На працягу 23 гадоў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт узначальваў Беларускую Праваслаўную Царкву. За гады сваёй працы ўладыка адрадзіў епархіяльнае жыццё ў Беларусі, адкрыта выступаў супраць смяротнага пакарання і садзейнічаў пераадоленню наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Ідэя стварэння ЕГУ нарадзілася на сустрэчы Мітрапаліта Філарэта і акад. Анатоля Міхайлава, якая адбылася ў рэзідэнцыі Мітрапаліта напрыканцы 1991 года. 1 кастрычніка 1993 г. у Мінску быў адкрыты Факультэт тэалогіі ЕГУ, дэканам якога стаў мітрапаліт Філарэт. Менавіта па ініцыятыве мітрапаліта Тэалагічны факультэт ЕГУ стаў пляцоўкай для міжканфесійнага дыялогу. Пры ўдзеле мітрапаліта ўніверсітэт наведалі Патрыярх Маскоўскі Аляксій II, генеральны сакратар Сусветнай рады цэркваў Конрад Райзер і старшыня Папскай Рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Вальтэр Каспер.
З 2004 па 2014 гады мітрапаліт кіраваў Інстытутам тэалогіі ім. св. Мяфодзія і Кірыла ў складзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2006 годзе мітрапаліту Філарэту за шматгадовы асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа прысвоена званне Героя Беларусі. У 2013 годзе Святы сінод прызначыў мітрапаліта Філарэта ганаровым патрыяршым экзархам усяе Беларусі.
Мітрапаліт Філарэт памёр ва ўзросце 85 гадоў. Супольнасць ЕГУ смуткуе з прычыны незаменнай страты для Беларусі і ўсіх хрысціян.