Віншуем пераможцу конкурсу на атрыманне стыпендыі ім. Уладзіміра Фурса

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце быў праведзены штогадовы конкурс на прадастаўленне стыпендыі імя прафесара Уладзіміра Фурса: уладальніцай стыпендыі ў 2023-2024 акадэмічным годзе стала Марыя Барзенка, студэнтка магістарскай праграмы «Гендэрныя даследаванні».

Камісія па прадастаўленні стыпендыі імя Уладзіміра Фурса (у складзе выкладчыц і выкладчыкаў профільных дысцыплін Акадэмічнага дэпартамента сацыяльных навук і Акадэмічнага дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў) ацаніла партфоліё ўсіх прэтэндэнтак і прэтэндэнтаў і прыняла рашэнне прысудзіць стыпендыю Марыі Барзенка — на падставе высокіх акадэмічных вынікаў, грамадскай дзейнасці, плённага ўдзелу ў даследаваннях актуальных сацыяльна-гуманітарных праблем, што цалкам адпавядае мэтам і характару стыпендыі імя прафесара Уладзіміра Фурса. 

Уладзімір Мікалаевіч Фурс (1963-2009) — выдатная асоба: філосаф, доктар філасофскіх навук, прафесар, загадчык дэпартмента навуковых даследаванняў, стваральнік і кіраўнік магістарскай праграмы «Сацыяльная тэорыя і палітычная філасофія» ў ЕГУ, ініцыятар і кіраўнік шэрагу рэгіянальных і міжнародных навукова-даследчык і адукацыйных праектаў. А акрамя таго, аўтар 4 манаграфій і больш за 100 публікацый на беларускай, рускай, украінскай, англійскай, літоўскай, французскай мовах. Уладзімір Мікалаевіч унёс значны ўклад у развіццё філасофіі і сацыяльных навук Беларусі і рэгіёну.

Такім чынам, стыпендыя імя прафесара Уладзіміра Фурса — гэта, перш за ўсё, прызнанне дасягненняў у галіне навуковай і грамадскай дзейнасці.

Марыя Барзенка, як яна сама сябе характарызуе, — інтэрсекцыйная феміністка і аўтычны чалавек, з адвечнай прыхільнасцю адукацыі, нязломнай верай у правы чалавека і роўнасць. Праз прызму ўласнага аўтызму Марыя прымала актыўны ўдзел у дабрачыннай дзейнасці, накіраванай на дапамогу маргіналізаваным супольнасцям, працавала валанцёркай у розных арганізацыях у Маскве (такіх, як, напрыклад, «Вера і святло», якая аб’ядноўвае разумова-адсталых людзей; ці як дабрачынны фонд «Шалаш», вырашальны праблему цяжкіх паводзін і г.д) Марыя, навучаючыся дыстанцыйна на магістарскай праграме ў ЕГУ, праводзіць уражальныя і вельмі важныя даследаванні, рэалізоўваючы ўласныя навуковыя інтарэсы — якія, перш за ўсё, — аўтызм і фемінізм. Марыя з’яўляецца аўтаркай трох апублікаваных на OSUN Global Commons артыкулаў, у якіх даследуецца грамадска важныя і малавывучаныя праблемы: а менавіта — роля гендэра ў полі палітычнага актывізму, нейрафемінізм, інтэрсекцыйнасць, аўтычныя паводзіны ў грамадстве. А ў магістарскай працы, якая ў хуткім часе будзе абараняцца і публікавацца, Марыя займаецца даследаваннем рэпрэзентацыі жанчын-аўтыстак у вобразах вядомых гераінь папулярных фільмаў. Таксама, маючы вышэйшую педагагічную адукацыю і досвед працы па дадзенай спецыяльнасці, Марыя цікавіцца методыкай выкладання розных дысцыплін, лічыць неабходным перагляд сістэмы адукацыі, імкненне да больш гуманістычнага і інклюзіўнага падыходу. “Любая інфармацыя, якую хочаш данесці, павінна падавацца ў форме стэндапа” — вось флрсуда Марыі, якой яна сама няўхільна прытрымліваецца і раіць прытрымлівацца іншым.

Пасля завяршэння магістратуры Марыя плануе працягнуць даследчую дзейнасць і паступіць на PhD.

Тэкст: Мікіта Лі.

Фота: з асабістага архіва Марыі.

Назад