ЕГУ заклікае да салідарнасці са студэнтамі і выпускнікамі, пацярпелымі ад уладаў Беларусі

Напярэдадні Дня волі ў Беларусі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт заклікае да салідарнасці з усімі, хто падвергнуўся рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў: быў незаконна арыштаваны або ўтрыманы, несправядліва асуджаны, звольнены або выключаны з навучальнай установы за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі.

Супольнасць беларускага ўніверсітэта ў выгнанні заклікае да салідарнасці з тымі, хто перажыў або стаў сведкам катаванняў падчас утрымання пад вартай; з тымі, хто падвергнуўся маральнаму, фізічнаму, эканамічнаму або іншым формам ціску; быў разлучаны са сваімі блізкімі, а таксама з усімі беларусамі, якія мірна змагаюцца за свае правы.

25 сакавіка 1918 года ў Мінску была прынятая III Устаўная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі, якая адзначыла нараджэнне незалежнай Беларусі. З тых часоў беларусы ва ўсім свеце адзначаюць 25 сакавіка як Дзень Волі, які з’яўляецца адлюстраваннем еднасці беларускага народа ў яго імкненні да незалежнасці і дэмакратыі, самавызначэння і нацыянальнай ідэнтычнасці, грамадзянскай згоды і свабоды.

Нягледзячы на тое, што сёння Беларусь з’яўляецца незалежнай дзяржавай, беларускі народ зусім не свабодны, паколькі ён пазбаўлены права на базавыя свабоды, захаванне якіх гарантуецца Канстытуцыяй краіны: свабоды сходаў, свабоды слова, свабоды поглядаў і перакананняў, свабоды творчасці і выбарчага права.

З пачатку пратэстаў у жніўні было затрымана больш за 30 000 чалавек, многія з іх дагэтуль знаходзяцца пад вартай. На сённяшні дзень палітычнымі вязнямі прызнана 298 чалавек, і гэтая лічба працягвае расці.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі былі затрыманыя 48 студэнтаў і выпускнікоў ЕГУ. Пяцёра з іх дагэтуль застаюцца ў зняволенні:

  • Марыя (Марфа) Рабкова, палітзняволеная, студэнтка трэцяга курса праграмы «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза», была затрыманая ў Мінску 17 верасня 2020 г. i будзе знаходзіцца пад арыштам як мінімум да 17 чэрвеня. Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Вы можаце падтрымаць Марфу, даслаўшы ёй ліст па адрасе: СІЗА № 1 (Мінск), вул. Валадарскага д. 2, 220030, Мінск, Беларусь;
  • Акіхіра Гаеўскі-Ханада, палітзняволены, студэнт другога курса праграмы «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза», быў затрыманы 12 жніўня 2020 г. Вядома, што пасля затрымання яго жорстка збілі. Вы можаце падтрымаць Акіхіра Гаеўскага-Ханада, даслаўшы яму ліст па адрасе: СІЗА № 1 (Мінск), вул. Валадарскага д. 2, 220030, Мінск, Беларусь;
  • Мікалай Дзядок, палітзняволены, выпускнік ЕГУ 2019 г., былі затрыманы 12 лістапада 2020 г. За час знаходжання пад вартай здароўе Мікалая моцна пагоршылася, яго пастаянна пераводзяць з адной камеры ў іншую. Мікалаю пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Вы можаце падтрымаць Мікалая Дзядка, даслаўшы яму ліст па адрасе: СІЗА № 1 (Мінск), вул. Валадарскага д. 2, 220030, Мінск, Беларусь;
  • Уладзімір Малахоўскі, палітзняволены, выпускнік ЕГУ 2013 г., быў затрыманы ў Віцебску 13 верасня 2020 г. 1 сакавіка Уладзімір быў асуджаны да 3,5 гадоў пазбаўлення волі і штрафу за меркаваны гвалт ці пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Вы можаце падтрымаць Уладзіміра Малахоўскага, даслаўшы яму ліст па адрасе: СІЗА № 2, вул. Гагарына д. 2, 210026, Віцебск, Беларусь;
  • Ігар Барысаў, выпускнік ЕГУ 2008 г., лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) быў затрыманы ў Мінску 21 сакавіка на вачах у жонкі і чатырохгадовага дзіцяці, а на наступны дзень асуджаны на 15 сутак турэмнага зняволення. Раней у гэтым месяцы БСДП была адной з трох арганізацый, якія падпісалі і падалі заяўку на правядзенне шэсця і канцэрта ў Дзень Волі ў органы ўлады Мінска. Вы можаце падтрымаць Ігара Барысава, даслаўшы яму ліст па адрасе: ЦІП Акрэсціна, 1-ы зав. Акрэсціна, д. 36, 220089 Мінск, Беларусь.

ЕГУ паўторна патрабуе ад уладаў Беларусі вызвалення ўсіх несправядліва затрыманых і асуджаных грамадзянаў, захавання нормаў Канстытуцыі і міжнародных абавязкаў у дачыненні да вяршэнства закона ды павагі грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць, партнёраў і донараў універсітэта спрычыніцца да працэсу аднаўлення прававой сістэмы і павагі да правоў чалавека ў Беларусі; аказваць падтрымку ахвярам рэпрэсій з боку ўладаў і рабіць усё магчымае для пераадолення палітычнага крызісу ў краіне.

ЕГУ рашуча выступае супраць беспакаранасці, якая падтрымліваецца дзяржавай, сістэматычнага адмаўлення асноўных чалавечых свабодаў, неправамерных арыштаў і затрыманняў, любых формаў гвалту супраць пратэстоўцаў, запалохвання членаў апазіцыі, журналістаў і праваабаронцаў у Беларусі і ва ўсім свеце.

Назад

Галерэя