Выпускнік Мікола Волкаў: «Навучанне ў ЕГУ дазволіла зразумець навуковыя традыцыі Еўропы»

У 2009 годзе Мікола Волкаў скончыў магістарскую праграму ЕГУ «Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны». Летась падчас VІ Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Коўне манаграфія М. Волкава «Артылерыя Нясвіжскага замка» патрапіла ў шорт-ліст прэміі Кангрэса за найлепшую кнігу ў галіне гісторыі Беларусі.

У адмысловым інтэрв’ю выпускнік дзеліцца ўласным досведам навучання ў ЕГУ і распавядае пра сучасныя выклікі ў стаўленні да гістарычнай і культурнай спадчыны ў Беларусі.

Ваш акадэмічны шлях пачаўся з вывучэння гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Што выклікала Вашую зацікаўленасць да вывучэння менавіта спадчыны як асобнай плыні гуманітарных навук?

Мяне заўжды цікавіла гісторыя архітэктуры, а менавіта, замкі, абарончыя ўмацаванні, іх інтэрпрэтацыя як культурнай спадчыны, таму пасля сканчэння гістфака БДУ я абраў магістарскую праграму ЕГУ «Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны». У адрозненні ад стажыровак, ў ЕГУ для нас ўжо была падрыхтаваная праграма і чакала сапраўдная вучоба з выдатнымі выкладчыкамі, пераважная большасць з якіх вельмі добрыя спецыялісты. Культурная спадчына – гэта адзін з бліжэйшых для гісторыкаў накірункаў, і асабліва для мяне – чалавека, які займаецца гісторыяй матэрыяльнай культуры. Адзін з лепшых курсаў – гэта курс прафесара-эмерытуса Рыгора Мінянкова: мы вывучалі і глыбокатэарэтычныя рэчы, і такія рэчы, якія з’яўляюцца істотнымі для агульнага разумення сітуацыі і агульнага разумення спадчыны.

Калі параўноўваць розныя ўніверсітэты, дзе Вы былі, дзе Вы навучаліся альбо стажыраваліся, у чым, на Вашую думку, асаблівасць акадэмічнай традыцыі ЕГУ менавіта ў пытаннях вывучэння спадчыны?

Стажыроўкі не даюць магчымасць зразумець нейкую мясцовую традыцыю ўніверсітэтаў, у якіх стажыруешся. Калі мы навучаліся ў ЕГУ, распрацоўваўся сам фармат праграмы, нейкая камбінацыя беларускага досведу і канкрэтнага і прагматычнага навучання па пэўных дысцыплінах. Гэта былі спробы прыстасавацца да існуючых умоваў, і я думаю, гэта ўдалы сімбіёз. Маладыя людзі, якія зараз сканчаюць універсітэт, больш прагматычныя і больш прыстасаваныя да навучання ў заходніх універсітэтах. Думаю, што я быў непадрыхтаваны да заходняй акадэмічнай традыцыі, але навучанне ў ЕГУ у пэўным сэнсе дазваляла яе зразумець, вучыцца і працаваць.

У 2015 годзе выйшла Вашая кніга «Артылерыя Нясвіжскага замка». Што падштурхнула абраць такую спецыфічную тэму? Якім чынам збіраліся матар’ялы? Ці даводзілася працаваць у віленскіх архівах?

Мая цэнтральная тэма – гэта вывучэнне абарончых умацаванняў, але каб зразумець абарончыя ўмацаванні, трэба зразумець зброю, якая выкарыстоўвалася для іх абароны. У дачыненні да Нясвіжскага замку я знайшоў самы лепшы матэрыял. Насамрэч, і крыніц найбольш, і гарматы, якія захаваліся да цяперашняга часу, з’яўляюцца творамі ліцейнага мастацтва вышэйшай пробы. Я магу дакладна сказаць, што не бачыў такога кшталту гармат у музеях іншых краін. Унікальнасць з’явы мяне і падштурхнула абраць менавіта гэтую тэму. Матэрыял я збіраў пераважна ў архіве Радзівілаў у Варшаве.

У Вашай кнізе ёсць вельмі цікавыя ілюстрацыі старажытнага узбраення. А дзе можна яго пабачыць ужывую? Ці захаваліся нясвіжскія гарматы ў Беларусі?

У Нясвіжы гармат было ў розны час ад 30 да 50. З іх 8 былі адлітыя Германам Мольтцфельдам, ліцейшчыкам, запрошаным Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам у Нясвіж адмыслова з гэтай мэтай. Гэта былі гарматы высокага мастацкага ўзроўню, якія захаваліся да нашага часу. Іншыя гарматы пераплавілі, знішчылі, таму што яны не ўяўлялі такой каштоўнасці.

У гэтых 8 гармат складаны лёс: першая з іх у 1625 г. папала ў рукі шведаў і была вывезеная ў Стакгольм. Стакгольмскі Музей арміі мае вельмі багатую калекцыю, таму што ні краіну, ні музей не рабавалі. І на другім паверсе, там, дзе паказаная эвалюцыя шведскага войска на працягу некалькіх стагоддзяў, выстаўлена ўсяго адна самая лепшая гармата – і гэта наша «сіроткаўская» радзівілаўская гармата. Гэта сведчыць пра ўзровень ліцця і ўзровень нашай артылерыі.

Іншыя 7 гармат доўгі час вандравалі, да пачатку Другой сусветнай вайны яны былі ў Нясвіжы, пазней – у Мінску, а у час нямецкай акупацыі былі вывезеныя ў Берлін, дзе ляжалі ў Берлінскім арсенале (цяпер Нямецкі гістарычны музей). Яго будынак разбамбілі Саюзнікі і вельмі пашкодзілі гарматы. Пасля таго, як Савецкая армія заняла Берлін, гарматы вывезлі ў Ленінград. У Ленінградзе яны захоўваліся каля дзесяці гадоў, пакуль савецкі ўрад не вырашыў перадаць пяць гармат у Музей войска польскага. То бок 5 з іх у Польшы, 2 ў Расіі, і адна цяпер захоўваецца ў Стакгольме.

Апроч таго, у Нясвіжы яшчэ з сярэдзіны XVIII стагоддзя было каля 10 гармат, выкупленых ў Львове, і яны захаваліся да нашага часу, бо таксама былі перададзены Савецкім cаюзам Польшчы. Яны зберагаюцца ў Музеі войска польскага. Што цікава, значная частка калекцыі згаданага музея – гэта менавіта нясвіжскія гарматы. У Беларусі захавалася толькі адна нясвіжская гармата, якую знайшлі ў рове Нясвіжскага замка пры раскопках у 2010 г. Гэта адзіная гармата, якую мы маем. Яна жалезная і не асабліва прыгожая, таму яе шведы без шкадавання затапілі ў 1706 г. А нам пашчасціла яе знайсці праз тры стагоддзі.

У снежні 2016 года Вы абаранілі кандыдацкую дысертацыю ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Якая была тэма дысертацыі? Ці была яна павязаная з тым, што Вы даследавалі ў ЕГУ падчас вучобы ў магістратуры?

Тэма дысертацыі «Забеспячэнне абароназдольнасі рэзідэнцыі рода Радзівілаў на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага ў XVI – пачатку XVIII стагоддзя». Гэта фактычна вывучэнне замкаў і фартэцый Радзівілаў, а таксама іх узбраення і гарнізонаў. Дысертацыя была звязана з маімі папярэднімі даследаваннямі, якія я праводзіў і ў БДУ, і падчас вучобы ў ЕГУ. У прыватнасці, у ЕГУ я займаўся пытаннем фартыфікацыйных умацаванняў Слуцка. Слуцк – гэта адна з самых вялікіх фартэцый Радзівілаў. Так што я працягваў гэтую тэму доўгі час, і вучоба ў ЕГУ была была адной з прыступак узыходжання, падыходу да дысертацыйнага даследавання.

Ці прысутнічаюць яшчэ нейкія забароненыя тэмы ў пытаннях спадчыны Беларусі? Якім чынам выглядаюць беларускія даследаванні спадчыны ў параўнанні з іншымі краінамі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы?

Па шчырасці, я не думаю, што ў нас існуюць забароненыя тэмы да Другой сусветнай вайны. А тое, што папярэднічае – Першая сусветная вайна, Рэч Паспалітая, Расійская Імперыя – там усё абсалютна спакойна. Ідзе навуковае абмеркаванне, няма ніякіх чыннікаў, якія б скоўвалі даследаванні ў гэтай галіне.

Адзіная праблема, што беларускія даследаванні гісторыі і спадчыны часта даволі павярхоўныя: мы збіраем матэрыял, займаемся пазітывізмам – папярэднім апісаннем. Мае стажыроўкі, у тым ліку навучанне ў ЕГУ, дазволілі зразумець, што навуковая традыцыя ў Еўропе глыбейшая і больш грунтоўная.

Мне даводзілася выступаць экспертам падчас падрыхтоўкі праектнай дакументацыі пры аднаўленні Мірскага замка і старога Гарадзенскага замка. Па-першае, у нас як да навуковага вывучэння, так і да праектавання выкарыстання помніка спадчыны часта адносяцца вельмі павярхоўна і прымітыўна. Замкі сталі прыгожым трэндам, але калі ты пачынаеш сцвярджаць, што гэтых прыгажосцяў насамрэч не было, як паказваюць крыніцы, то цябе наогул ніхто не слухае. Узнікаюць праблемы з навуковай абгрунтаванасцю.

Па-другое, у нас не ведаюць, што рабіць з замкамі. Лектар ЕГУ Сцяпан Стурэйка сцвярджае, што трэба распрацоўваць праграму па інтэграцыі гэтых помнікаў, каб мясцовая супольнасць вучылася з імі жыць, з імі працаваць, падымала свой эканамічны, культурны ўзровень, дабрабыт. Гэта выдатна бачна на прыкладзе Мірскага замка: з мясцовай супольнасцю ўсё вельмі складана, нягледзячы на тое, што ў замку працуе значная частка жыхароў Міра.

З Гарадзенскім замкам таксама вялікая праблема. С. Стурэйка даўно ўжо звяртаў увагу на тое, што нам трэба аднаўляць помнік, паказваць розныя перыяды, напластаванні. Але ў нас пытанне бачыцца проста: нам трэба аднавіць замак так, як ён выглядаў у часы легендарнага Стэфана Баторыя. Насамэч гэта вельмі складана зрабіць, таму што крыніцы адназначна гэтага не дазваляюць. Пад выглядам аднаўлення Замка Баторыя нам прапаноўваецца пабудаваць такое, чаго не было. І гэта вельмі дрэнна, улічваючы, што помнік вельмі складаны: там вельмі шыкоўная археалогія, культурны пласт у 5-7 метраў. Прапануецца развярнуць на помніку капітальнае будаўніцтва, пабудаваць вежы вышынёй 20 метраў. Гэта значыць, што будуць забівацца бетонныя сваі, археалогія будзе разбурацца, і імкненне пабудаваць гэты прыгожы домік можа нанесці сур’ёзную шкоду помніку.

Якія парады Вы маглі б даць абітурыентам, якія плануюць паступаць на магістарскую праграму «Гістарычная і культурная спадчына»?

Па-першае, скарыстацца лакалізацыяй. Вільня – гэта ўзорны прыклад таго, як трэба захоўваць спадчыну, сістэма аховы спадчыны і рэстаўрацыі помнікаў у Літве функцыянуе вельмі добра. Па-другое, калі людзі вучацца ў Вільні, трэба скарыстацца магчымасцямі віленскіх музеяў і архіваў, таму што, нягледзячы на лінгвістычную прорву між Літвой і Беларуссю, мы вельмі блізкія краіны, і каб гэта зразумець, варта пахадзіць па музеях, хаця б параўнаць тое, што прэзентуюць літоўцы, з тым, што ў нас.

Калі будзе жаданне, варта папрацаваць у літоўскіх архівах, таму што там могуць быць цікавыя рэчы, якія могуць тычыцца нават тых мясцовасцяў, з якіх паходзяць студэнты. І дарэчы, праца ў віленскім архіве дазваляе зразумець феномен Віленшчыны, таму што Віленшчына – гэты вялікі, цікавы, складаны рэгіён гістарычнай Літвы – зараз падзелены між Беларуссю і Літвой.

Яшчэ я хацеў бы параіць вучыць мовы. Не толькі ангельскую, але і, напрыклад, літоўскую. Гэта спрыяла б працы ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны, яе вывучэння, і спасціжэнню новых ведаў.

Назад