Фінісаж выставы PhotoArtDoc’24: падвядзенне вынікаў і планы на будучыню

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбыўся фінісаж выставы PhotoArtDoc’24 — фінальнае мерапрыемства фестывалю дакументальнай і арт-фатаграфіі. Сустрэча аб’яднала фатографаў, куратараў, партнёраў і сяброў праекта. Сярод удзельнікаў былі рэктар Вілюс Шадаўскас, кіраўнік Школы лічбавых кампетэнцый Дзмітрый Самаль і прадстаўнікі Клуба прэс-фатографаў Літвы.

Куратары выставы, выкладчык Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў Сяргей Міхаленка і Алена Кушнір, падзяліліся ўражаннямі аб рэалізацыі праекта, расказалі пра выклікі і нечаканыя сітуацыі, правялі для гасцей куратарскую экскурсію па выставе і адказалі на шматлікія пытанні.

Фестываль PhotoArtDoc быў арганізаваны Беларускай незалежнай асацыяцыяй фатографаў, а сацыяльным партнёрам праекта стаў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. У ментарскай, адукацыйнай і конкурснай праграмах фестывалю ў 2024 годзе прынялі ўдзел больш за 500 чалавек, а геаграфія праекта ахапіла больш за 40 краін. Паводле арганізатараў, праекты пераможцаў конкурсу ўжо даступныя на сайце фестывалю photoartdoc.com, а інфармацыя прадстаўлена на трох мовах.

У 2025 годзе плануецца працяг праекта PhotoArtDoc. Частка аўтараў будзе запрошана да ўдзелу ў іншых выставачных праектах, а таксама рыхтуецца шэраг прэзентацый, якія пазнаёмяць міжнародную супольнасць з новымі імёнамі і праектамі беларускіх фатографаў.

Назад

Галерэя