Выпускнік ЕГУ: «Мы інкнемся да павагі і талерантнасці»

Кірыл Калбаснікаў скончыў бакалаўрскую праграму «Масавыя камунікацыі і журналістыка» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) у 2013 г. і зараз актыўна працуе ў галіне сучаснага мастацтва і культуры Беларусі: ён з’яўляецца праектным кіраўніком фестываля Artes Liberales і выставы «Ралан Барт. Ключавыя словы», арганізваных Лабараторыяй даследванняй візуальная культуры і сучаснага мастацтва разам з Акадэмічным дэпартаментам медыя ЕГУ.

У адмысловым інтэрв’ю Кірыл распавядае пра яго асабістыя праекты, накіраваныя на скасаванне дыскрымінацыі ў беларускім грамадстве.

Кірыл, нядаўна на пляцоўцы бара «Ў» у Мінску адкрыўся Ваш персанальны праект «Кахай». Распавядзіце, калі ласка, як ён узнік і ў чым яго сутнасць?

Праект нарадзіўся выпадкова. Аднойчы ў добрай кампаніі я чытаў свае вершы, а праз некалькі месяцаў сябры і калегі з галерэі «Ў» прапанавалі мне зрабіць выставу маіх вершаў. Ідэя гучала цікава, і паколькі наступным святам выпадала 14 лютага, мы вырашылі на гэтай тэме і спыніцца. А далей — усё залежыла ад мяне. Я вырашыў да свята падысці крытычна і паспрабаваў канцэптуальна праз вершы адрэфлексаваць свой уласны досвед кахання. У выніку прыйшоў да наступнага: каханне зараз выкарыстоўваецца рознымі сістэмамі для капіталізацыі і тым самым губляе сваю сутнасць. А яна вельмі простая: прымаць і паважаць чалавека іншага і чалавека ў сабе, аддаваць сябе.

Нядаўна ва ўсім свеце адзначаўся Дзень роднай мовы. Калі Вы пачалі размаўляць і пісаць вершы па-беларуску?

Размаўляць пачаў у 19 гадоў, і гэта хутчэй быў інтуітыўны выбар. На самым пачатку ён, безумоўна, быў палітычна падмацаваны, але зараз я вельмі далёка ад нацыянальных ідэй і мараў пра адраджэнне. Ёсць больш істотныя рэчы, і тое, на якой мове мы размаўляем, у сучасным свеце не вельмі істотна. Лепей бы беларусы вывучалі англійскую мову і камунікавалі з усім светам, чым яшчэ мацней замыкаліся за рознага роду бар’ерамі і барыкадамі. Мова — гэта інструмент для данясення думак. Зараз я размаўляю па-беларуску таму, што мне эстэтычна больш падабаецца, і мне цікава назіраць за рэакцыяй людзей, асабліва тых, хто не адразу разумее, на якой мове я да яго/яе звяртаюся. Але я вольна размаўляю і па-руску, і па-англійску пры неабходнасці. А вершы па-беларуску (дарэчы, адмыслова не кажу, што гэта родная мова, таму што канцэпт гэты для мяне не працуе: уся сям’я рускамоўная, і роднай мовай па логіцы для мяне з’яўляецца руская) пачаў пісаць у школе, у класе 8-ым.

Кірыл, Вы паходзіце з Заслаўя. Скажыце, ці падчас пераезду і вучобы ў Вільні Вы не сутыкнуліся з будзь-якімі выклікамі жыцця ў вялікім горадзе?

З выклікамі асабліва не сутыкаўся. Хіба толькі з псіхалагічнымі, якія толькі цяпер пачаў разумець: усё ж там быць сваім немагчыма – моўныя бар’еры прысутнічаюць. Складана існаваць у грамадстве і не разумець асноўную камунікатыўную мову, прытым што ў Вільні па-англійску і па-руску можна спакойна размаўляць. Цяжкасці не з-за таго, што Вільня вялікая, але з-за таго, што ты апыняешся ў зусім іншым кантэксце, які зразумець мне васемнадцацігадоваму было немагчыма. І праблема ў тым, што зразумець уласную ізаляцыю даволі складана. Магчыма, іншыя адчуваюць сябе зусім інакш.

Вы займаецеся рознымі праектамі, у тым ліку накіраванымі на скасаванне дыскрымінацыі ў грамадстве. Так Вы выпусцілі відэа-ролік «Gay couple walk in Minsk. Social experiment» і праводзіце вечарыны UNISEX у Мінску. Якія былі вынікі гэтых праектаў? Ці можна назваць беларусаў сапраўды талерантнай нацыяй?

Распавяду пра праекты па-асобку, бо яны хаця і пра адно, але па-рознаму. Відэа-ролік насамрэч з’яўляўся эксперыментам, дзе мы з сябрам вызначалі рэакцыю грамадства на дакладнае дзеянне. І вынікам мы засталіся занепакоеныя. Мы адчувалі страх і заўважалі незвычайную рэакцыю на нас. І абапіраючыся на гэты досвед сказаць дакладна — талерантныя беларусы ці не — немагчыма.

UNISEX — гэта таксама свайго роду эксперымент, бо мы працуем з вельмі далікатнымі сэнсамі. Нядаўна была дыскусія, дзе нам указалі і на нашыя памылкі, і на недасканаласці.

Тут варта разумець, што гэта яшчэ і камерцыйны праект, пры тым мы імкнемся развіваць і аўдыё-візуальную, і акцыяністскую, і перфарматыўную культуры. І падобных праектаў, якія працуюць з тэмай дыскрымінацыі, увогуле не асабліва шмат, тым болей у такім небяспечным і непрадказальным фармаце як вечарыны. Але мы ўсё роўна працягваем гэта развіваць і імкнуцца да павагі і талерантнасці. Важна разумець, што ўсё ж такі грамадства ў Беларусі ў асноўным кансерватыўнае, пра сэксуальную адукацыю і павагу правоў чалавека казаць увогуле не даводзіцца, медыя сваю адукацыйную ці асветніцкую фукнцыю не выконваюць, гендэрныя стэрэатыпы і мадэлі паводзін моцна прысутнічаюць і ў тых уладных механізмах, якія па ідэі мусяць быць гарантамі правоў.

З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці ў беларускім грамадстве?

Мне вельмі складана адказаць на гэтае пытанне. Не люблю казаць за іншых людзей. Але цяжкасці дакладна ёсць.

Вяртаючыся да Вашага вопыта навучання ўва ўніверсітэце, што б Вы маглі парэкамендаваць тым старшакласнікам з Беларусі, якія мяркуюць аб паступленні ў ЕГУ, у прыватнасці на праграму «Медыя і камунікацыя»?

Парэкамендаваць магу наступнае: рабіце тое, у што верыце, чытайце кнігі, будзьце шчырымі з сабой і з іншымі, будзьце адказнымі і падрыхтуйце добрае рэзюмэ, каб універсітэт загадзя мог зразумець, якія вы разумныя, патрэбныя, унікальныя і незамяняльныя. І яшчэ — ніколі не стварайце сабе ідалаў і падвяргайце сумневу аўтарытэт іншых. Асабліва ўладных структур і адміністрацыйных працэдур.

Дзякуй за інтэрв’ю.

Назад