Найбольш папулярнай праграмай 2019 года стала бакалаўрская праграма «Візуальны дызайн і медыя», яе скончылі 44 выпускнікі. Упершыню падвойныя дыпломы ЕГУ і Універсітэта Вітаўта Вялікага атрымалі 7 выпускнікоў сумеснай бакалаўрскай праграмы «Сусветная палітыка і эканоміка».
Падчас адкрыцця Рэктар праф. Сяргей Ігнатаў звярнуўся да выпускнікоў ЕГУ: «Ліберальная мадэль адукацыі, прыхільнікам якой з’яўляецца наш універсітэт, як раз арыентавана на адмову ад штучнай абмежаванасці ў навучанні: будзь то дысцыплінарнай, этнічнай ці геаграфічнай. 20 гадоў таму ў найстарым універсітэце ў свеце была падпісана Балонская дэкларацыя. У той час міжнародная мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў, прызнанне пройдзеных за мяжой курсаў і трохступеневая мадэль адукцыі былі палітычнымі амбіцыямі. Сёння — гэта рэальнасць, якая існуе ў нашым універсітэце, аднак усё яшчэ недасягальная для вашых былых аднакласнікаў, якія вырашылі застацца на радзіме і атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларусі».
У вітальнай прамове ад імя прэм’ер-міністра Саўлюса Сквярняліса і Урада Літвы першы намеснік канцлера Урада Літвы Амбасадар Дэйвідас Матулёніс падкрэсліў доўгатэрміновы характар падтрымкі ЕГУ з боку Літвы, у тым ліку перадачу для патрэбаў універсітэта новага навучальнага корпуса ў Старым горадзе Вільні. Амбасадар Матулёніс адзначыў: «Урад, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства асветы, навукі і спорта Літвы будуць і далей садзейнічаць ЕГУ, бо гэта ёсць часткай нашай місіі».
Са зваротам ад імя Міністэрства замежных спраў Літвы выступіў чалец Кіраўнічай рады ЕГУ Міндаўгас Качараўскіс: «ЕГУ прадстаўляе сабой паспяховы прыклад таго, як якасная еўрапейская адукацыя перадаецца беларускай моладзі, што спрыяе развіццю свабодных і адкрытых грамадстваў на іх радзіме ў Беларусі».
У сёмы раз супольнасць ЕГУ абрала пераможцу ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку ЕГУ». У 2019 годзе ім стаў Аляксандр Ханін (выпускнік бакалаўрскай праграмы «Медыя і камунікацыя» 2010 года) — заснавальнік найбольшага міжнароднага паб-квіза Мазгабойня, які прадстаўлены больш чым у 250 гарадох у 16 краінах. Ва ўласным звароце да выпускнікоў і іх бацькоў Аляксандр адзначыў: «Пасля вяртання ў Беларусь, я ўсвядоміў усю моц гуманітарнай адукацыі. 9 гадоў пасля сканчэння ўніверсітэта, я бачу выпускнікоў ЕГУ ва ўсіх магчымых сферах жыцця Беларусі. Гэта так сымбалічна, што як і стагоддзе таму, свайго кшалту будучая эліта Беларусі так цесна звязаная з Вільняй».
Пад канец Цырымоніі Прэзідэнт універсітэта акад. Анатоль Міхайлаў падзяліўся пажаданнямі з выпускнікамі: «Асновай да стварэння нашага ўніверсітэта было перш за ўсё крытычнае стаўленне да саміх сябе. Зараз, калі формула critical thinking ужываецца так часта, нам варта ўзгадаць, што крытычнае мысленне заўжды пачынаецца з саміх сябе. Ад сёння вы становіцеся часткай супольнасці выпускнікоў ЕГУ — поспехаў Вам, не забывайцеся аб Альма-матэр».
У 2019 годзе лепшай выпускніцай бакалаўрыята стала Ангеліна Шаблоўская (бакалаўрская праграма «Медыя і камунікацыя»), магістратуры — Ксенія Чэшык (праграма бесперапыннага навучання «Міжнароднае права і права Еўрапейскага саюза»).
Музыкальную паўзу падчас Цырымоніі выканала беларускае трыа Vuelo Libre. Музыкі выканалі творы Ёзафа Сука, Рышарда Гальяна ды Астара П’яцола.
Выпуск 2019 года — гэта 11-ы выпуск бакалаўраў і 13-ы выпуск магістраў пасля таго, як беларускі ўніверсітэт у выгнанні быў адноўлены ў Вільні. За гэты час 2457 выпускнікоў скончылі ЕГУ, 95% выпускнікоў з’яўляюцца беларусамі.
https://www.facebook.com/EHUOfficial/videos/351611989070206/