Вынікі Прыёмнай кампаніі на бакалаўрскія і магістарскія праграмы ЕГУ: вырасла акадэмічная падрыхтоўка паступаючых

Па выніках уступных экзаменаў і праведзеных сумоўяў прыёмная камісія ЕГУ рэкамендавала да залічэння 260 будучых першакурснікаў, з якіх 217 чалавек былі прынятыя ў рамках асноўнага набору, 42 падчас дадатковага і 1 абітурыент паступіў па літоўскай праграме LAMA BPO. Усяго ў рамках асноўнага і дадатковага набораў 2018 года ўніверсітэт атрымаў 298 анкет абітурыентаў.

Нягледзячы на ​​13 гадоў вымушанай працы ЕГУ ў Вільні, універсітэт застаецца непарыўна звязаным з Беларуссю – 97% першакурснікаў гэтага года з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі. Таксама сярод прынятых у гэтым годзе студэнтаў ёсць грамадзяне Літвы, Расіі, Казахстана і Швецыі. Чвэрць першакурснікаў пачнуць вучобу на бакалаўрскіх і магістарскіх праграмах ЕГУ бясплатна.

У гэтым годзе абітурыенты ЕГУ прадэманстравалі асабліва высокі ўзровень акадэмічнай падрыхтоўкі. Сярэдні бал рэйтынгу абітурыентаў бакалаўрскіх праграм пастаяннай (вочнай) формы навучання склаў 9,00. У 2017 годзе аналагічны рэйтынг складаў 8,94. Самы высокі паказчык рэйтынгу сярод першакурснікаў склаў 10.89.

Кожны год ЕГУ набірае вучняў на Праграму падрыхтоўчага года. З кастрычніка па чэрвень яе ўдзельнікі вывучаюць ангельскую мову для акадэмічнай дзейнасці, асновы праектнай дзейнасці, уводзіны ў гуманітарныя навукі, рыхтуюцца да здачы эсэ і кампазіцыі. Сярэдні бал рэйтынгу абітурыентаў, якія скончылі Праграму падрыхтоўчага года і паступілі ў ЕГУ на вочную форму навучання, склаў у гэтым годзе 9.21 бала, што сведчыць пра высокі ўзровень іх падрыхтоўкі і матывацыі да навучання ў цэлым.

У гэтым годзе ЕГУ зноў запрашае старшакласнікаў і выпускнікоў школ да паступлення на Праграму падрыхтоўчага года ў Вільні і ў Менску. Па выніках паспяховага завяршэння выпускнікі аўтаматычна залічваюцца на выбраную бакалаўрскую праграму ў ЕГУ. Для паступлення на Праграму падрыхтоўчага года не трэба здаваць экзамены, неабходна запоўніць электронную анкету да 7 верасня і прайсці сумоўе.

Да 21 верасня ўніверсітэт праводзіць набор у дактарантуру па кірунку «Філасофія». Філасофская дактарантура ЕГУ спалучае ў сабе адданасць еўрапейскай гісторыка-філасофскай традыцыі з гнуткай міждысцыплінарнай арыентацыяй, што дазваляе глыбока і плённа аналізаваць самыя складаныя і надзённыя праблемы сучаснага чалавека і грамадства.

Навучальны год у ЕГУ пачнецца 1 кастрычніка ў сценах новага корпуса, які месціцца  ў будынку былога Аўгусцінскага кляштара канца XVIII ст. Корпус знаходзіцца ў адным з найбольш маляўнічых і прэстыжных раёнаў Вільні у Старым горадзе, які ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Упершыню ў гэты дзень усе студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта пачнуць вучобу і працу ў адзінай прасторы, непадзеленай на розныя карпуса. Такое месцазнаходжанне пагружае студэнтаў у культурна-гістарычнае жыццё Вільні і спрыяе студэнцкай інтэграцыі ў літоўскую акадэмічную супольнасць.

Назад