За час сваёй прафесійнай кар’еры сп-р Карлсэн стаў адным з найбольш аўтарытэтных і прызнаных дыпламатаў Даніі. Ён займаў пасады Амбасадара ў Літве (1997-2001), Расіі і Беларусі (2005-2010), Латвіі (2010-2015). Да 2005 года Пэр Карлсэн кіраваў Дацкім інстытутам міжнародных адносін — адным з лепшых у свеце навукова-даследчых інстытутаў у галіне палітычных навук і міжнародных стасункаў. У апошнія гады, сп-р Карлсэн працягваў актыўную экспертную дзейнасць у галіне міжнародных адносін, працуючы ў Дацкім аб’яднанні міжнародных адносін.
Супольнасць ЕГУ запомніць непаўторны характар сп-ра Карлсэна, які спалучаў ў сабе рашучасць з досціпам і пачуццём гумару. Ён быў шчыра перакананы ў дэмакратычнай будучыні краін Усходняй Еўропы.
Пасля заканчэння мандата Старшыні Кіраўнічай рады ЕГУ напрыканцы 2019 года щжо як чалец групы Friends of EHU сп-р Карлсэн працягваў падтрымліваць беларускі ўніверсітэт у выгнанні.
Пэр Карлсэн памёр ва ўзросце 72 гадоў. Супольнасць ЕГУ смуткуе з прычыны незаменнай страты для ўніверсітэта і выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім спадара Карлсэна.