Серыя вебінараў пабудавана так, каб правесці ўдзельні_ц праз абмеркаванне тэм цела і клопату, структурнай няроўнасці, інфраструктур прыгнёту да пераасэнсавання магчымых практык салідарнасці.
Выраз «Крохкія сувязі» мы запазычылі з кнігі Сары Ахмет «Жыць фемінісцкім жыццём». Ён падкрэслівае супярэчлівы характар нашага калектыўнага досведу: прынцыповую сумеснасць і салідарнасць з аднаго боку, і крохкасць і адзіноту – з іншага.
Гэтая праграма накіравана на даследаванне крохкасці нашых сувязяў і магчымасцей для салідарнасці і супраціву ў сучасным свеце.
Больш iнфармацыi: https://www.wintech.me/fragile
Куратаркi праграмы: Антаніна Сцебур і Надзея Карпенка
10 снежня, 18:30
Бояна Пежыч. Пра гігіенічную ўяўнасць: пасляваенны досвед і Hausputz
У сваёй лекцыі Бояна Пежыч разгледзіць працы трох жанчын-мастачак, якія нарадзіліся ў сацыялістычнай Югаславіі — Марыны Абрамавіч, Маі Баеўіч і Алкеты Джафа-Мрыпу. У сваіх працах, што асэнсоўваюць югаслаўскія войны 1990-х, мастачкі выкарыстоўваюць прыём, які аўтарка называе «гігіенічная ўяўнасць».
Гэтыя працы адказваюць на страты — чалавечых жыццяў, шматэтнічнай дзяржавы — і асабістых трагедый жанчын, што сталі ахвярамі сексуальнага гвалту падчас вайны. Мастачкі звяртаюцца да вобразаў хатняй працы: выкарыстанне гаспадарчага мыла для мыцця костак (Абрамавіч), мыццё ручнікоў з палітычнымі лозунгамі (Баеўіч) і публічная дэманстрацыя «вымытай бялізны» ахвяр гвалту (Джафа-Мрыпа).
Пежыч таксама разважае над пасляваенным феноменам Hausputz (ачысткі дома), які сімвалізаваў маральную і нацыянальную «ачыстку» ў Еўропе пасля 1945 года. Пытанні «гігіенічнага імпульсу» і «ачышчэння» праявіліся ў палітыцы, культуры і побыце, дзе жанчыны былі вымушаныя выконваць хатнюю працу як частку «афектыўнай працы».
Сустрэча пройдзе на англійскай мове з перакладам на рускую/беларускую.
Бояна Пежыч — мастацтвазнаўца і куратарка. Яна з’яўляецца адной з ключавых даследчыц перасячэння мастацтва і палітыкі. Пежыч была куратаркай праектаў After the Wall і Gender Check. Сярод яе даследчых прац — публікацыі і рэдактарская дзейнасць, у тым ліку зборнік Gender Check: Art and Theory in Eastern Europe – A Reader (2010). У 2022 годзе яе ўнёсак быў адзначаны прэміяй Igor Zabel Award у галіне мастацтва і культуры.
____________________________
17 снежня, 18:30
Эгле Амбрасаітэ. Гендэрныя механізмы савецкай сацыялістычнай біяпалітыкі ў познесацыялістычным і раннепостсацыялістычным Жэйміяй: практыкі рэгулявання і (жаночага) супраціву
Лекцыя прысвечана даследаванню гендэрных механізмаў біяпалітыкі ў познесавецкі і раннепостсавецкі перыяд на прыкладзе мястэчка Жэйміяй у Літве. Эгле Амбрасаітэ абапіраецца на матэрыялы сваёй кандыдацкай дысертацыі, каб раскрыць, як праз працу, рэпрадукцыю ды інтымнасць у паўсядзённым жыцці актывізаваліся гендэрныя механізмы ў рэгіянальным кантэксце. У цэнтры ўвагі — пераасэнсаванне і разбурэнне стэрэатыпнага ўяўлення пра сацыялістычнае і постсацыялістычнае жыццё ў Літве, вывучэнне практык рэгулявання, супраціву і разнастайнасці жаночага досведу ў гэтыя перыяды.
Сустрэча пройдзе на англійскай мове з перакладам на рускую/беларускую.
Эгле Амбрасаітэ — мастачка, незалежная куратарка і даследчыца, якая працуе ў Жэйміяй (Літва), Будапешце (Венгрыя), Берліне (Германія) і Нью-Ёрку (ЗША). Яна з’яўляецца дырэктаркай Aikas Žado Association і куратаркай Aikas Žado Laboratory — калектыўнай некамерцыйнай установы сучаснага мастацтва, размешчанай у маёнтку Жэйміяй (Літва). У сваёй мастацкай, куратарскай і тэарэтычнай дзейнасці Эгле звяртаецца да тэм матэрыяльнасці, цялеснасці, любові і аздараўлення, выкарыстоўваючы дэкаланіяльную і афектыўную тэорыі, крытычныя даследаванні інваліднасці, негуманістычную думку і цёмную экалогію.
_____________________
8 студзеня 18:30
Яна Санько. Гендэраваны досвед вымушанай міграцыі пад перасячэннем некалькіх позіркаў
Уцякаючы ад пераследу ў Беларусі за мяжу, мы не толькі перамяшчаемся ў прасторы фізічна, але і вандруем праз розныя бюракратычныя і лічбавыя сістэмы. Падчас гэтага падарожжа, мы можам адчуваць на сабе больш за адзін позірк, які адсочвае, ацэньвае і класіфікуе нашы паводзіны. Чые гэта позіркі і якія за імі намеры?
Мая прэзентацыя базуецца на этнаграфічным даследаванні досведу палітычных уцякач:ак з Беларусі, якія апынуліся ў Літве. Гэта аналіз таго, як людзі могуць па-рознаму разумець і (не) даваць рады перасячэнням розных сістэм назірання. Важна разумець, як розныя формы ўразлівасці могуць уплываць на стаўленне да назірання, робячы яго варожым ці жаданым. У прыватнасці я буду гаварыць пра спецыфіку жаночага досведу ва ўцякацкіх прасторах. Таксама я закрану тэму псіхалагічнай дапамогі і таго, як такая дапамога бывае часткай сістэмы назірання, у якой мігранты разглядаюцца як так званыя «няпоўныя суб’екты».
Многае з таго, што здаецца ўнікальнай праблемай беларускай дыяспары, аказваецца вядомай з’явай для даследаванняў міграцыі ў іншых кантэкстах. Веданне гэтага можа быць карысным і ў выбудоўванні сетак салідарнасці, і ў самаадвакацыі. Прынамсі, такая надзея.
Яна Санько – магістарка сацыяльнай антрапалогіі (Універсітэт Лунда, Швецыя), паэтка, удзельніца лабараторыі фем-пісьма «Расцяжэнне». У мінулым Head of User Research у UXPressia, сузаснавальніца супольнасці беларускіх дызайнера:к UX Connect. Пасля 11 год працы ў ІТ-сферы даследуе тэмы гендэраванага досведу працы і клопату, вымушанай міграцыі, салідарнасці, палітык ментальнага здароўя і нейраадрознасці.
___________________________
13 студзеня, 18:30
Андрэа Пето. Гендэрныя даследаванні і iллібералізм
Лекцыя будзе прысвечана ўплыву iлліберальных нападаў на гендэрныя даследаванні, якія трансфармуюць гэтую сферу, а таксама ўплываюць на навукоўцаў і інстытуцыі. Андрэа Пето разгледзіць прыклады супраціву гэтым выклікам і магчымыя сцэнары развіцця сітуацыі. Асаблівая ўвага будзе нададзена важнасці гістарычных ведаў і адкрытага дыялогу для стварэння дэмакратычнага грамадства, заснаванага на правах чалавека.
Сустрэча пройдзе на англійскай мове з перакладам на рускую/беларускую.
Андрэа Пето — прафесарка кафедры гендэрных даследаванняў Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта (Вена), даследчыца Інстытута дэмакратыі ЦЭУ (Будапешт) і доктарка навук Венгерскай акадэміі навук. Яна аўтарка шматлікіх прац, перакладзеных на 24 мовы, і лаўрэатка міжнародных узнагарод за ўнёсак у грамадскае жыццё, уключаючы прэмію ALLEA Madame de Staël (2018) і ўзнагароду Універсітэта Осло за правы чалавека (2022). У цэнтры яе даследаванняў — праблемы гендэра, палітыкі і вайны.
_____________________________
21 студзеня, 18:30
Эва Маеўска. Паміж слабым супрацівам і скажонай апекай: квір-фемінісцкая палітыка ў часы фашызму
Сучасныя рэжымы выключэння, устаноўленыя ў розных краінах фашысцкімі рэжымамі, маюць агульную рысу: яны ўводзяць больш мілітарызаваную бяспеку, вобраз публічнага ворага і ўзмацняюць выканаўчую ўладу пад выглядам апекі, а не нянавісці. У гэтым кантэксце можна казаць пра «клапатлівыя рукі і вочы Левіяфана», якія варта разглядаць не толькі як праявы маскуліннага pater familias, але і як жаночую, мацярынскую версію дзяржавы, якая дзейнічае праз скажоную апеку. Паняцце слабога супраціву, прадстаўленае ў лекцыі, адрознівацца ад неаліберальнай устойлівасці і будзе паказана як частка трансверсальнага альянсу, накіраванага на супраціў, а не на падтрымку статус-кво.
Сустрэча пройдзе на англійскай мове з перакладам на рускую/беларускую.
Эва Маеўска — фемінісцкая тэарэтыкiня культуры, дацэнтка Універсітэта SWPS у Варшаве (Польшча). Займаецца даследаваннем квір-тэорыі ў межах праекта «Публіка супраць сваёй волі. Вытворчасць суб’ектаў у архівах аперацыі «Гіяцынт»». Аўтарка сямі кніг, у тым ліку Feminist Antifascism (Verso, 2021), і артыкулаў у e-flux, Signs, Third Text, Journal of Utopian Studies і іншых выданнях. Жыве і працуе паміж Берлінам і Варшавай.
_______________________________
4 лютага, 18:30
Альміра Усманава. «Свой пакой»: пра прасторы фемінісцкай ня/згоды
Дзякуючы Вірджыніі Вулф, «свой пакой» стаў адной з ключавых метафар для фемінісцкага асэнсавання досведу жаночага існавання ў патрыярхальным грамадстве. У далейшым канцэптуалізацыя засваення розных сацыяльных прастораў, мабільнасці і намадызму, пераадолення рэальных і нябачных сцен і межаў паміж прыватнай і публічнай сферамі, знайшла сваё развіццё ў гендэрных даследаваннях. У працах фемінісцкіх тэарэтыкіняў з’явілася шмат іншых прасторавых метафар і вобразаў. У сваім выступленні я хачу абмеркаваць, як звязаны прастора і мысленне ў фемінісцкай тэорыі, абапіраючыся на працы Вірджыніі Вулф, Юліі Крыстэвай, Рут Сальваджа і Сары Ахмед.
Альміра Усманава — філосафка, тэарэтыкіня культуры і гендарная даследчыца. Прафесарка кафедры сацыяльных навук і кіраўніца Лабараторыі даследавання візуальнай культуры і сучаснага мастацтва ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня, Літва). Даследчыя інтарэсы ўключаюць генеалогію і метадалогію візуальных даследаванняў, семіётыку, гендэрныя рэпрэзентацыі ў кінематографе і візуальным мастацтве, мастацтва і палітыку. Аўтарка кнігі Umberto Eco: Paradoxes of Interpretation (2000) і рэдактарка некалькіх калектыўных выданняў, уключаючы Anthology of Gender Theory (2000), Gender Histories from Eastern Europe (2002), Bi-Textuality and Cinema (2003), Gender and Transgression in Visual Arts (2007) ды іншыя.
________________________
11 лютага, 18:30
Вольга Плахотнік. Апрапрыяваныя фемінізмы
Ідэі гендэрных правоў, у тым ліку патрабаванні сэксуальнай самавызначанасці і аўтаноміі цела, рэпрадуктыўных правоў, абароны ад гвалту, прызнання працы па доглядзе і разнастайнасці формаў сям’і, знаходзяцца ў цэнтры (квір)фемінісцкай барацьбы. Аднак гэтыя ж тэмы становяцца аб’ектам увагі і спрэчак з боку кансерватыўных, ультрапраправых і рэлігійных фундаменталісцкіх груп, а таксама актывістаў за «правы мужчын». Гэты семінар засяродзіцца на выпадках, калі фемінісцкія ідэі апрапрыююцца для распальвання нянавісці супраць транс*людзей, людзей колеру, мігрантаў і іншых уразлівых груп. Як адбылася гэтая апрапрыяцыя? Хто ад чыйго імя выступае і за якія правы? І які тып фемінізму можа супрацьстаяць такому прысваенню?
Сустрэча пройдзе на ўкраінскай і беларускай мовах.
Вольга Плахотнік — загадчыца кафедры ўкраінскіх культурных даследаванняў ва Універсітэце Грайфсвальда і кіраўніца праекта «(Не)дысцыплінавана: плюралізацыя ўкраінскіх даследаванняў — разуменне вайны ва Украіне», які фінансуецца Міністэрствам адукацыі і даследаванняў Германіі (BMBF). Як даследчыца-актывістка і педагог, Вольга працуе ў галіне фемінісцкіх і квір-эпістэмалогій, крытычных даследаванняў грамадзянства і фемінісцкіх/квір-педагогік. Публікацыі Вольгі з’яўляліся ў Feral Feminisms (2022), lambda nordica (2023), Qualitative Research in Psychology (2023) і іншых выданнях. Сумесна з Марыяй Майярчык Вольга заснавала і з’яўляецца рэдактаркай часопіса Feminist Critique: East European Journal of Feminist and Queer Studies.
______________________________
18 лютага, 18:30
Воля Сасноўская. Харэаграфіі супраціву
У сваім выступе Воля Сасноўская прапануе разгледзець практыкі і харэаграфіі пратэсту падчас паўстання 2020-2021 гадоў у Беларусі — маршы, дваровыя сходы і забастоўкі — праз фемінісцкую перспектыву. Якую альтэрнатыву патрыярхальнаму бачанню пратэсту, як адзінага гераічнага акта, і лінейнаму разуменню часу рэвалюцыйных падзей могуць прапанаваць такія характарыстыкі пратэстнага руху, як знясіленне, плыннасць і крохкасць? Як гэтая оптыка і пратэстныя практыкі трансфармуюцца ў кантэксце імперскай агрэсіі Расіі супраць Украіны? Вядзе крызіс пратэстных рухаў і палітычнай арганізацыі ў Беларусі, а таксама ў постсацыялістычных і сучасных неаліберальных дэмакратыях, да з’яўлення новых формаў палітычнай арганізацыі, сетак салідарнасці і харэаграфій супраціву?
Воля Сасноўская — мастачка, даследчыца і культурная арганізатарка. Працуе на скрыжаванні перфарматыўнага і візуальнага мастацтва, спалучаючы свята і палітыку, калектыўныя харэаграфіі ды постсацыялістычныя тэмпаральнасці. Удзельніца мастацка-даследчай групы Праблемны калектыў і рабочай групы Працуй больш! Адпачывай больш!. У цяперашні час з’яўляецца дактаранткай праграмы PhD in Practice у Акадэміі мастацтваў Вены.
___________________________
25 лютага, 18:30
Таццяна Шчурко. Салідарнасць супраць імперыялізму: трансгрэсіўныя формы сацыяльнасці і блізкасці паміж Одры Лорд і Антанінай Кымітваль
У сваім выступе Таццяна Шчурко распавядзе пра сустрэчу Одры Лорд, вядомай афраамерыканскай пісьменніцы і феміністкі, з чукоцкай пісьменніцай Антанінай Кымітваль у 1976 годзе ў Ташкенце. Гэтая сустрэча стала важным момантам узаемнай падтрымкі і салідарнасці. Шчурко паказвае, як разважанні Лорд адкрываюць новы погляд на палітыкі салідарнасці, якія ствараюцца не праз афіцыйныя дыпламатычныя каналы, а праз супольныя намаганні маргіналізаваных супольнасцей, што змагаюцца з імперскім гвалтам.
Сустрэча Лорд і Кымітваль спарадзіла незвычайныя формы камунікацыі і блізкасці, якія кідалі выклік жорсткім нормам савецкай і заходняй палітычных сістэм, а таксама логіцы каланіялізму. Гэты кароткі эпізод уздымае актуальныя пытанні пра магчымасці транснацыянальнай этычнай салідарнасці сёння і розныя формы імперскага гвалту.
Таццяна Шчурко — доктарка філасофіі, дацэнтка кафедры гендарных даследаванняў ва Універсітэце Паўднёвай Фларыды (ЗША). Яе даследчыя інтарэсы ўключаюць палітыкі салідарнасці, крытычную расавую тэорыю, дэкаланіяльныя даследаванні і антыкаланіяльны фемінізм.
_______________________________
4 сакавіка 18:30
Кацярына Данскова. Формы надзеі, выжывання і салідарнасці на стыку квір-ідэнтычнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці
Гэтая лекцыя заснавана на даследаванні развіцця квір-актывізму падчас палітычных рэпрэсій. Абмяркоўваючы квір-актывізм і яго дзеянні падчас Рэвалюцыі ў Беларусі 2020 года, як адказ на паліцэйскую гамафобію і пастаяннае сціранне нацыянальнай ідэнтычнасці каланіяльнымі дзяржавамі, я імкнуся прадэманстраваць, як актывісты мабілізуюцца і арганізуюцца, выступаючы супраць квазікаланіяльнасці і гамафобіі. Апроч таго я даследую, як квір-ідэнтычнасць і нацыянальная ідэнтычнасць, якія першапачаткова лічыліся рознымі і ўзаемавыключальнымі, пераплятаюцца адна з адной, ствараючы тое, што я называю Кью-юніт ідэнтычнасцю, унікальнай для беларускага кантэксту.
Кацярына Данскова – гендарная даследчыца, квір-актывістка, трэнерка нефармальнай адукацыі.
___________________________
11 сакавіка, 18:30
Бояна Пішкур. Што мы насамрэч маем на ўвазе, калі гаворым пра салідарнасць?
Сёння шмат якія, раней вельмі істотныя, словы, у тым ліку «салідарнасць», ператварыліся ў пустыя фразы, нават у клішэ. Замест таго, каб адмовіцца ад іх, трэба вярнуць ім іх першапачатковы сэнс або стварыць новую мову. Для гэтага важна не толькі крытыкаваць «імперскія інстытуты», але і дэкаланізаваць сябе, пераасэнсаваць сваё стаўленне да ўлады і гатоўнасць адмовіцца ад прывілеяў дзеля палітычнай пазіцыі.
Сёння становіцца відавочным, што «выбарачная» салідарнасць ператвараецца ў новы метад функцыянавання большасці культурных інстытутаў у Еўропе і за яе межамі. Выбарачная салідарнасць стварае няроўнасці, іерархіі ды выключную палітыку. У мастацкіх інстытутах няма «нейтральнасці», як некаторыя спрабуюць нас пераканаць.
У сваёй прэзентацыі я разгледжу некаторыя гістарычныя прыклады практык салідарнасці ў галіне мастацтва і культуры, галоўным чынам у кантэксце Руху недалучэння, а таксама паспрабую звязаць іх з сучаснымі (і адсутнымі) практыкамі мастацкай салідарнасці.
Сустрэча пройдзе на англійскай мове з перакладам на рускую/беларускую.
Бояна Пішкур працуе куратаркай у Музее сучаснага мастацтва ў Любляне. Яе дзейнасць у асноўным звязана з югаслаўскім і постюгаслаўскім кантэкстам, Рухам недалучэння і пытаннем «Усходаў», асабліва ў сферы мастацтва і культуры. З 2019 года яна курыруе і сукурыруе серыю выстав Southern Constellations у Славеніi, Паўднёвай Карэi, Харватыi, Палесцінe, Лондане i iнш.
_______________________
18 сакавіка, 18:30
Рана Анані. Мастацкія практыкі як акты салідарнасці: выпадак Палесціны
Мастацтва з’яўляецца важным сродкам для асвятлення глабальных канфліктаў і несправядлівасці, спрыяе эмпатыі і падтрымцы прыгнечаных супольнасцей. У сваёй лекцыі я разгледжу, як культурныя практыкі падтрымлівалі барацьбу палесцінцаў як у мінулым, так і цяпер, у кантэксце працяглага генацыду ў Газе. Лекцыя пачнецца з аналізу складанасцей і этычных аспектаў салідарнасці на глабальнай мастацкай сцэне, у тым ліку з пытання, чаму мастацкія інстытуты часта замоўчваюць галасы салідарнасці з палесцінцамі, застаючыся саўдзельнікамі ў сістэмах прыгнёту.
Затым я прааналізую канкрэтныя прыклады практык салідарнасці з палесцінскай справай, даследуючы найбольш шчырыя і ўстойлівыя формы падтрымкі ў розных геаграфічных і культурных кантэкстах. Асобная ўвага будзе нададзена ролі калектываў у стварэнні салідарнасці і ўнёску калабарацыянісцкіх мастацкіх практык у супраціў палесцінцаў.
Сустрэча пройдзе на англійскай мове з перакладам на рускую/беларускую.
Рана Анані — куратарка, пісьменніца і даследчыца візуальных мастацтваў і культуры. Яе артыкулы публікуюцца ў розных выданнях у Палесціне і рэгіёне. Была кіраўніцай камунікацый у Палесцінскім музеі, менеджаркай праекта Qalandiya International 2018, каардынатаркай Палесцінскага павільёна на Канскім кінафестывалі і сукуратаркай праекта Shifting Grounds (Sharjah Biennale 13, Рамала). У цяперашні час з’яўляецца рэдактаркай Falastin al-Maydan, анлайн-платформы Інстытута палесцінскіх даследаванняў (Рамала/Бейрут).
Women In Tech – гэта інфраструктурны адукацыйны і даследчы праект, накіраваны на падтрымку жанчын у ІТ, стымуляванне даследаванняў на стыку тэхналогій і фемінізму, а таксама прасоўванне гендэрнай роўнасці ў галіне высокіх тэхналогій. Праект ініцыяваны Цэнтрам гендарных даследаванняў ЕГУ і фінансуецца Еўрапейскім саюзам.