У віленскай Ратушы прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам ЕГУ

29 чэрвеня 2023 г. у будынку віленскай Ратушы прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Сёлета выпускнікамі ЕГУ сталі 95 бакалаўраў (праграмы «Еўрапейская спадчына», «Візуальны дызайн», «Медыя і камунікацыя», «Сусветная палітыка і эканоміка») і 56 магістраў («Гендэрныя даследаванні», «Візуальная пластыка», «Публічная палітыка», «Развіццё культурнай спадчыны», «Міжнароднае права і права Еўрапейскага Саюза»).

Бакалаўрскія і магістарскія дыпломы былі ўручаны асабіста рэктарам Універсітэта прафесарам Кшыштафам Рыбіньскі.

На цырымоніі прысутнічалі кіраўнікі дыпламатычных місій, ганаровыя госці і сябры ЕГУ.

Цырымонія адкрылася традыцыйным выкананнем міжнароднага студэнцкага гімна Gaudeamus.

З прывітальным словам да выпускнікоў ЕГУ звярнуўся рэктар ЕГУ прафесар Кшыштаф Рыбіньскі. У прыватнасьці, праф. Рыбіньскі адзначыў:

«Па меры таго, як вы пачынаеце наступную главу свайго жыцця, я заклікаю вас захаваць неацэнныя ўрокі, якія вы засвоілі падчас навучання ў ЕГУ. Вы не толькі набылі веды і навыкі ў сваіх выбраных галінах, але таксама развілі глыбокае пачуццё эмпатыі, крытычнага мыслення і моцнае імкненне да справядлівасці і правоў чалавека. Гэтыя якасці паслужаць вам прынцыпамі-арыентырамі ў бесперапынна змяняючымся свеце. Вы сутыкнуліся з выклікамі і пераадолелі іх, што падрыхтавала вас да будучыні, як ніхто іншы. Вас навучылі адаптавацца, знаходзіць сілу ў супрацьдзеянні і няўхільна імкнуцца да дасканаласці».

Падзякаваўшы Літоўскай Рэспубліцы за акадэмічны прыстанак, які Універсітэту прадаставіў Урад, вядучыя запрасілі на сцэну спадарыню Галіну Вашчанкайтэ, саветніка Прэм’ер-міністра па пытаннях усходняга партнёрства і прасоўвання дэмакратыі. Спадарыня Вашчанкайтэ падкрэсліла значную ролю адукацыйнай інстытуцыі ў набліжэнні дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі і рэгіёне.

«Жадаю вам вытрымкі і ўсялякіх поспехаў у прафесійнай кар’еры, у паўсядзённых справах і ў выкананні галоўнай жыццёвай задачы: захаваць уласную свабоду, дабіцца і пабудаваць свабодную Беларусь. Жыве Беларусь!» пажадала спадарыня Вашчанкайтэ.

Таксама з пажаданнямі да выпускнікоў звярнуўся Андрэй Хадановіч, адзін з самых вядомых сучасных беларускіх паэтаў, перакладчык і аўтар зборнікаў вершаў, а таксама сябар літаратурнага аб’яднання «Беларускі ПЭН-цэнтр». Андрэй Хадановіч выканаў для выпускнікоў культавую песню «Сцены», якая стала сімвалам беларускага пратэсту 2020 года.

«Любыя сябры, дарагія калегі. Мы сутыкнуліся з страшнымі выклікамі і прашу вас з усім багажом які вы выносіце з вашых лекцый, заняткаў, чытанняў, пасля вашых мудрых экзаменаў якія вы геніальна здавалі. Меньш слухайце прапаганду, якая дзеліць люлзей і кідае нам у твары нянавісць. Больш слухайце культуру, якая вучыць людзей і гаворыць пра каханне і любоў у часы нянавісці, гаворыць пра наш сціплы абавязак быць людзьмі часам у нечалавечых абставінах. Будзьма людзьмі!»

У музычных паўзах з джазавымі кампазіцыямі выступаў вядомы беларускі саксафаніст, клавішнік, флейтыст, кампазітар Павел Аракелян у суправаджэнні гурта The Outsiders.

У час цырымоніі былі аб’яўлены лепшыя выпускніцы магістратуры і бакалаўрыяту 2023 года Анастасія Селіванава (праграма «Гендэрныя даследаванні») і Антаніна Камельчык (праграма «Еўрапейская спадчына»).

У сваіх прамовах выпускніцы выказалі шчырую падзяку Універсітэту і выкладчыцкаму складу, сям’і і аднакурснікам – усім, хто верылі ў іх поспех, падтрымлівалі і суправаджалі на гэтым шляху, поўным цяжкасцяў і пераадоленняў.

У рамках цырымоніі адбылося ўзнагароджанне выдатнай выпускніцы ЕГУ. Сёлета ганаровай узнагародай адзначана праваабаронца Наста Лойка выпускніца ЕГУ 2015 года (магістарская праграма «Міжнароднае і еўрапейскае права»).  Наста Лойка сузаснавальніца арганізацыі Human Constanta; з 2008 года займаецца праваабарончай дзейнасцю; 8 гадоў працавала ў грамадскай прыёмнай праваабарончага цэнтру «Вясна». 20 чэрвеня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў праваабаронцу да 7 гадоў пазбаўлення волі па справе аб распальванні варожасці. Наста Лойка прызнана палітвязнем. Ганаровы дыплом для Насты атрымала яе сяброўка і аднадумца Ксенія Малюкова.

«Наста Лойка – бясспрэчна жанчына-легенда. Калі б усе прэміі міру можна было памяняць на волю Насты – я б абавязкова гэта зрабіла. Дзякуй тым, хто намінаваў яе. Дзякуй усім, хто прагаласавалі за Насту» – падзялілася Ксенія.

Назад