Выпускнік ЕГУ Арцём Анісімаў: «ЕГУ фармуе еўрапейскую будучыню Беларусі»

Фота: Kilimas Arts

1 ліпеня ў Вільні адбыўся найвялікшы выпуск за ўсю гісторыю існавання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) – дыпломы атрымалі 228 бакалаўраў і 41 магістр ЕГУ.

Урачыстая цырымонія ўручэння дыпломаў выпускнікам ЕГУ мела месца ў касцёле св. Кацярыны, які быў спраектаваны выбітным арзітэктарам Вялікага княства Літоўскага Янам Глаўбіцам. ЕГУ застаецца верным як еўрапейскай традыцыі, так і сваім беларускім карням, менавіта таму месца правядзення цырымоніі сталася вельмі сімвалічным – дакладна тут, у сэрцы старога горада Вільні, знаходзіцца цэнтр беларускага нацыянальнага адраджэння.

Выпускнікоў ЕГУ прыбыў павіншаваць шэраг высокапастаўленых гасцей: віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрюс Крівас, Амбасадар д-р Жыгімантас Павілёніс, Амбасадар Ірландыі ў Літве Дэвід Нунан, консул амбасады Фінляндыі ў Літве Марыя Огрэн, прадстаўніца амбасады Германіі ў Літвее сп. Саламея Пранцкене і іншыя прадстаўнікі літоўскіх дзяржаўных структур і замежных дыпламатычных місій у Літве.

З прывітальнай прамовай перад выпускнікамі 2016 года выступілі Прэзідэнт ЕГУ акадэмік Анатоль Арсенневіч Міхайлаў і в.а. старшыні Кіраўнічай Рады ЕГУ Эн Лонсдэйл. Падчас зварота да самага вялікага выпуска ў гісторыі ЕГУ, выпускнік праграмы «Міжнароднае права» ЕГУ 2009 года і эксперт у галіне касмічнага права Арцём Анісімаў параіў выпускнікам не баяцца выклікаў і заўжды памятаць аб уласнай Альма-матэр.

Па словах А. Анісімава: «Я стаў выпускніком першага віленскага набора бакалаўраў ЕГУ – мы толькі фармавалі падмурак для нашага ўніверсітэта пасля пераезда ў Вільню. Сёння я бачу самы вялікі выпуск універсітэта, гэта самае пераканальнае пацверджанне таго, што ЕГУ на самой справе фармуе еўрапейскую будучыню Беларусі. Не губляйце сувязь з універсітэтам – усе раз мы робім ЕГУ яшчэ лепшым для тых абітурыентаў, якія ўжо ў кастрычніку пачнуць вучобу ў ЕГУ».

Падчас цырымоніі ўжо ў чацьверты раз былі аб’яўленыя вынікі штогадовага галасавання на атрыманне ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку ЕГУ». Уладальнікам узнагароды стаў Ягор Захарко, які скончыў бакалаўрскую праграму «Культурная спадчына і турызм» ў 2011 годзе. Ягор быў уганараваны за свой унёсак ў развіццё культурных і музыкальных праектаў у Беларусі. Ягор стаў галоўным ініцыятарам і арганізатарам музычнага фестывалю Mirum Music Festival, які сёлета пройдзе ўжо ў 5-ы раз у мястэчцы Мір. У мінулым годзе фестываль наведала рэкордная колькасць слухачоў – больш за 3000 гасцей з усёй краіны.

Званне лепшай студэнткі выпуску бакалаўрыяту атрымала Вікторыя Андруховіч, якая пажадала сваім калегам поспехаў на іх будучым акадэмічным і прафесійным шляху. Пры падтрымцы і фінансаванні ЕГУ Вікторыя здолела выдаць сваю кнігу пра гісторыю дызайна ў Беларусі. Лепшай студэнткай магістратуры была прызнаная Паліна Скурко за яе значныя акадэмічныя дасягненні.

Мінулы навучальны год стаў знаменальным для ўсёй акадэмічнай супольнасці ЕГУ. 9-10 сакавіка 2016 г. ЕГУ адзначыў дзесяцігоддзе свайго знаходжання ў Вільні. Можна смела сцвярджаць, что за гэты час ЕГУ ўмацаваў свае пазіцыі ў якасці адзінага беларускага універсітэта, які прытрымліваецца прынцыпаў акадэмічных свабод і ліберальнай мадэлі адукацыі, і выпусціў новае пакаленне сучасных прафесіяналаў. З моманту заснавання ЕГУ ў 1992 г. у Мінску яго скончылі 2787 выпускнікоў, 1953 г. з якіх навучаліся ў ЕГУ ўжо ў Вільні. ЕГУ ганарыцца сваімі выпускнікамі, большасць з якіх вярнуліся ў Беларусь пасля завяршэння вучобы і паспяхова працуе у сферах, звязаных з атрыманай у ЕГУ адукацыяй.

Сустрэчы выпускнікоў ужо сталі нязменнай добрай традыцыяй ЕГУ і збіраюць вялікую колькасць былых студэнтаў універсітэта як у Мінску, так і ў Вільні. Увечары 1 ліпеня ў Вільні адбылася чарговая сустрэча выпускнікоў ЕГУ, на якой звыш 200 выпускнікоў мінскага і віленскага перыяду існавання ўніверсітэта, а таксама студэнты, якія скончылі універсітэт у гэтым годзе, змаглі сустрэцца са сваімі былымі калегамі і выкладчыкамі, пагутарыць у нефармальнай атмасферы, завязаць новыя і падтрымаць існуючыя прафесійныя кантакты.

Назад

Галерэя