Тэма нумара: «Пераадольваючы аўтарытарызм: Беларусь і Ўсходнееўрапейскі рэгіён праз 30 гадоў».
Распад Савецкага Саюза выклікаў вельмі супярэчлівыя рэакцыі: экзыстэнцыйная трывога з-за страты звыклай светапогляднай сістэмы каардынатаў і дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны спалучалася са спадзяваннямі на новую будучыню і энтузіястычнай верай у магчымасць пабудовы прынцыпова іншага грамадства. Базавыя ідэалагічныя арыенціры для новага вітка мадэрнізацыі ў новаўтвораных дзяржавах задаваліся двума паняццямі — нацыянальнае адраджэнне і лібералізацыя. Пры гэтым сярод еўрапейскіх краін «постсавецкага рэгіёну», які ўзнік на мапе, у Беларусі ўжо ў 90-ыя гады пазначыліся рэверсіўныя тэндэнцыі: з прыходам да ўлады Лукашэнкі пачалося падаўленне нацыянальнай культуры і ўмацаванне аўтарытарнага кіравання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Новы аўтарытарны рэжым, з аднаго боку, выступаў спадчыннікам савецкай сістэмы, з другога — паслядоўна асвойваў магчымасці, звязаныя з уключэннем Беларусі ў кантэкст глабальнага капіталізму. Гэтая амбівалентная сітуацыя паказвае на абмежаванасць дамінуючай мадэлі інтэрпрэтацыі постсавецкіх сацыяльна-эканамічных трансфармацый у парадыгме транзіталогіі і даганяючай мадэрнізацыі, або пераймання заходніх ліберальных дэмакратый.
У заяўленым нумары мы запрашаем разгледзець 30-гадовую гісторыю і актуальнае становішча ў Беларусі і іншых еўрапейскіх краінах, якія ўзніклі на месцы былых сацыялістычных рэспублік, з пункту гледжання грамадскіх і індывідуальных высілкаў, якія — наўпрост ці ўскосна — былі накіраваныя на пераадоленне аўтарытарызму.
Такі падыход мае дзве метадалагічныя перавагі. Па-першае, ён дапамагае вызваліцца ад лінейнай логікі «постсавецкага транзіту», замяшчаючы суаднясенне з ідэальна-тыповай «заходняй» мадэллю фокусам на комплексным узаемадзеянні лакальных культурна-гістарычных, аксіялагічных, маральных і палітычных фактараў. Па-другое, ён рэзаніруе з сучаснай глабальнай павесткай крызісу дэмакратыі і, у прыватнасці, з умацаваннем аўтарытарных тэндэнцый у некаторых краінах ЕС.
На абмеркаванне выносяцца наступныя пытанні (спіс не з’яўляецца вычарпальным):
- індывідуальныя стратэгіі асваення новых рэгістраў і сфер свабоды пасля распаду СССР: ад адказнасці за ўласнае эканамічнае выжыванне да грамадзянскага актывізму;
- патэрны гвалту ў функцыянаванні дзяржаўных інстытутаў пры аўтарытарных рэжымах;
- умовы ўзнаўлення і ўмацавання аўтарытарных рэжымаў: унутраныя і знешнія фактары;
- нацыянальная павестка і аўтарытарнае кіраванне;
- тэарэтычныя падставы і ідэалагічныя перадумовы крытыкі аўтарытарызму;
- гендарная крытыка аўтарытарных рэжымаў і палітычны патэнцыял жаночага актывізму;
- грамадзянская суб’ектнасць і феномен салідарнасці ў масавых пратэстных рухах супраць аўтарытарных рэжымаў у рэгіёне ў апошнія два дзесяцігоддзі;
- Беларуская рэвалюцыя як школа палітычнага жыцця: гарызантальная мабілізацыя, новыя лакальныя супольнасці і перспектывы будучай дэмакратызацыі дзяржавы і грамадства.
Мы вітаем міждысцыплінарнасць, спалучэнне філасофскай і экспертнай аналітыкі, тэарэтычных і эмпірычных даследаванняў, кампаратыўны падыход (супастаўленне вопыту розных краін), а таксама абмеркаванне рэлевантных рэгіянальных аўтараў.
Тэрмін — да 1 кастрычніка.
У нумар прымаюцца матэрыялы на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Каб адправіць матэрыял, калі ласка, дашліце ваш матэрыял на адрас: journal.topos@ehu.lt (з паметкай Topos_Submission).
Калі пасля разглядання заяўкі Рэдкалегія паведаміць вам аб прыняцці вашага матэрыяла да публікацыі, калі ласка, зарэгіструйцеся на сайце часопіса Тоpos па спасылцы і запампуйце артыкул з дапамогай кнопкі «Адправіць матэрыял» з улікам правіл афармлення, прынятых у часопісе. Інструкцыі для аўтараў можна знайсці па спасылцы. Пры ўзнікненні пытанняў звяртайцеся да вучонага сакратара часопіса Ксеніі Шталенковай по адрасу: journal.topos@ehu.lt