Выконваючы абавязкі рэктара Вілюс Шадаўскас (з 1 сакавіка 2024 г.)
Вілюс Шадаўскас атрымаў PhD ступень ва Універсітэце Вітаўтаса Вялікага. Падчас вучобы ў дактарантуры ён таксама асвоіў курс філасофіі вышэйшай адукацыі ў Каўнасскам тэхналагічным універсітэце. Мае ступень магістра гісторыі. Вілюс Шадаўскас доўгі час быў у складзе адміністрацыі Універсітэта. Пасля прыходу ў ЕГУ у 2018 годзе займаў розныя пасады, у асноўным звязаныя з рэформамі, інавацыямі і ўдасканаленнем палітыкі ў галіне даследчай (мастацкай) дзейнасці. У якасці кіраўніка Цэнтра стратэгічнага планавання і развіцця ён адказваў за каардынацыю стратэгічнага развіцця ўстановы. У 2023 годзе былым рэктарам Кшыштафам Рыбіньскі ён быў прызначаны канцлерам ЕГУ. Да прыходу ў ЕГУ Вілюс Шадаўскас працаваў у Літоўскім універсітэце педагагічных навук, дзе пад кіраўніцтвам прарэктара па навукова-даследчай працы адказваў за менеджмент і інавацыі ў сферы даследчай (мастацкай) дзейнасці.
Былыя Рэктары ЕГУ
Акадэмік Анатоль Міхайлаў — выбітны беларускі навуковец і філосаф, які працуе ў галіне фенаменалогіі, герменеўтыкі і філасофіі адукацыі.
Акад. Анатоль Арсеньевіч Міхайлаў быў ініцыятарам стварэння Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і стаў першым Рэктарам ЕГУ у 1992 годзе.
Анатоль Міхайлаў скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт у 1961 годзе. У 1966 годзе ён атрымаў ступень доктара філасофіі ў Енскім універсітэце ім. Фрыдрыха Шылера (Германія). Акад. Міхайлаў з’яўляецца сябрам Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У 2003 годзе акадэмік Міхайлаў быў уганараваны званнем афіцэра Ордэна Акадэмічных пальмаў Францыі, а ў 2004 годзе атрымаў прэстыжную ўзнагароду Германіі – Медаль Гётэ, а ў 2007 годзе – дэмакратычную прэмію амерыканскага Фонду імя Іона Раціу.
З 1 кастрычніка 2014 года па 5 студзеня 2021 года акад. Міхайлаў займаў пасаду Прэзідэнта ЕГУ.
Прафесар Г. Дэвід Полік быў прызначаны Рэктарам ЕГУ 3 красавіка 2015 года. Да гэтага праф. Д. Полік выконваў абавязкі рэктара ЕГУ з 1 кастрычніка 2014 года.
Прафесар Полік атрымаў ступень бакалаўра ў галіне філасофіі ва Універсітэце Сан-Дыега, ступень магістра філасофіі ва Універсітэце Атавы, Папскі ліцэнзіят ў філасофіі (Ph.L.) ва Універсітэта Святога Паўла ў Атаве, ступень доктара філасофіі ва Ўніверсітэце Атавы ў галіне фенаменалогіі герменеўтыкі, эстэтыкі і гісторыі мастацтваў.
Прафесар Полік быў прэзідэнтам і прафесарам філасофіі ў чатырох амерыканскіх вышэйшых навучальных установах: інстытуце Мастацтваў у Чыкага, каледжы ў Лебанон-Вэлі, Паўднёвым каледжы ў Бірмінгеме і Джяржаўным універсітэце Нью-Ёрка (Кортлэнд), дзе ён быў таксама провастам і віцэ-прэзідэнтам па акадэмічных пытаннях. Ён быў таксама дэканам Каледжа мастацтваў і навук ва ўніверсітэце Сіэтла ў Вашынгтоне, дырэктарам Міжнароднага каледжа і загадваў кафедрай філасофіі ва ўніверсітэце Сэнт-Джонс.
Ёрген Ёргенсэн быў прызначаны на пасаду часова выконваючага абавязкі рэктара ЕГУ 3 кастрычніка 2016 года.
Ёрген Ёргенсэн скончыў Універсітэт Капенгагена са ступенню магістра эканомікі. Цягам сваёй кар’еры ў галіне топ-менеджменту ён таксама завяршыў Еўрапейскую лідарскую праграму ў галіне аховы здароўя ў прэстыжнай французскай бізнэс-школе INSEAD.
Да прыходу ў ЕГУ спадар Ёргенсэн займаў пасаду Дырэктара адміністрацыі Універсітэта Орхуса, другога па велічыні ўніверсітэта Даніі. Цягам сваёй кар’еры сп-р Ёргенсэн працаваў у Міністэрстве сельскай гаспадаркі Даніі і Міністэрстве аховы здароўя і ўнутраных спраў Даніі, муніцыпалітэце Капенгагена, а таксама больш за 20 гадоў узначальваў найбуйнейшыя бальніцы Даніі, дзе ён паспяхова рэалізаваў структурныя, фінансавыя і арганізацыйныя рэформы.
Праф. Сяргей Ігнатаў — міжнародна прызнаны егіптолаг, аўтар кніг «Марфалогія класічнага Егіпта», «Мудрасць старажытных егіпцян», «Егіпет фараонаў», «Папірус не расце на камяні», «Цела бога» і больш за 40 акадэмічных публікацый, прысвечаных праблемам лінгвістыкі, гісторыі і рэлігіі Старажытнага Егіпта.
У 2009-2013 гг. праф. Ігнатаў займаў пасаду міністра адукацыі, моладзі і навукі ва ўрадзе Балгарыі пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Бойка Барысава. На пасадзе міністра праф. Ігнатаў ажыццявіў шэраг грунтоўных рэформаў у галіне пашырэння ўніверсітэцкай аўтаноміі і дыверсіфікацыі мадэляў фінансавання вышэйшай адукацыі. Раней, у 2002-2009 гг., праф. Ігнатаў быў рэктарам найбольш прыкметнага прыватнага балгарскага ўніверсітэта – Новага балгарскага ўніверсітэта.
Акадэмічная кар’ера праф. Ігнатава пачалася на пасадзе лектара Сафійскага ўніверсітэта імя Св. Клімента Ахрыдскага. Напрыканцы 90-х гадоў ён пачаў працу ў Новым балгарскім універсітэце, дзе займаў пасаду дэкана Бакалаўрскай школы. Перш чым стаць Рэктарам ЕГУ, ён узначальваў Балгарскі інстытут егіпталогіі.
Праф. Ігнатаў атрымаў доктарскую ступень па егіпталогіі ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Ён таксама быў стыпендыятам Оксфардскага ўніверсітэта (Каледж All Souls). Апроч роднай балгарскай мовы, праф. Ігнатаў валодае рускай, англійскай і французскай мовамі. Ён таксама выкладае егіпецкую (копцкую), асіра-вавілонскую (акадскую) і старажытнагрэчаскую мовы.
Прафесар Кшыштаф Рыбіньскі з’яўляецца дасведчаным выкладчыкам курсаў для студэнтаў як ступені бакалаўра, так і магістра, аўтарам больш як 90 навуковых артыкулаў па эканоміцы, сотняў газетных артыкулаў і некалькіх кніг.
У апошнія гады яго даследаванні былі скіраваныя на пытанні выкарыстання штучнага інтэлекту ў такіх галінах, як эканоміка, менеджмент і вышэйшая адукацыя. У дадатак да сваёй акадэмічнай дзейнасці прафесар Кшыштаф Рыбіньскі мае шырокі досвед працы ў дзяржаўнай палітыцы і прыватным сектары. Вольна валодае польскай, ангельскай і расійскай мовамі.
Прафесар Кшыштаф Рыбіньскі займаў пасаду рэктара ЕГУ з 3 красавіка 2023 года па 29 лютага 2024 года.