 2023 года міжнароднае навукова-практычнае мерапрыемства накіравана на запрашэнне акадэмічнай супольнасці ЕГУ, універсітэтаў-партнёраў у Літве і іншых краінах да абмеркавання міжнародных стандартаў у галіне працоўных праваадносінаў (у тым ліку адукацыю і акадэмічныя даследаванні) з мэтай больш шырокага прымянення іх у практыцы рэалізацыі права на асацыяцыю, у тым ліку права на стварэнне прафсаюза.
ЕГУ рыхтуе спецыялістаў, многія з якіх імкнуцца ўнесці свой уклад у будучыню дэмакратычнай Беларусі. Крызіс прававой сістэмы Беларусі запатрабаваў рэакцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Меры абапіраюцца на арт. 33 Статута МАП і прымяняюцца да Беларусі ў тым ліку праз знішчэнне свабоды асацыяцыі і манапалізацыю прафсаюзнай дзейнасці з боку дзяржавы. Сёння ўрад краіны парушае свабоду асацыяцыі і прыватны бізнэс і абавязвае прыватныя кампаніі ствараць ячэйкі праўладнага прафсаюзу – ФПБ.
Як будзе і павінен развівацца прафсаюзны рух у Беларусі? Ці можа з’явіцца дэмакратычны прафсаюз у ЕГУ? Што азначае свабода асацыяцыі ў форме стварэння прафсаюзу для рэалізацыі іншых правоў – сацыяльных, эканамічных, грамадзянскіх? Ці можа прафсаюз абвясціць забастоўку? Чаму МАП падрыхтавала Канвенцыю аб забароне гвалту і дамаганняў на працоўным месцы? Ці можа яна прымяняцца ва ўніверсітэце і ці правільна мы разумеем тэрмін «харасмент»?
Мэты канферэнцыі:
- Ажыццявіць перагляд дзеючых міжнародных стандартаў і закрануць спрэчныя пытанні імплементацыі абавязацельстваў у сферы працоўных праваадносін, у тым ліку аспектаў права на забастоўку, прадухілення харасмента, стварэння і дзейнасці прафсаюзных арганізацый у цяперашняй сітуацыі і ў новай Беларусі, а таксама ва ўніверсітэтах.
- Абмеркаваць ролю грамадзянскай супольнасці ў падтрымцы рэалізацыі права на асацыяцыю, у тым ліку права на стварэнне прафсаюза ў адпаведнасці з заканадаўствам Літвы: на нацыянальным узроўні або на ўзроўні ЕГУ па ініцыятыве студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў.
- Павысіць упэўненасць у важнасці выканання правоў і годнасці асобы, прыхільнасці прынцыпу празрыстасці, дэмакратычнага ўдзелу і вырашэння спрэчак у працоўных і прафесійных калектывах на падставе прынцыпу вяршэнства права, дзеючых міжнародных стандартаў (у т.л. Канвенцыі МАП С087 «»Аб свабодзе асацыяцый і абароне права аб’ядноўвацца ў прафсаюзы», С111 «Аб дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў», 190 «Аб выкараненні гвалту і дамаганняў у сферы працы» і інш.) і з удзелам аб’яднанняў, у тым ліку прафсаюзаў.
Арганізатары Канферэнцыі ўпэўненыя, што бягучая крызісная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі павінна матываваць нас, студэнтаў і выкладчыкаў, актыўна выкарыстоўваць свае правы і свабоды, у тым ліку права на свабоду аб’яднання ў прафсаюз, у тым ліку для таго, каб атрымаць досвед дэмакратычнага ўдзелу ў кіраванні краінай у будучыні.
Па выніках канферэнцыі плануецца прыняць сумесную заяву ўдзельнікаў канферэнцыі.
Праграма канферэнцыі даступная па наступных спасылках:
- па-ангельску
- на беларускай мове
- на рускай