Запрашэнне да ўдзелу ў чарговым выпуску альманаха «CTRL+S»!

Альманах CTRL+S – штогадовы часопіс праграм ЕГУ па культурнай спадчыне. Яго назва «CTRL+S» – кампутарная каманда «захаваць» – гэта спроба вырвацца за межы сэнсавых клішэ, знайсці новую мову для працы са спадчынай, якая не ігнаруе рэчаіснасць XXI стагоддзя. Акадэмічныя артыкулы суседнічаюць тут з інтэрв’ю, а таксама аглядамі найноўшых падзей. Наша мэта – паказ еўрапейскай перспектывы культурнай спадчыны Беларусі, як у сэнсе яе гістарычнай перадвызначанасці, гэтак і праз разгляд сучасных практык працы з артэфактамі мінулага.

Першы выпуск альманаха ў 2021 г. быў прысвечаны тэме «Еўрапейская спадчына», другі – «Спадчына як выпрабаванне», трэці – «Утопіі нашай спадчыны».

Запрашаем дасылаць матэрыялы ў чацверты выпуск, сёлетняя тэма якога – «Права на спадчыну»!

Культурная спадчына – гэта сацыяльная з’ява і сродак камунікацыі. Спадчына – не проста старыя камяні або фальклорныя абрады. Гэта – перадусім каштоўнасці і сэнсы, накіраваныя не столькі на мінулае, колькі на сучаснасць і будучыню. Заяўляючы аб сваёй спадчыне, нацыянальныя супольнасці ды іншыя носьбіты культуры паведамляюць іншым аб уласным існаванні, легітымізуюць права на культурную своеасаблівасць і прыцягваюць увагу да бягучых праблем.

Права на спадчыну, на доступ да культурных каштоўнасцяў і ўдзел у кіраванні імі з’яўляецца часткай агульнай канцэпцыі культурных правоў, заснаванай на правах чалавека, якая уключае ў сябе права на самавызначэнне, права на ўдзел у культурным жыцці; культурныя правы меншасцяў; права на адукацыю; свабоду меркаванняў і іх выказвання; свабоду рэлігіі і перакананняў.

У чарговым выпуску часопіса мы запрашаем аўтараў паразважаць пра права на спадчыну ў наступных аспектах:

  • Міжкультурны дыялог. Еўрапейскія гарады ніколі не былі монакультурнымі. Гарадскія супольнасці – гэта кангламераты культурных, рэлігійных, этнічных супольнасцей. Як выбудоўваюцца адносіны паміж імі? Як яны праяўляюць сябе ў гарадскім асяроддзі? Як абараняюць свае каштоўнасці і распавядаюць аб уласнай гісторыі? У чым навізна і спецыфіка міжкультурнага дыялога ў 21 стагоддзі ў нашым рэгіёне Еўропы?
  • Функцыянаванне супольнасцей спадчыны. Спадчыны наогул не існуе, як жывой з’явы, без наяўнасці адпаведнай ёй супольнасці канкрэтных асоб, якія ёй апякуюцца і перадаюць наступным пакаленням. Што вызначае гэтыя супольнасці? Як яны развіваюцца і пераадольваюць выклікі 21 стагоддзя? У чым спецыфіка існавання іх у таталітарных і дэмакратычных краінах?
  • Выкарыстанне сацыяльнага патэнцыяла культурнай спадчыны. Культурная спадчына можа выкарыстоўвацца як медыюм, як інструмент дзеля вырашэння сацыяльных праблем. Адаптацыя меншасцяў, доступ да культуры, агучванне канфліктаў і да т.п. – як гэта адбываецца ў нашым грамадстве? Якія ёсць паспяховыя і няўдалыя прыклады? Ці могуць сучасныя тэхналогіі дапамагчы ў лепшым раскрыцці патэнцыялу спадчыны?

Да працы над альманахам запрашаюцца даследчыкі, эксперты па культуры і спадчыне, а таксама студэнты і магістранты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Мы зацікаўлены ў асэнсаваных эксперыментальных выказваннях у наступных фарматах:

  • Класічныя акадэмічныя артыкулы;
  • Акадэмічныя эсэ;
  • Інтэрв’ю;
  • Агляды твораў і падзей;
  • Графічныя праекты;
  • Іншыя эксперыментальныя фарматы.

З выпадку тэкставых матэрыялаў, іх чаканы аб’ём: акадэмічныя артыкула – 30.000 знакаў, эсэ – каля 20.000 знакаў, уключаючы прабелы. Мовы публікацыі: беларуская, руская, англійская.

Для таго, каб узяць удзел, просім да 30 сакавіка дасылаць ідэі/тэмы матэрыялаў з іх кароткім (1-2 абзацы) апісаннем. Правілы афармлення і іншыя тэхнічныя дэталі будуць абмеркаваныя з аўтарамі пасля ўзгаднення тэматыкі матэрыялу.

Навуковы рэдактар альманаха: PhD, Дац. Сцяпан Стурэйка.

Адрас: stsiapan.stureika@ehu.lt. Тэма ліста: Альманах – 2024.

Назад