ЕГУ адзначыў 25-годдзе ў новым навучальным корпусе ў гістарычным цэнтры Вільні

Фота: Kilimas Arts

17 лістапада ў Вільні адбылася ўрачыстая цырымонія з нагоды 25-годдзя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). Мерапрыемства прайшло ў новым навучальным корпусе ЕГУ — у будынку былога Аўгустынскага кляштара. Павіншаваць акадэмічную супольнасць ЕГУ прыехалі высокапастаўленыя госці з Літвы і іншых стран Еўрапейскага саюза.

Пасля свайго заснавання ў Мінску ў 1992 годзе ЕГУ быў вымушаны пакінуць Беларусь і працягнуць сваю працу ў Вільні, што стала магчымым дзякуючы падтрымцы Літвы і Еўрапейскага саюза. За ўсе годы свайго існавання ўніверсітэт скончыла 3044 выпускнікі. Большасць з іх жывуць і працуюць у Беларусі. У лістападзе 2017 года рашэннем Урада Літвы ўніверсітэт атрымаў новы навучальны будынак у Старым горадзе Вільні ў былым Аўгустынскам кляштары. Першым мерапрыемствам у новым доме ЕГУ стала Цырымонія з нагоды 25-годдзя ўніверсітэта. Цырымонія была арганізаваная сумесна з партнёрам ЕГУ — Фондам імя Конрада Адэнаўэра, Беларускае аддзяленне якога таксама адзначыла сваё 10-годдзе.

«25 гадоў таму, калі быў заснаваны ЕГУ, мы былі ўпэўненыя, што наша праца і місія будуць судзейнічаць росту якасці вышэйшай адукацыі і дэмакратызацыі беларускага грамадства. Тым не менш, тая посттаталітарная рэальнасць, ва ўмовах якой існаваў ЕГУ, была не гатовая да зменаў. І негледзячы на гэта, ЕГУ працягвае існаваць сёння, што кажа пра жыццяздольнасць і важнасць нашай місіі», — адзначыў ва ўступнай прамове Прэзідэнт ЕГУ акад. Анатоль Міхайлаў, па ініцыятыве якога ЕГУ быў утвораны і існуе дагэтуль.

З прывітальным словам да гасцей цыромоніі звярнуліся старшыня Рыксдага (Парламента) Швецыі Урбан Алін, а таксама кіраўніца дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Беларусі амбасадар Андрэа Віктарын.

«Місія Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта асабліва істотная, бо гэтая ўстанова развівае альтэрнатыўны спосаб мыслення студэнтаў, судзейнічае ўмацаванню грамадзянскай супольнасці і дэмакратызацыі Беларусі. Больш за тое, ЕГУ судзейнічае міжкультурнаму дыялогу ў шматнацыянальнай прасторы Вільні», — падкрэсліў у сваёй прамове чалец Сейма Літвы і сігнатар Акта аб аднаўленні незалежнасці Літвы Эмануэліс Зінгерыс, які напрацягу доўгіх год з’яўляецца сябрам ЕГУ. Павіншаваць ЕГУ прыехалі і іншыя вядомыя літоўскія палітыкі і дыпламаты, у тым ліку былы прэм’ер-міністр Андрус Кубілюс, чалец Сейма д-р Мантас Адаменас, амбасадары Ёнас Паслаўскас, Эйтвідас Баярунас, Дэйвідас Матулёніс, Андрус Пулокас і іншыя.

Падчас Цырымоніі старшыня Сената ЕГУ прафесар-эмерыт Рыгор Мінянкоў аб’явіў аб рашэнні Сената ўніверсітэта прысвоіць ступень Ганаровага доктара старшыні Фонда імя Конрада Адэнаўэра д-ру Хансу-Герту Пётэрынгу і прэзідэнту Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў д-ру Джонатану Фэнтану. «Фонд імя Конрада Аденаўэра супрацоўнічае з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам на працягу многіх год, і за гэты час была арганізаваная вялікая колькасць сумесных пректаў, курсаў і публікацый. Місія ЕГУ надзвычай істотная для Беларусі. Я з цеплынёй узгадваю свае сустрэчы са студэнтамі ЕГУ у Еўрапейскім парламенце і нашыя з імі дыскусіі. Для мяне вялікі гонар быць узнагароджаным званнем Ганаровага доктара ЕГУ», — адзначыў д-р Пётэрынг падчас сваёй лекцыі перад гасцямі мерапрыемства.

З віншавальнай прамовай ад імя выкладчыцкага складу выступіў беларускі пісьменнік і публіцыст, дацэнт Віктар Марціновіч. Па яго словах: «ЕГУ стаў для мяне — і шэрага іншых забароненых у Беларусі літаратараў і даследчыкаў — той пляцоўкай, якая дазваляе быць убачанным і пачутым ў беларускай і еўрапейскай прасторы».

Таксама да гасцей Цырымоніі звярнуліся прадстаўнікі мінскага і віленскага пакаленняў выпускнікоў ЕГУ — лідар вядомага беларускага музычнага гурта J:Морс Уладзімір Пугач і актывістка недзяржаўнага сектара Гомеля Аляксандра Лазаранка. Адзначаючы важнасць місіі ўніверсітэта для Беларусі, Уладзімір Пугач падкрэсліў, што «ЕГУ дае ўнікальныя веды і здольнасць мысліць крытычна і творча, быць гнуткім і ўвесь час вучыцца чамусьці новаму, што сёння неверагодна важна для паспяховай кар’еры».

Акрамя таго, на Цырымоніі былі адзначаныя дасягненні прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці ЕГУ перад універсітэтам. Выкладчыкі ды супрацоўнікі адміністрацыі атрымалі ганаровыя дыпломы Laudatio і Laudatio Magnum.  

Падчас прыёма з нагоды 25-годдзя ЕГУ і 10-годдзя Беларускага аддзялення Фонда імя Конрада Адэнаўэра, які прайшоў пасля завяршэння афіцыйнай цырымоніі, студэнты ЕГУ выканалі для ўдзельнікаў цырымоніі перфомансы, у стварэнні якіх ім дапамагаў лектар Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ і вядомы літоўскі рэжысёр Эрвінас Каршуновас. Госці Цырымоніі гэтаксама азнаёміліся з выставамі 25 лепшых графічных прац студэнтаў ЕГУ і 25 фотаздымкаў з гісторыі ўніверсітэта.

Назад

Галерэя