Салідарнасць ЕГУ са студэнткай Марфай Рабковай

Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

17 верасня ў Мінску была затрыманая студэнтка 3 курса Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Марфа (Марыя) Рабкова. Апроч паспяховай вучобы ў ЕГУ, Марыя з’яўляецца каардынатаркай валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра «Вясна». Супольнасць беларускага ўніверсітэта ў Вільні выказвае салідарнасць са студэнткай і патрабуе яе неадкладнага вызвалення.

ЕГУ катэгарычна асуджае гвалт у дачыненні да мірных грамадзян Беларусі. Пачынаючы з 9 жніўня, сярод больш чым 11 000 затрыманых мірных беларусаў апынуліся 21 выпускнік і 3 студэнты ЕГУ.

Супольнасць ЕГУ выказвае заклапочанасць аб усіх незаконна затрыманых, у прыватнасці — міжнародна прызнаных палітычных зняволеных, сярод якіх і студэнтка 3 курса праграмы «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза» Марфа Рабкова. Такім чынам, ЕГУ далучаецца да адкрытага звароту праваабарончых арганізацый Беларусі і патрабуе неадкладнага вызвалення Марфы.

На цяперашні момант Марфа знаходзіцца пад арыштам у мінскім СІЗА №1. ЕГУ заклікае чальцоў універсітэцкай супольнасці і партнёраў дасылаць Марфе лісты падтрымкі і салідарнасці па адрасе вул. Валадарскага 2, 220030 г. Мінск, Беларусь (Марыі Рабковай).

ЕГУ заяўляе, што ў дачыненні да ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і студэнтаў адзінага незалежнага беларускага ўніверсітэта, мусяць забяспечвацца гарантыі свабоды ад адвольных затрыманняў, ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжання ў месцах пазбаўлення волі, каб выконваліся стандарты справядлівага суда, у тым ліку права на абарону і ўсебаковае аб’ектыўнае разбіральніцтва справы ў дасудовых працэдурах і ў залі суда. Забеспячэнне асноўных і грамадзянскіх правоў і свабод чалавека, як і права голасу, ёсць асноватворнай каштоўнасцю любога грамадства.

Пры адсутнасці дакладнай інфармацыі аб падозраннях у дачыненні да Марфы, а таксама без магчымасці ўпэўніцца ў абгрунтаванасці пастановаў асобаў, якія вядуць крымінальнае расследаванне, супольнасць ЕГУ, у тым ліку выкладчыкі і студэнты праграмы «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза», лічыць сваім абавязкам нагадаць пра дзейныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама абавязковыя для дзяржавы міжнародныя канвенцыі, якія патрабуюць ад усіх службовых асобаў ажыццяўляць і паважаць гарантыі індывідуальных правоў і свабод.

ЕГУ заклікае міжнародных партнёраў стаць часткай кампаніі салідарнасці з Марфай, якую ладзіць праваабарончы цэнтр «Вясна».

Са свайго боку, кіраўніцтва ЕГУ паведамляе, што ў мэтах забеспячэння бяспекі і права на абарону ЕГУ прыкладзе намаганні, каб студэнтам быў прадстаўлены спіс адвакатаў, да якіх студэнты змогуць звяртацца ў выпадку пераследу з боку ўладаў Беларусі.

ЕГУ працягвае пільна сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі, а таксама гатовы аказаць падтрымку студэнтам універсітэтаў Беларусі, якія зазнаюць рэпрэсіі з боку ўладаў.

Назад