Нарвегія далучаецца да донараў Надзвычайнага фонду ЕГУ па падтрымцы студэнтаў з Беларусі

Беларускі ўніверсітэт-у-выгнанні ў Вільні, які раней паведміў аб заснаванні Надзвычайнага фонду па падтрымцы студэнтаў, якія сутыкнуліся з ціскам у Беларусі, паведамляе аб папаўненні Фонду з боку Міністэрства замежных справаў Нарвегіі.

Дзякуючы ўнёску ў памеры каля 47 000 еўра (500 000 нарвежскіх крон), яшчэ большая колькасць студэнтаў з Беларусі змогуць працягнуць навучанне ў атмасферы акадэмічных свабодаў і ліберальнай мадэлі адукацыі, якую прапаноўвае Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Адпаведнае пагадненне аб падтрымцы Нарвегіяй Надзвычайнага фонду ЕГУ падпісалі Рэктар праф. Сяргей Ігнатаў і Амбасадар Нарвегіі ў Літве і Беларусі Уле Тэр’е Харпестад.

Рэктар універсітэта падзякаваў Амбасадару Нарвегіі за вылучаную падтрымку і выказаў надзею на тое, што супрацоўніцтва паміж Нарвегіяй і ЕГУ будзе ўмацоўвацца і надалей. Варта адзначыць, што за 15 гадоў працы ўніверсітэта ўва ўмовах вымушанага выгнання Урад Нарвегіі агулам накіраваў больш за 3 400 000 еўра на падтрымку адзінага незалежнага беларускага ўніверсітэта.

Раней было паведамлена пра тое, што з боку Шведскага інстытута быў пералічаны першы ўнёсак у Надзвычайны фонд ЕГУ ў памеры каля 100 000 еўра (1 000 000 шведскіх крон).

Кіраўніцтва ЕГУ працягвае перамовы з кааліцыяй міжнародных донараў аб пашырэнні фінансавання для студэнтаў з Беларусі, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі на радзіме.

Назад