In memoriam праф. Аляксандр Талстой

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) з душэўным смуткам паведамляе аб смерці прафесара Аляксандра Талстога, першага дэкана Франка-беларускага факультэта палітычных навук і праблем еўрапейскай інтэграцыі, які працаваў у ЕГУ ў Мінску з моманту яго заснавання да 2001 году.

Прафесар Талстой быў адным з заснавальнікаў унікальнага факультэта, які спраўджваў стандарты францускай паліталагічнай адукацыі ў Беларусі. Менавіта дзякуючы ягоным заслугам на факультэце стала магчыма выкладанне па-французску з запрашэннем вядомых прафесараў і аўтарытэтных даследчыкаў, а таксама ўкараненне новай акадэмічнай традыцыі ў вышэйшую адкукацыю. За час існавання факультэта не было такога выпускніка, які не прайшоў бы праз курсы праф. Талстога і з рознай паспяховасцю не набыў частку багатай і невычэрпнай культуры гуманітарных ведаў, носьбітам якіх ён зьяўляўся. На ягоных асабістых харызматычных якасцях будаваўся і развіваўся факультэт, структура зносінаў, парадыгмы ведаў аб Беларусі і метадалогіі даследаванняў выпускнікоў.

У ЕГУ ў Мінску праф. Талстой заўсёды займаў асобную нішу – і бяспрэчнага лідара, і аўтарытэтнага настаўніка, і зацятага суперніка ў барацьбе за якасць адукацыі і прасоўвання еўрапейскай акадэмічнай культуры. Дзякуючы такой устойлівай прафесійнай пазіцыі шмат генерацыяў выпускнікоў факультэта набылі неабходныя якасці і кампэтэнцыі, як для паспяховай акадэмічнай кар’еры ў Францыі, так і для актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасці ў Беларусі. Выпускнікі факультэта і вучні прафесара Талстога працягваюць ягоную місію ў галіне еўрапеізацыі адукацыі ў Беларусі і захоўваюць пераемнасць паміж генерацыямі «мінскага» і «віленскага» ЕГУ. Выпускнікі Франка-беларускага факультэта, калегі сябры і вучні смуткуюць з нагоды непапраўнай страты і выказваюць свае спачуванні сям’і праф. Аляксандра Талстога.

Назад