Другі нумар альманаха — гэта не толькі хроніка, але і лабараторыя сэнсаў. На скрыжаванні краін, моў і лёсаў узнікаюць гісторыі пра пошук сябе, выжыванне і творчы супраціў.
Асноўная ўвага ў нумары накіраваная на тых, хто, пакінуўшы родны дом, захоўвае і трансфармуе культурныя коды. Яніс Павілайціс даследуе гэты працэс праз інтэрв’ю з дзвюма рэжысёркамі імправізацыйнага фізічнага тэатра і дзеліцца ўласным досведам перажывання зменаў. Чатыры студэнцкія эсэ, уключаныя ў альманах, — гэта пранікнёныя разважанні пра пераезд, творчасць і страчаную радзіму, якую цяпер замяняе сцэна.
Матэрыялы Ганны Карняюк і Ліны Крывіцкай ствараюць своеасаблівы архіў беларускага тэатра ў эміграцыі — ад канферэнцый і лабараторый да мастацкіх калабарацый. Ірына Лаппо заглядвае за кулісы польскіх і нямецкіх тэатральных ініцыятыў, фіксуючы змены рэпертуару, дзе ёсць месца як дакументальным драмам, так і асэнсаванню фальклору і гістарычнай спадчыны.
Складаныя лёсы людзей тэатра і цэлых труп адлюстраваныя ў артыкулах Аллы Шэндэровай і Сяргея Мікалаевіча: ад вымушанага творчага выгнання таджыкскага рэжысёра Барзу Абдураззакава да трагічнай гісторыі знішчэння латышскага тэатра Skatuve у СССР. Цікавасць да мінулага стваральнікі альманаха спалучаюць з увагай да сучаснасці: Ліза Кешышава распавядае пра новыя тэатральныя ініцыятывы ў Тбілісі, Станіслава Веніямінава апісвае жыццё дзяржаўных тэатраў сучаснай Беларусі, а п’еса Марыі Бяльковіч пагружае чытача ў пошукі гістарычнай памяці і нацыянальнай самасвядомасці адразу на трох мовах — беларускай, украінскай і іўрыце.
Прэзентацыя нумара адбудзецца 27 студзеня ў 18:00 у галоўным корпусе ЕГУ.
Запрашаем далучыцца афлайн (Savičiaus g. 17, аўд. 303, уваход вольны) і анлайн (спасылка для рэгістрацыі анлайн-удзельнікаў).
У прэзентацыі прымуць удзел галоўная рэдактарка альманаха Алла Шэндэрава, намесніца галоўнай рэдактаркі Ксенія Князева, акцёр Уладас Багдонас, крытык Алена Ліопа, куратар праграмы «Тэатральнае мастацтва і акцёрская ігра» Аляксандр Марчанка і іншыя аўтары і героі гэтага нумара. Мадэратарка сустрэчы — Наталля Валанцэвіч.