Леў Навумавіч Клейнбарт (1875-1950) — ураджэнец мястэчка Капыль Слуцкага павета Мінскай губерні, публіцыст, журналіст, літаратар, крытык. Даклад быў заснаваны на вывучэнні матэрыялаў яго асабістага архіва, які захоўваецца ў Цэнтральным архіве гісторыі яўрэйскага народа ў Ерусаліме. Жыццё і творчасць Льва Клейнборта разглядаюцца на фоне гістарычных працэсаў у Расійскай імперыі і Савецкай дзяржаве. Асаблівае значэнне ў дакладзе надаецца гісторыі мястэчак, у прыватнасці, Капыля, які вядомы як радзіма класіка літаратуры на ідышы Мендэле Мойхер-Сфорыма, педагога і публіцыста Абрама Паперны.
Некаторыя факты біяграфіі Льва Клейнборта (напрыклад, прыняцце праваслаўя) і творчасці (яго фундаментальнае даследаванне «Маладая Беларусь: Нарыс сучаснай беларускай літаратуры: 1905-1928 гг.») дазваляюць інтэрпрэтаваць яго спадчыну у кантэксце культурнага «памежжа». Гэтае паняцце выкарыстоўваецца беларускімі філосафамі Сямёнам Падокшыным і Уладзімірам Конанам для раскрыцця дзейнасці некаторых гістарычных асоб эпохі Адраджэння і Асветніцтва, якія сінтэзавалі ў сваёй творчасці дасягнення Усходу і Захаду. У дадзеным даследаванні гаворка ідзе аб культурным «памежжы» эпохі нацыяналізмаў: творчых кантактах паміж прадстаўнікамі яўрэйскай, расійскай, беларускай інтэлігенцыі ў канцы XIX – першай трэці XX стагоддзяў.