Выкладчыкі ЕГУ і беларускія школьныя настаўнікі разглядзелі актуальныя пытанні выкладання гісторыі Беларусі

1-2 красавіка Дэпартамент гісторыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) зладзіў у Вільні традыцыйны «Настаўніцкі семінар» для настаўнікаў гісторыі беларускіх школ, гімназій і ліцэяў. Выкладчыкі ЕГУ падзяліся ўласнымі ведамі, матэрыяламі і выкладчыцкім вопытам са школьнымі настаўнікамі гісторыі па пытаннях Сярэднявечча, Новага часу і Навейшага часу гісторыі Беларусі.

Алена Палейка з’яўляецца метадыстам Нацыянальнага інстытута адукацыі Беларусі ды ментарам курсаў дыстанцыйнага навучання для настаўнікаў «Актыўная ацэнка», «Медыяадукацыя» у Таварыстве беларускай школы. Па яе словах: «Нягледзячы на невялікую колькасць удзельнікаў, наш склад быў вельмі прадстаўнічы. Сярод удзельнікаў — 6 чалавек з’яўляюцца аўтарамі падручнікаў і метадычных дапаможнікаў (сярод іх — тры аўтары новых падручнікаў па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі). Мы цяпер праходзім праз пакуты стварэння на конкурснай аснове новых падручнікаў. Стваральнікі (настаўнікі, метадысты) добра разумеюць, што падручнікі павінны быць іншымі, але мала хто можа даць парады, як іх зрабіць іншымі. Удзельнікі ж атрымалі вялікую колькасць новых ідэй і зусім нечаканыя фокусы з ракурсамі добра вядомых».

Падчас семінара школьныя выкладчыкі пры дапамозе калег з ЕГУ разглядзелі наступныя пытанні:

  • Метадалагічныя асновы гісторыі мастацтва як вучэбнай дысцыпліны (А. Тоўсцік)
  • Стэрэатыпы ў дзеянні: практыка “іншавання” ў гістарычнай адукацыі і асвеце (Г. Сагановіч)
  • Два 500-гадовыя юбілеі 2017 года ў школе (Ю. Бачышча)
  • Гістарычная адукацыя і гістарычная культура: выбраныя пытанні (Г. Сагановіч)
  • Пад скіпетрам Расійскай імперыі: Актуальныя пытанні выкладання гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. (І. Соркіна)
  • Людзі Беларусі ХІХ ст.: Нацыянальныя героі і маўклівая большасць гісторыі (І. Соркіна)
  • Беларусь у гады польска-савецкай вайны (1919-1920) (А.Чарнякевіч)
  • Культура пад ціскам палітыкі – развіццё нацыянальнай культуры ў міжваенны перыяд (А.Чарнякевіч)
  • «Калі ласка, не называйце нас Белая Россия: БССР на міжнароднай арэне» (І. Раманава)

«Я б сказала, што ў большасці з прысутных з’явілася не толькі ўяўленне аб мультыперспектыўным бачанні гісторыі нашай краіны, але і як можна паспрабаваць гэту шматаспектнасць рэалізаваць у новых падручніках (з улікам апошніх дасягненняў гістарычнай навукі, цалкам у беларускім кантэксце, без палітычнай заангажаванасці)», — дадала А. Палейка.

Першы «Настаўніцкі семінар» ЕГУ адбыўся ў Мінску ў траўні 2016 года.

Назад

Галерэя