Лекцыі будуць чытаць запрошаныя даследчыкі з Беларусі, Украіны і Расіі, якія атрымліваюць зараз стыпендыйную падтрымку ва ўніверсітэце. Адна з задач універсітэта – падтрымка тых навукоўцаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій і за выказванне антывайсковай пазіцыі. Таксама ўніверсітэт намагаецца падтрымліваць і навукоўцаў з Украіны, якія знаходзяцца ў складанай сітуацыі расійскай вайсковай агрэсіі. Мова лекцый – беларуская, украінская і расійская.
Распачнецца гэты цыкл 12 студзеня з лекцыі кандыдата сацыялагічных навук Аляксея Ластоўскага на тэму “Перакадзіраванне нацыі: падсумаванне Года гістарычнай памяці ў Беларусі”.
Усе лекцыі будуць пачынацца ў 18.00 і адбывацца ва аўдыторыі 110 корпуса ЕГУ (Savičiaus g. 17).
Таксама лекцыі будуць трансліравацца праз ZOOM, для рэгістрацыі на курс лекцый анлайн, калі ласка, запоўніце наступную форму.
Тэматычны расклад лекцый (могуць адбывацца невялікія змены):
12.01 – Аляксей Ластоўскі. Перакадзіраванне нацыі: падсумаванне Года гістарычнай памяці ў Беларусі
26.01 – Наталля Супян. Супраціў у нацысцкай Германіі: шлях да аднаўлення і адкуплення
02.02 – Ілля Праснякоў. Акадэмічная свабода ва ўмовах палітызацыі: погляд з вебераўскай перспектывы
09.02 – Алег Малюгін. Калабарацыя і супраціў: акадэмік М.М.Нікольскі ў акупаваным Мінску (1941-1943 гг.)
16.02 – Юрый Латыш. Палітыка памяці Украіны ва ўмовах расійскай агрэсіі
02.03 – Яўген Красулін. Легітымацыя царскай улады ў старажытных майя
09.03 – Андрэй Мастыка. Беларускі фактар у дзейнасці Ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні (1919-1939)
16.03 – Аляксандр Быстрык. “Беларускае пытанне” у мясцовай прэсе паміж дзвюма рэвалюцыямі 1917 г.
23.03 – Наталля Ржэўская. Нацыянальная ідэнтычнасць у эпоху вайны. Эга нацыі
06.04 – Ала Шэндзерава. Сучасны расійскі тэатр і новы акцыянізм
13.04 – Віктар Хруль. Сакралізацыя вайны ў расійскіх СМІ
20.04 – Святлана Прышчанка. Плакат як інструмент палітычнай прапаганды