У ЕГУ адбылося святкаванне Дня Волі

25 сакавіка 2023 г. у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце прайшла імпрэза з нагоды Дня Волі.

У праграму ўвайшлі міні-лекцыі, прысвечаныя асэнсаванню гістарычнага, моўнага, культурнага і іншых аспектаў беларускай ідэнтычнасці.

Аўдыторыю прывітаў Сяргей Харэўскі, лектар Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў. Спікер расказаў пра ролю беларусак і беларусаў Вільні ў стварэнні БНР.

У рамках другога выступу на тэму «Што такое беларускі грамадзянскі нацыяналізм?» дакладчыца д-р Таццяна Шчытцова, прафесарка Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, раскрыла змест такіх ключавых для разумення абмяркоўваемай тэмы канцэптаў, як «этнас», «этас», «габітус» і інш., а таксама, абапіраючыся на еўрапейскую інтэлектуальную традыцыю, правяла адрозненне паміж паняццямі «этнанацыяналізму» і «грамадзянскага нацыяналізму».

Напрыканцы лекцыйнай часткі праграмы Андрэй Вазьянаў, лектар Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук, падзяліўся сваімі этнаграфічнымі назіраннямі тэндэнцый і трансфармацый, якія адбыліся з беларускай мовай у Літве пасля 2020-га года.

Выступленні спікераў выклікалі жывы водгук і цікавасць аўдыторыі, прысутныя актыўна задавалі пытанні лектарам.

У рамках імпрэзы таксама прайшоў прэм’ерны паказ анімацыйнага роліка па вершы Максіма Багдановіча «Пагоня», створанага студэнткамі і студэнтамі бакалаўрскай праграмы «Візуальны дызайн» пры падтрымцы выкладчыц ЕГУ.

Анімацыйны ролік даступны для прагляду на афіцыйным Youtube-канале ЕГУ.

Назад

Галерэя