Новыя фарматы прэзентацыі і папулярызацыі гісторыі – найважнейшы кірунак практычнай дзейнасці для ўсіх неабыякавых да мінулага, хто верыць, што вывучэнне ягоных урокаў можа дапамагчы ва ўладкаванні сучаснасці. Акрамя традыцыйных метадаў – музеефікацыі, правядзення экскурсій і да т.п., новыя тэхналогіі даюць нам вялікія магчымасці для самых нечаканых эксперыментаў: личбавыя праекты, эксперыментальныя пуцяводнікі, мерапрыемствы для лакальных супольнасцяў і г.д. Вялікі ўклад у з’яўленне новых форм прэзентацыі і спажывання інфармацыі аб мінулым унесла пандэмія COVID-19. У сваю чаргу, падзеі апошніх гадоў у Беларусі спарадзілі новы ўсплёск цікавасці да нашай гісторыі. І ўсё ж асноўныя выклікі для падобных праектаў застаюцца нязменныя: як зрабіць іх па-сапраўднаму цікавымі і ўцягваючымі? як забяспечыць іх устойлівасць і самаразвіццё? як выкарыстаць патэнцыял тэхналогій для лепшага раскрыцця сэнсу таго, што апавядаецца?
Гісторыя захавання культурнай спадчыны Беларусі. Як і іншыя нацыі, Беларусы шануюць сваё мінулае, рупліва працуюць дзеля захавання яго сведчанняў. Музеі, рэстаўрацыя, складанне спісаў спадчыны, археалагічныя і этнаграфічныя даследаванні, захаванне гістарычных цэнтраў нашых гарадоў… Так, гісторыя захавання спадчыны поўная страт, але ацаніце і тое, што ўсё ж было зроблена, пачынаючы савецкім часам, гэтак і ў гады незалежнасці. Асноўнае пытанне гісторыі захавання спадчыны Беларусі ў тым, што яна ўсё яшчэ не напісана. Ды і як яе пісаць? Як гісторыю разбурэнняў? Гісторыю рэстаўрацый? Гісторыю прававых актаў ці горадаабарончых кампаній? А яшчэ як структураваць гэтую гісторыю? Па гістарычных перыядах? Па гарадах і найбольш значных помніках? Па біяграфіях вядомых дзеячаў? Па асноўных ідэях захавання?
Пытанняў шмат! Падчас семінара мы хацелі б аб’яднаць абмеркаванне гэтых дзвюх тэм з тым, каб у выніку трохдзённай працы вызначыць калі не гатовыя рашэнні, то хаця б контуры і арыенціры таго як менавіта трэба пісаць і расказваць гісторыю захавання.
Мы чакаем, што семінар будзе складацца з экспертных прэзентацый, а таксама творчай лабараторыі, у якой і будуць выпрацаваны рашэнні або іх контуры.
Мы запрашаем даследчыкаў, экспертаў, практыкаў, актывістаў і, канешне, студэнтаў, якім ёсць чым падзяліцца, і якія нават проста хацелі б прыняць удзел у творчым працэсе.
Калі тэматыка мерапрыемства здаецца вам цікавай, і вы хацелі б прыняць у ім удзел, просім запоўніць дадзеную форму да 15 сакавіка 2023 г.
У выпадку дадатковых пытанняў пішыце на адрас stsiapan.stureika@ehu.lt (Сцяпану Стурэйцы).
Арыентаваны час правядзення семінара – першая палова ліпеня 2023 г. Больш дакладна даты будуць вызначаны на наступных этапах арганізацыі.
Для абмежаванай колькасці ўдзельнікаў па запыце і ў адпаведнасці з наяўнымі рэсурсамі, будзе прапанаваны гатэль, а таксама кампенсаваны праезд і забяспечана харчаванне падчас семінара. Арганізатары не забяспечваюць адкрыццё літоўскай візы.