ЕГУ ўмацоўвае сувязі ў галіне беларусістыкі: д-р Уладзіслаў Іваноў з візітам у Варшаўскім універсітэце ў межах праграмы Erasmus+

З 7 па 13 красавіка 2025 года ў межах праграмы Erasmus+ Уладзіслаў Іваноў, дацэнт Дэпартамента сацыяльных навук і старэйшы даследчык Цэнтра гендарных даследаванняў ЕГУ, наведаў Катэдру беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Падчас візіту д-р Іваноў прачытаў цыкл лекцый на тэмы «Беларуская інклюзіўная мова, часткі 1 і 2» і «Фемінізацыя назваў прафесій у сучаснай беларускай мове». Таксама ён узяў удзел у семінары для студэнтаў магістарскай праграмы па беларусістыцы, дзе кансультаваў у галіне гендарнай лінгвістыкі.

Акрамя таго, д-р Іваноў выступіў на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі», якая праходзіла 7 красавіка на Катэдры беларусістыкі. Яго даклад меў назву «Мужчынскі род як “агульны” або “узагальнены” ў беларускай мове: сацыялінгвістычныя заўвагі».

Гэты візіт стаў чарговым крокам у развіцці плённага і перспектыўнага супрацоўніцтва паміж Варшаўскім універсітэтам і ЕГУ — двума вядучымі цэнтрамі беларусістыкі па-за межамі Беларусі.

Назад

Галерэя