У манаграфіі Ксеніі Шталенковай даследуецца візуальны дызайн папяровых грошай, што цыркулявалі на беларускіх тэрыторыях з 1917 па 2016 год. Мэтай даследавання з’яўляецца спроба канцэптуалізаваць з дапамогай аналізу нацыянальных наратываў, выкарыстаных у дызайне банкнот, камунікатыўны патэнцыял грошай адлюстраваць ідэю беларускасці за апошнія 100 гадоў. Кожная асобная фаза на працягу названага перыяду замацоўвалася адпаведным выпускам папяровых грошай, які адзначаў новы этап эвалюцыі беларускасці. Яе канцэпцыя была вымушана развівацца ва ўмовах супярэчнасцяў і канфліктаў, характэрных для дыскурсу Беларусі. Сярод асноўных пытанняў, якія разглядае аўтар, можна адзначыць наступныя. Хто вызначае нацыянальныя наратывы, адлюстраванныя ў дызайне папяровых грошай? Як розныя выпускі грошай рэпрэзентуюць Рэспубліку Беларусь агулам? Якія нацыянальныя наратывы аказваюцца больш эфектыўнымі ў дызайне папяровых грошай? У кнізе прадстаўлены параўнальны аналіз беларускіх рублёў з грашыма Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі.
Мерапрыемства прайшло ў гасціннай прасторы Музея грошай у Вільнюсе і сабрала даследчыкаў і студэнтаў з акадэмічнай супольнасці ЕГУ, да якой таксама далучыліся прадстаўнікі літоўскіх інстытуцый, якія займаюцца даследаваннямі грошай. Прэзентацыю манаграфіі мадэраваў Вілюс Шадаўскас, дактарант Універсітэта Вітаўтаса Вялікага і каардынатар даследчай і творчай дзейнасці ў Аддзеле акадэмічнага развіцця ЕГУ. Праф. Альміра Усманава, навуковы рэдактар кнігі і навуковы кіраўнік Ксеніі Шталенковой у магістратуры і дактарантуры, распачала дыскусію, прадставіўшы аўтара аўдыторыі і падкрэсліўшы важнасць міждысцыплінарнага падыходу ў даследаванні, якое выяўляе новыя магчымасці для аналізу візуальнага дызайну грошай як комплекснай катэгорыі сімвалічнай вытворчасці ў пост-сацыялістычнай прасторы. Ксенія Шталенкова распавяла пра трансфармацыі ў даследаванні за час яе вучобы ў магістратуры і дактарантуры, якое пачалося як крытыка партрэтаў, якія адсутнічаюць у візуальным дызайне беларускіх рублёў, і пазней ператварылася ў аналіз дэгуманізацыі нацыянальных наратываў у кантэксце барацьбы ідэалогій і дыгіталізацыі грошай.
Праф. Андрэй Горных адзначыў, што візуальны дызайн грошай можа быць успрыняты як святлаадчувальная пласціна, на якой у канцэнтраваным выглядзе выяўляюцца палітычныя і сацыякультурныя працэсы, а таксама звярнуў увагу на першы выпуск беларускіх рублёў — “зайчыкаў” (1992 год), якія перадаюць трагікамічную атмасферу сваёй эпохі. Гэтая заўвага стала імпульсам да наступнай дыскусіі з аўдыторыяй, якая ахапіла такія пытанні, як паралелізм ў дызайне грошай Беларусі і Літвы, ідэалагічную значнасць нейтральных нацыянальных наратываў ў дызайне беларускіх папяровых грошай, праблемы інстытуцыйнага “маўчання” ў дачыненні да працэсу дызайн-праектавання беларускіх грошай, а таксама магчымыя спосабы канструявання новых нацыянальных наратываў ў больш шырокай перспектыве, чым геаграфічныя межы дзяржавы. Праф.-эмерыт Рыгор Мінянкоў, які таксама прыняў удзел у дыскусіі, заўважыў, што запуск новай кніжнай серыі з працамі маладых даследчыкаў і публікацыя першай манаграфіі, заснаванай на магістарскім даследаванні ў ЕГУ, з’яўляецца важным вынікам віленскага перыяду Універсітэта. Напрыканцы прэзентацыі Ксенія Шталенкова падзякавала сваім прафесарам, Рэдакцыйна-выдавецкай радзе і Аддзелу акадэмічнага развіцця ЕГУ за дапамогу ў падрыхтоўцы манаграфіі да публікацыі. Яна таксама падзякавала Музею Грошай за магчымасць правесці прэзентацыю ў яго сценах і падарыла сваю кнігу ў Бібліятэку Музея.
Кнігу можна знайсці ў бібліятэцы ЕГУ ў друкаванай версіі, электронная версія знаходзіцца ў адкрытым доступу ў фарматах .pdf / .epub.
Кніга апублікавана на рускай мове з рэзюме на англійскай і належыць да міждысцыплінарнага накірунку, ахопліваючы палітычную гісторыю, сацыяльныя навукі і візуальны дызайн, і адрасаваная шырокаму колу чытачоў, у тым ліку і за межамі Беларусі. Разам з гэтым яна можа быць цікавай для даследчыкаў у галіне візуальнай сацыялогіі (культурных і візуальных даследаванняў) і гісторыкаў дызайну, а таксама для графічных дызайнераў — у асаблівасці для студэнтаў і, як можна спадзявацца, экспертаў у дызайне нацыянальных папяровых грошай.
Праект ажыццёўлены пры падтрымцы Еўрапейскім саюзам, Шведскім агенцтвам па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця (SIDA) і ЕГУ.