Вільня – дынамічная еўрапейская сталіца з насельніцтвам больш за паўмільёна чалавек. Вільня заўжды была і застаецца горадам з россыпам разнастайных культур і багатай гісторыка-архітэктурнай спадчынай (гл. віртуальны тур па Вільні тут).
Наўрад ці вы калі-небудзь занудзіцеся ў Вільні. Нягледзячы на параўнальна невялікія памеры, культурнае жыццё Вільні надзвычай разнастайнае і каларытнае ды дазваляе задаволіць самыя пераборлівыя густы месцічаў і шматлікіх гасцей сталіцы. Галерэі, музеі, у тым ліку Нацыянальная мастацкая галерэя і Цэнтр сучаснага мастацтва, тэатры, у тым ліку Рускі драматычны тэатр, сімфанічныя і камерныя аркестры, музычныя і начныя клубы, вулічныя кірмашы, культурныя акцыі, у прыватнасці “Tebūnie naktis” («Ноч культуры»), кіно і фестывалі – вось далёка не поўны спіс магчымасцяў культурна прабавіць вольны час і адпачыць.
Стравы еўрапейскай кухні прапануюцца ў большасці віленскіх кавярняў, рэстаранаў, піцэрый, грыль-бараў, вінярняў і пабаў. Вядома, у Вільні маецца і мноства рэстаранаў, дзе можна пакаштаваць стравы традыцыйнай літоўскай кухні.
У горадзе ёсць вялікая колькасць гандлёвых цэнтраў і супермаркетаў з разнастайным асартыментам тавараў і паслугаў – як і ў любой іншай еўрапейскай сталіцы. Найбуйнейшыя гандлёвыя цэнтры Akropolis і Ozas размешчаныя па-за межамі цэнтральнай часткі горада, недалёка ад студэнцкіх інтэрнатаў ЕГУ. «Акропаліс», напрыклад, – гэта не толькі гандлёвы пасаж, але і забаўляльны цэнтр з 8 кіназаламі, шматлікімі рэстаранамі, боўлінгам і коўзанкай. Europa і Panorama – два гандлёвыя цэнтры, меншыя па памерах – размешчаныя бліжэй да цэнтра горада. Ад навучальнага корпуса ЕГУ да ніх можна з лёгкасцю дабрацца на ровары, арандаваным у сістэме «Cyclocity Vilnius», на грамадскім транспарце або пешшу.
Студэнцкая служба дапаможа вам атрымаць неабходную інфармацыю загадзя альбо пасля прыезду ў Вільню.
Вільня і яе ваколіцы прапануюць выдатныя магчымасці для актыўнага адпачынку. Літва асабліва слынная сваімі азёрамі. Зялёныя азёры (Žalieji ežerai) размешчаныя найбліжэй да Вільні; іх лёгка дасягнуць ад студэнцкіх інтэрнатаў ЕГУ па роварнай дарожцы, пракладзенай уздоўж ракі Нярыс/Вялля і паўз гістарычны двор Веркі.
Ад Вільні да Трокаў, былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, з іх сярэднявечным замкам і чыстымі азёрамі, вы даедзеце аўтамабілем за паўгадзіны. Дабрацца туды можна і грамадскім транспартам – аўтобусам ці цягніком.
Больш дэталёвая інфармацыя пра тое, як прабавіць вольны час і адпачыць у Вільні і ваколіцах, – тут.
Больш дэталёвая інфармацыя пра жыццё ў Вільні: