Запрашаем на бясплатныя курсы ад Цэнтра беларускіх і рэгіянальных даследаванняў

Запрашаем вас на бясплатныя курсы ад Цэнтра беларускіх і рэгіянальных даследаванняў Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ.

Вялікае Княства Літоўскае: гісторыя, памяць, спадчына; 12 ECTS

Вялікае Княства Літоўскае – старажытная дзяржава, якая знікла больш за два стагоддзі таму, але яна дасюль не дае спакою не толькі гісторыкам, але і звычайным грамадзянам многіх краін, а для літоўцаў і беларусаў яна стала правобразам пабудовы ўласных дзяржаў. Таму пра мінулае ВКЛ вядуцца зацятыя спрэчкі, а падзеі з далёкага мінулага набываюць і не страчваюць сваёй актуальнасці. У рамках курса па гісторыі ВКЛ мы прапануем пагаварыць пра тое, як і адкуль мы ведаем пра існаванне гэтай дзяржавы; дзе адбылася каранацыя «караля Літвы»; на якой мове размаўлялі Вітаўт і Жыгімонт Стары; кім сябе лічылі Радзівілы і Сапегі; ВКЛ было шматэтнічнай і шматканфесійнай дзяржавай, да канца XIV ст. ВКЛ была апошняй еўрапейскай дзяржавай, дзе афіцыйна існавала язычніцтва; пра што нам кажуць свецкія і сакральныя будынкі готыкі, рэнесансу і барока. І, урэшце, якой атрымалася гісторыя ВКЛ у кожнага з народаў-спадкаемцаў?

Нашыя выкладчыкі: гісторыкі, архівісты, кандыдаты гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў і Мікола Волкаў.

У сферу навуковых зацікаўленасцей Дзяніса Лісейчыкава ўваходзяць гісторыя штодзённасці, генеалогія, канфесійная гісторыя, пахавальная культура.

У сферу навуковых інтарэсаў Міколы Волкава ўваходзяць гісторыя архітэктуры, урбаністыка, ваенная справа і ўзбраенне ВКЛ.

«Родная Еўропа»: літаратурная геаграфія сучаснай беларускай, літоўскай, польскай, украінскай культуры; 12 ECTS

У межах нашага курсу мы бліжэй пазнаёмімся з творчасцю сучасных беларускіх, літоўскіх, украінскіх, польскіх пісьменнікаў і паэтаў; разгледзім канцэпцыю Цэнтальнай і Ўсходняй Еўропы як літаратурную праблему; прааналізуем, як топавыя ідэалогіі сучаснасці (анархізм, нацыяналізм, глабалізм, мультыкультуралізм, рэгіяналізм, фемінізм, экалагічнае мысленне і інш.) увасабляюцца ў гэтых літаратурах; прасочым шматмоўнасць і шматкультурнасць гэтых літаратур ад часоў ВКЛ да нашых дзён; даследуем канцэпты «генія месца» і урбанізму ад Ракава да Кракава, зірнем на літаратурныя вобразы гарадоў-«палімпсестаў»; прыгледзімся да культуры памежжа і феномену «літаратурнай кантрабанды»; пабачым, як уласцівыя для нашай культуры старыя міфы адгукаюцца ў сучаснай літаратурнай міфатворчасці.

Курс чытаюць дасведчаныя практыкі сучаснай літаратуры Андрэй Хадановіч і Марыя Мартысевіч – паэты, перакладчыкі і літаратуразнаўцы. Навучанне таксама прадугледжвае сустрэчы з запрошанымі на заняткі пісьменнікамі-віленчукамі і гасцямі Вільні з розных краін. Курсы арганізаваныя для студэнтаў пастаяннай (вочнай) формы навучання і пастаяннай сесійнай (завочнай) формы навучання.

Курсы для студэнтаў пастаяннай формы будуць праходзіць у аўдыторыях модулямі (1 модуль = 1 тыдзень па 2 гадзіны штодня з 16.50, 6 модуляў за семестр).

Курсы для студэнтаў пастаяннай сесійнай формы і МА будуць праходзіць анлайн (працоўныя дні, 2 разы на тыдзень на працягу семестра).

Спрацоўнікі могуць далучыцца да дзённых груп альбо да вячэрніх.

Форма для рэгістрацыі

Заяўкі прымаюцца да 4 сакавіка.

Пасля паспяховага заканчэння курса вам будзе выдадзены сертыфікат.

Центр беларускіх і рэгіянальных даследаванняў

cbrs@ehu.lt

+370 2639650

Назад