Гэты маштабны праект з’явіўся вынікам супрацоўніцтва Германскага фонду Маршала ЗША, Тэатра Максіма Горкага ў Берліне і праграмы “Тэатральнае мастацтва і акцёрская ігра” ЕГУ пры падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі і арганізаваны для абмену думкамі аб сацыяльна-палітычных кантэкстах Беларусі, Украіны і Расіі. Праект заснаваны на рэальных гісторыях сучасных актывістаў і прысвечаны гістарычнай, калектыўнай і асабістай памяці.
З прывітальным словам выступілі галоўны драматург і намеснік дырэктара па мастацкіх пытаннях Ёханэс Кірстэн, дырэктарка Берлінскага офіса Германскага фонду Маршала ЗША Суда Дэвід-Вілп і рэктар ЕГУ д-р Вілюс Шадаўскас. Яны падкрэслілі важнасць праекта для свабоднага выказвання аб сучасных сацыяльна-палітычных кантэкстах краін Усходне-Еўрапейскага рэгіёна.
Вынікам праекта сталі 4 сцэнічныя чытанні ад драматургаў і рэжысёраў трох краін.
У п’есе I’ll huck you, Dictator беларускага драматурга Мікіты Ільінчыка ўздымаецца тэма дзейнасці сучасных беларускіх кіберпартызан. Гэта вельмі закрытая супольнасць, чальцы якой і самі адзін з адным незнаёмыя, вядуць ананімную валанцёрскую працу па дэаноне прыспешнікаў рэжыму. Праз паралелі з партызанскім рухам Другой сусветнай вайны звязваецца мінулае і сучаснасць Беларусі.
У п’есе Map of visible zones украінскай драматургіні Ірыны Серабраковай таксама ідзе гаворка пра негвалтоўную барацьбу і жаночы супраціў, якія разгарнуліся на акупаваных тэрыторыях Украіны. Гераіні п’есы называюць сябе Маўкамі ў гонар фальклорных лясных прыгажунь, якія па легендзе жорстка разбіраюцца з тымі, хто без дазволу ўрываецца на іх тэрыторыю. Яны і даносяць акупантам думку аб тым, што ім тут не рады, распаўсюджваючы ўлёткі, налепкі, завязваючы стужачкі колераў украінскага сцяга.
У беларускай п’есе The Last Witness [of old Grodno] раскрываецца тэма актывісцкай дзейнасці незалежнай журналістыкі ў сённяшняй Беларусі. Твор заснаваны на рэальнай гісторыі журналіста, які фіксаваў успаміны жыхароў аб жыцці ў Гародні ў розныя эпохі і публікаваў кнігі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ён спрабаваў паказаць тое, што насамрэч адбываецца ў родным горадзе, і заплаціў жорсткую цану за свой грамадзянскі ўдзел у палітычных падзеях. У сцэнічным чытанні таксама быў зроблены акцэнт на тым, як важна захоўваць памяць і змагацца за праўду ва ўмовах таталітарызму.
П’еса Ultimate Russian Protest Guide. Deluxe golden Edition (extended version), напісаная расіянкай Электрай Лібертэ і пастаўленая Машай Сапіжак таксама распавядае пра тое, як дзейнічаюць унутры краіны тыя, хто не згодны з пуцінскім рэжымам: нехта адкрыта выказваецца, нехта вядзе ананімную дзейнасць. У творы ўздымаюцца важныя праблемы пераасэнсавання расіянамі сваёй гісторыі.
Падчас дыскусій пасля праглядаў самі ўдзельнікі і гледачы падкрэслівалі, як важна казаць пра рэаліі ў сваіх краінах, не замыкацца на ўласных праблемах і падтрымліваць тых, хто мае падобныя погляды і смела змагаецца за дэмакратычныя і агульначалавечыя прынцыпы.
У цэлым праект прадэманстраваў, як ЕГУ, які мае 20-гадовы досвед у выгнанні, творчымі сродкамі вырашае праблемы нашага часу як у Беларусі, так і для беларусаў, якія працягваюць сваё актыўнае сацыяльнае жыццё за мяжой, і ўмацоўвае сувязі з грамадзянскай супольнасцю Беларусі і Еўропы.