Асновай курса з’яўляецца ідэя цьютарата, г. зн. саманавучанні студэнтаў пад кіраўніцтвам больш дасведчаных калег. Тэматычна заняткі былі звязаныя з семінарамі Цэнтра нямецкіх даследаванняў, якія праводзіў кіраўнік Цэнтра дацэнт Фелікс Акерман. Студэнты, ахвотныя да вывучэння нямецкай мовы, атрымалі магчымасць у цёплым і сяброўскім коле палепшыць свае моўныя веды.
«Сярод знаёмых студэнты значна больш ахвотна выказваюць свае думкі і не саромеюцца гаварыць і рабіць памылкі, – кажуць цьютаркі Францыска і Маліна. – А нам самім было вельмі прыемна працаваць з беларускімі студэнтамі. Вельмі цешаць іх поспехі, бо прагрэс у канцы семестра сапраўды быў відавочны».
На занятках студэнты разам чыталі самыя апошнія навіны з нямецкіх медыя, слухалі і пелі песні, глядзелі фільмы. Семінары былі прысвечаныя як актуальнай палітычнай сітуацыі ў Еўропе, так і знаёмству з асаблівасцямі маладзёвай культуры Германіі.
Студэнтка ЕГУ Надзея Кандакова, якая актыўна ўдзельнічала ў праекце, дзеліцца сваімі ўражаннямі: «Я вельмі ўдзячная Маліне і Францы за іх заняткі, таму што яны былі вельмі насычаныя і жывыя. Было безліч усяго цікавага: ад відэа пра законы ў Германіі да песень нямецкіх рэпераў. Гэта выдатны шанец практыкаваць і развіваць свае навыкі нямецкай з носьбітамі мовы, а таксама паглядзець на актуальныя сусветныя праблемы з іншай перспектывы. Для мяне гэта бясконцая колькасць магчымасцяў, а галоўнае, карысць і выдатны настрой пасля заняткаў, на якіх пануе сяброўская атмасфера».