Ars Moriendi: пахавальныя практыкі шляхты і мяшчан Вялікага Княства Літоўскага XV-XVIII стст.
З другой паловы XV ст. у еўрапейскім грамадстве набыў вялікую папулярнасць трактат “Ars Moriendi” (“Мастацтва паміраць”), у якім тлумачыліся асноўныя працэдуры падрыхтоўкі да “добрай смерці”.
У Вялікім Княстве Літоўскім папулярнасць ідэй розных варыяцый гэтага трактата наклалася на даўнюю царкоўную традыцыю захавання “памяці па душы”, а таксама супала ў часе з імклівым пранікненнем свецкай дакументальнай пісьмовасці ва ўсе сферы жыцця тагачаснага грамадства.
Асобныя раздзелы Статутаў ВКЛ XVI в. рэгулявалі практыку складання тастаментаў (завяшчанняў) шляхты, мяшчан і іншых станаў. Актавыя кнігі судовых устаноў і магістратаў XVI-XVIII стст. месцяць безліч гэтых цікавых эга-дакументаў, у якіх адлюстравана стаўленне людзей да жыцця і смерці.
Пры манастырах і цэрквах ВКЛ вяліся адмысловыя кнігі-“памяннікі”, у якіх занатоўваліся імёны асобаў рознага паходжання, якіх трэба было памінаць у набажэнствах. Глыбіня памяці асобных з іх дасягала некалькіх стагоддзяў.
У XVI-XVII стст. у ВКЛ былі выпрацаваны асноўныя элементы надмагільных помнікаў-эпітафій, многія з якіх захаваліся да нашых дзён.
Гэтым і многім іншым аспектам пахавальнай культуры будзе прысвечана лекцыя.