Мы запрашаем адсачыць і прааналізаваць, якія змены адбываюцца з чалавечымі суб’ектамі – іх целамі і самасцямі, спосабамі публічнага і прыватнага ўзаемадзеяння – у сувязі з разнастайнымі тэхналагічнымі і інстытуцыянальнымі навацыямі ў медыцыне, якія былі рэалізаваны за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Асаблівую ўвагу прапаноўваецца надаць ужыванню і распаўсюду найноўшых біятэхналогій у медыцынскай сферы (як у глабальным, так і ў лакальным кантэкстах) і таму, якія з гэтага вынікаюць калізіі ў плане экзістэнцыйнага досведу, маральнага ацэньвання і неабходнасці прававой рэгламентацыі. Таксама нас цікавіць, як змяняецца свядомасць пацыентаў з аднаго боку, а з другога – самарэфлексія экспертнай медыцынскай супольнасці ў сувязі з паступовай лібералізацыяй грамадскага жыцця і культурнай глабалізацыяй у постсавецкіх краінах.
Ніжэй прапаноўваецца шэраг больш канкрэтных пытанняў і тэм для абмеркавання (спіс не з’яўляецца вычэрпным):
- медыцына 4П: сацыяльныя перспектывы і этычныя калізіі,
- межы паміж лячэннем і ўдасканаленнем,
- пераасэнсаванне смерці і памірання ў эпоху новых медыцынскіх тэхналогій,
- дэ-стыгматызацыя анкалагічных хворых,
- “нейрахімічныя самасці”: распаўсюд ужывання антыдэпрэсантаў як сацыяльная і антрапалагічная праблема,
- распаўсюд і рэгламентаванне дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій у постсавецкіх грамадствах,
- “наратыўны паварот” у медыцыне: вынікі/перспектывы практычнага ўжывання ў заходнім і ўсходнееўрапейскім кантэкстах,
- выбар versus клопат: альтэрнатыўныя логікі ўзаемадзеяння дактароў і пацыентаў у біямедыцыне.
Тэрмін на прадстаўленне артыкулаў – да 15 чэрвеня.
Інструкцыі для аўтараў можна знайсці онлайн.
Каб адправіць матэрыял, калі ласка, зарэгіструйцеся на сайце часопіса Тоpos і запампуйце артыкул з дапамогай кнопкі “Адправіць матэрыял”.
Пры ўзнікненні пытанняў звяртайцеся да вучонага сакратара часопіса Ксеніі Шталенковай по эл. адрасу journal.topos @ ehu.lt.