Збор заявак на прэмію Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшыя навуковыя і студэнцкія працы

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе збор намінацый на Прэмію за найлепшую навуковую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін па выніках 2018 года.

Задача прэміі – адзначыць найлепшыя дасягненні ў сацыяльных, палітычных і гуманітарных навуках, заахвочваць даследчую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковых даследаванняў.

Камітэт Кангрэса запрашае прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці вылучыць на Прэмію найлепшыя навуковыя публікацыі і зрабіць свой унёсак у папулярызацыю дасягненняў беларускай навукі і ўзнагароджанне іх аўтараў за іх дасягненні. Урачыстае наданне прэміі адбудзецца 28 верасня падчас VIII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Вільні. Дэталі будуць абвешчаныя пазней.

Фундатары Прэміі: Беларускі дабрачынны фонд (Лондан), Беларускі Інстытут Амерыкі, сям’я Кіпель (ЗША).

Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:

  • Гісторыя;
  • Філасофія;
  • Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.

Праводзіцца асобны конкурс для навуковых манаграфій і артыкулаў.

У гэтым годзе камітэт праводзіць асобны конкурс па філасофіі, будуць разглядацца публікацыі за 2015-2018 гг. Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей. Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння экспертных рад, якія складаюцца з беларускіх і замежных навукоўцаў.

Таксама Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі абвяшчае конкурс на лепшую студэнцкую працу, абароненую ў 2016/2017 і 2017/2018 па беларускай тэматыцы. Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні беларускіх студэнтаў у сацыяльных і гуманітарных навуках, падтрымаць іх творчую і даследчую актыўнасць, а таксама паспрыяць паляпшэнню якасці студэнцкіх пісьмовых прац.

Заклікаем аўтараў, а таксама іх навуковых кіраўнікоў намінаваць лепшыя студэнцкія працы і, такім чынам, паспрыяць вызначэнню лепшых студэнцкіх дасягненняў у сацыяльных і гуманітарных навуках.

Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:

  • Лепшая магістарская праца;
  • Лепшая бакалаўрская праца;
  • Лепшая творчая праца.

Вылучыць на прэмію можна любую працу, абароненую ў беларускай ВНУ ці ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

Прапановы прымаюцца па адрасе premija@palityka.org да 25 красавіка. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў размешчана онлайн.

Арганізатарамі і партнёрамі Кангрэса выступаюць: Інстытут “Палітычная сфера” (Мінск), Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня), Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Каўнас), Універсітэт Вітаўта Вялікага (Каўнас, Вільня), Міністэрства замежных спраў Літвы і іншыя

Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у працы якой бяруць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання палітыкі, грамадства і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса з’яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену думкамі і ідэямі, ўсталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцяў Беларусі і іншых краін.

Місія Кангрэса – развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама садзейнічанне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічным і грамадскім асяроддзі краіны, рэгіёну і свету.

На Кангрэс збіраюцца звыш 500 навукоўцаў і экспертаў з Беларусі і замежжа, чакаюцца дыскусіі і прэзентацыі, а таксама наданне Прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі і студэнцкія працы па выніках 2018 года.

 

Назад