Запрашаем галасаваць за ўзнагароду «Выбітнаму выпускніку ЕГУ»

У 2017/18 навучальным годзе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) у шосты раз ўручыць ўзнагароду «Выбітнаму выпускніку ЕГУ». У гэты раз шорт-ліст прадстаўлены Лізаветай Бобрыкавай, Уладзімірам Ковалкіным і Цімафеем Савіцкім. Анлайн-галасаванне працягнецца да 10 траўня.

У анлайн-галасаванні могуць прыняць удзел усе студэнты, выпускнікі, выкладчыкі і супрацоўнікі ЕГУ. Пераможца атрымае ганаровы сертыфікат, а таксама ў навучальным корпусе ўніверсітэта будзе ўсталяваная ганаровай таблічка ў яго ці яе гонар.

Агульная колькасць выпускнікоў, намінаваных супольнасцю ЕГУ на атрыманне ўзнагароды, склала 9 чалавек. Камітэт па прысуджэнні ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку ЕГУ» у складзе Прэзідэнта ЕГУ акад. Анатоля Міхайлава, Рэктара праф. Сяргея Ігнатава, кіраўніка акадэмічнай часткі праф. Аляксандра Калбаскі, трох выпускнікоў, адабраных выпадковым чынам з ліку тых, хто ўнёс ахвяраванні ў фонд стыпендыі выпускнікоў ЕГУ, і прэзідэнта Студэнцкага прадстаўніцтва Цімафея Малахоўскага, разгледзеў усе заяўкі і склаў шорт-ліст кандыдатаў.

Важна! Прагаласаваць за аднаго з кандыдатаў можна да 10 траўня па спасылцы.

Шорт-ліст:

Лізавета Бобрыкава (Бакалаўрская праграма «Медыя і камунікацыя», выпуск 2011 года. Магістарская праграма «Візуальныя і культурныя даследаванні», выпуск 2014 года).

Сумяшчае працу ў Booking.com і вядзенне аўтарскага праекта індустрыі «Bel:Cinema» пры Мінскім кінафестывалі «Лістапад». Выпускніца міжнароднага праекта «SOFA» 2016/2017. Удзельніца і дакладчыца Форума Creative Europe-2017 (Ерэван, Арменія).

Прадстаўніца кінаіндустрыі ад Беларусі: Міжнародны кінафестываль у Карлавых Варах, Міжнародны кінафестываль у Вільні, Берлінскі міжнародны кінафестываль «Берлінале».

Уладзімір Кавалкін (Магістарская праграма «Публічная палітыка», выпуск 2012 года)

Кіруе праектамі «Кошт урада», «Адкрытыя закупкі», «Зручны горад», піша шматлікія аналітычныя матэрыялы для найбуйнейшых медыя-парталаў Беларусі і з’яўляецца найбольш прыкметным актывістам у галіне барацьбы з карупцыяй у Беларусі. Уладзімір з’яўляецца экспертам Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання.

Цімафей Савіцкі (Бакалаўрская праграма “Міжнароднае права”, выпуск 2013 года)

Юрысконсульт інвестыцыйнага фонду Haxus (праекты MSQRD, Maps.me, Fabby, Фло і іншыя). Выкладчык дысцыплін «Права інтэлектуальнай уласнасці», «Супрацьдзеянне карупцыі» і «Асновы права» ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Аўтар шматлікіх публікацый юрыдычнай накіраванасці ў беларускіх СМІ і юрыдычных выданнях. Стыпендыят праграмы Фулбрайт 2015 года (Чыкагская школа права Джона Маршала).

Раней працаваў юрыстам у міжнароднай юрыдычнай фірме COBALT, юрыдычны кансультант у стартап-інкубатары Serendipity Innovations (Стакгольм, Швецыя). Стажыраваўся ў міжнароднай арганізацыі FINCA International (Вашынгтон, ЗША).

Назад