Нецяжкі вечар Дня роднай мовы

22 лютага наўздагон Дню роднай мовы супольнасць ЕГУ запрашае вас на вечар, дзе мы ў лёгкім фармаце пагутарым пра мультылінгвізм у эпоху новых медыя, правядзем варкшоп па працы з аўтаперакладам, а таксама прэзентуем пераклад на беларускую мову паэмы Іосіфа Бродскага і вершаў Эгона Шыле. Дэталі ніжэй.

«Родныя мовы і новыя медыя», Андрэй Вазьянаў, міні-лекцыя;

Новыя медыі — у тым ліку мэсэнджары, сацыяльныя сеткі, дадаткі для знаёмстваў і г.д — адна з галоўных сцэнаў нашага жыцця.  У сацыяльных навуках ёсць розныя чаканні наконт таго як новыя медыі паўплываюць на моўныя паводзіны, лінгвістычныя кампетэнцыі людзей і становішча ўразлівых моваў.  Адныя навукоўцы кажуць пра глабалізацыю, дзе моўная разнастайнасць супярэчыць логіцы рынка. Іншыя адзначаюць, што новыя медыі адкрываюць магчымасці для дыверсіфікацыі і стварэння камфортных моўных асяродкаў. У лекцыі я паспрабую аглядзець асноўныя тэзы «аптымістычных» і «песімістычных» поглядаў на будучыню шматмоўя ў эру новых медый, а таксама распавяду, чым шматмоўе цікавае для абласцей антрапалогіі, не злучаных з мовай непасрэдна. Пасля гэтага разам з аўдыторыяй мы паспрабуем абмеркаваць, якія абставіны ўплываюць на шматмоўе ў рэгіянальным кантэксце — Беларусі і супамежных з ёй краін.

«Аўтапераклад: барацьба зместу і эстэтыкі», Ксенія Шталенкова, воркшоп;

У шматмоўным свеце аўтапераклад часта аказваецца неабходным крокам дзеля пашырэння аўдыторыі. Да гэтай практыкі звяртаюцца як маладыя, так і сталыя аўтары, але ж галоўны выклік аўтаперакладу — як захаваць гучанне тэксту і не адысці ад сэнсу? Адсюль узнікае напружанне паміж зместам і эстэтыкай, што парушае першапачатковую канву тэкста і нярэдка прымушае аўтара супастаўляць некалькі моўных версій адной працы даволі працяглы час. Аднак кожная праца мусіць мець лагічнае завяршэнне, таму на воркшопе прапануецца выканаць некалькі практыкаванняў, якія дапамогуць у перастварэнні і адчуванні ўласных тэкстаў, што пачынаюць сваё жыццё на розных мовах. Воркшоп правядзе Ксенія Шталенкова, лектарка ЕГУ, а таксама пісьменніца і драматург.

Досвед перакладу паэзіі Бродскага і Шыле, прэзентацыя праектаў герменеўтычнага семінару ЕГУ;

З 2018/2019 года ў ЕГУ распачалася праграма абноўленага герменеўтычнага семінару пад агульнай назвай «Разуменне і творчасць», які вядуць Віктар Марціновіч і Ксенія Шталенкова. Кожны асобны год удзельнікі семінару абіраюць аднаго аўтара і працуюць з яго творчасцю ў межах уласных творчых праектаў. Сярод іх асаблівае месца займае пераклад, таму да Дня роднай мовы на імпрэзе будуць прадстаўленыя два такія праекты. Адзін з іх — пераклад на беларускую мову «Паэмы пра Маленькі Буксір» Іосіфа Бродскага. Аўтарства праекта: студэнткі праграмы «Еўрапейская спадчына» (5 курс, завочная форма) Алеся Алейнік і Людміла Ільіна і студэнт праграмы «Візуальны дызайн» (5 курс, завочная форма) Ягор Яшчэня. Другі праект — пераклад паэзіі Эгона Шыле, прадстаўніка аўстрыйскага экспрэсіянізму, аўтарка праекта: Дзіяна Крывашэй, студэнтка праграмы «Еўрапейская спадчына» (3 курс, завочная форма).

Ілюстрацыю – вершаформу на аснове строфаў «Паэмы пра маленькі Буксір» – падрыхтаваў Антось Сівых.

Важна! Анлайн-мерапрыемства адбудзецца 22 лютага а 18:30 (па Вільні). Для ўдзелу зарэгіструйцеся па спасылцы.

Назад