Соф’ю абвінавачвалі па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, арганізацыя масавых беспарадкаў, распальванне сацыяльнай варожасці, пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да службовых асоб, распаўсюджванне паклёпу, перашкода дзейнасці журналістаў, незаконны збор персанальных дадзеных. Суд прызнаў Соф’ю вінаватай у нібыта распальванні сацыяльнай варожасці і незаконным зборы персанальных дадзеных. Суд абавязаў Соф’і выплаціць кампенсацыю 167500 беларускіх рублёў і судовую пошліну 7488 беларускіх рублёў.
Соф’ю затрымалі 23 мая ў менскім аэрапорце пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Яна ляцела з водпуску, які праводзіла разам з Раманам Пратасевічам, былым галоўным рэдактарам Тэлеграм-канала Nexta.
Супольнасць ЕГУ катэгарычна асуджае гэты прысуд і выказвае салідарнасць з несправядліва затрыманымі і асуджанымі ў Беларусі. Зараз палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаны 3 выпускнікі і 2 студэнты ЕГУ.