ЕГУ прымае меры па забеспячэнні прафесійнай этыкі і транспарэнтнасці

У сувязі з нядаўнімі заявамі ў адрас выкладчыка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Сяргея Сялецкага, якія змяшчаюць указанні на меркаваныя парушэнні прафесійнай этыкі педагагічных зносін, уключаючы скаргі на некарэктныя звароты і непрымальныя паводзіны, ЕГУ лічыць неабходным паведаміць наступнае.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт выказвае глыбокую занепакоенасць і шкадаванне адносна сітуацыі, звязанай з пытаннем пра прафесійныя паводзіны аднаго са сваіх выкладчыкаў.

За перыяд працы Сяргея Сялецкага ў Еўрапейскім гуманітарным ўніверсітэце ў Камісію па акадэмічнай этыцы ЕГУ ў 2022 годзе паступаў зварот, звязаны з магчымым парушэннем з боку выкладчыка ў адпаведнасці з Кодэксам акадэмічнай этыкі ЕГУ. Камісія не знайшла пацвярджэнняў выкладзеным у звароце абставінам.

У верасні 2023 г. напярэдадні выставы Сяргея Сялецкага ў публічнай прасторы з’явіліся скаргі і абвінавачванні ў дачыненні да выкладчыка. ЕГУ ўспрымае іх вельмі сур’ёзна і лічыць за неабходнае правесці ўнутраную праверку ўсіх абставін.

Скаргі аб парушэннях акадэмічнай этыкі разглядае Камісія па акадэмічнай этыцы, якая дзейнічае ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам Літоўскай Рэспублікі. Камісія таксама прымае прапановы па ўдасканаленні Кодэкса акадэмічнай этыкі ЕГУ. Члены акадэмічнай супольнасці маюць магчымасць звяртацца ў вышэйстаячы орган – да Кантралёра па акадэмічнай этыцы і працэдурах Літоўскай Рэспублікі.

Улічваючы ўразлівае становішча заяўнікаў і адчувальнасць кейсаў, звязаных з парушэннямі прафесійнай этыкі, ЕГУ разгледзіць магчымасць прыняцця дадатковых мер па забеспячэнні канфідэнцыйнасці і абароне інтарэсаў заяўнікаў. Магчымасць разгляду ананімных зваротаў забяспечыць правядзенне справядлівага і бесстаронняга расследавання кожнага выпадку парушэння прафесійнай этыкі.

У 2023/2024 навучальным годзе ЕГУ правядзе цыкл навучальных мерапрыемстваў і семінараў для ўніверсітэцкай супольнасці з мэтай павышэння дасведчанасці пра стандарты прафесійнай этыкі і правілы паводзін у навучальным і працоўным асяроддзі.

ЕГУ нагадвае аб магчымасці індывідуальных псіхалагічных кансультацый. Для атрымання падтрымкі і дапамогі ў крызісных сітуацыях можна звярнуцца: alena.vasilyeva-padabed@ehu.lt, Telegram – @psychologistEHU.

Універсітэт застаецца адкрытым для дыялогу і супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі бакамі, і мы спадзяемся, што вырашэнне гэтай сітуацыі будзе заснавана на справядлівасці і аб’ектыўнасці. Наша мэта – падтрымліваць і садзейнічаць развіццю адукацыі і культуры, прытрымліваючыся еўрапейскіх стандартаў акадэмічнай этыкі і прафесійных паводзін.

Назад