Адметнай рысай Прыёмнай кампаніі 2016 года стала магчымасць паступлення ў межах дадатковага набора, які працягваўся з 25 ліпеня па 11 жніўня. Дзякуючы такому рашэнню адукацыйныя магчымасці ўніверсітэта сталі яшчэ больш адкрытымі для абітурыентаў з Беларусі і Усходняй Еўропы.
Па агульных выніках Прыёмнай кампаніі ЕГУ атрымаў 308 анкет абітурыентаў. У выніку ўступных іспытаў і матывацыйных сумоўяў 264 абітурыенты былі рэкамендаваныя да залічэння, што на 17,4% вышэй за паказчыкі 2015 года. 230 з рэкамендаваных абітурыентаў з’яўляюцца грамадзянамі ці сталымі рэзідэнтамі Беларусі, 69,1% з якіх пачнуць навучанне ў ЕГУ на бясплатнай аснове ці са зніжкай.
Станоўчай тэндэнцыяй таксама з’яўляецца высокі ўзровень акадэмічнай падрыхтоўкі абітурыентаў, які паступілі ў межах дадатковага набора. Сёлета акадэмічны рэйтынг абітурыентаў дадатковага набора склаў 8,04 бала.
Гэтаксама варта адзначыць сталы рост зацікаўленасці да навучальных праграм ЕГУ з боку літоўскіх абітурыентаў. Па выніках Агульнага прыёма ў вышэйшыя школы Літвы (LAMA BPO) 10 выпускнікоў літоўскіх школ пачнуць навучанне ў ЕГУ, што істотна вышэй, чым у папярэднія гады.
Заяўкі на праграму Падрыхтоўчага года ЕГУ у Вільні і Мінску прымаюцца да 9 верасня.
Набор у дактарантуру па накірунку «Філасофія» адбываецца да 26 верасня.
Новы акадэмічны год у ЕГУ пачнецца 3 кастрычніка.