У адмысловым інтэрвію выпускнік дзеліцца ўласным досведам працаўладкавання ў галіне ІТ пасля сканчэння гуманітарнай праграмы навучання і таксама распавядае пра навыкі і досвед, які ён атрымаў падчас навучання ў ЕГУ.
Уладзіслаў, перш найперш прыміце нашыя віншаванні з нараджэннем дачкі! З фэйсбука ведаем, што вы яе назвалі Ядвіга, што у вольным перакладзе са старажытнанямецкай мовы азначае «змагарка». Чаму вырашылі даць менавіта гэтае імя?
Шчыра дзякую за віншаванні! Мы далі такое імя, бо нашай Беларусі не зашкодзіць яшчэ адна змагарка з палымяным сэрцам і моцным стрыжнем. А калі сур’ёзна, то імя мы з жонкай абіралі даволі доўга і грунтоўна, былі і лонгліст, і шортліст з некалькіх варыянтаў. Сыйшліся на Ядзвізе, бо знайшлі інфармацыю, што нямала прынцэс у Сярэдневеччы клікалі менавіта так. Да таго ж імя падалося нам мілагучным, даволі рэдкім і не без беларускага каларыту.
Што патрэбна, каб практыка адраджэння традыцыйных імёнаў стала больш распаўсюджанай у сучаснай Беларусі?
Патрэбна, каб нацыянальна свядомыя бацькі, якія вырашаюцца называць сваіх дзяцей традыцыйнымі імёнамі, як мага гучней заяўлялі аб сабе і сваіх правах ў іншых сферах жыцця. Трэба дабівацца беларускамоўных групак у садках, пазней – заняткаў на мове ў школах. Мы маем вельмі багатую гістарычную спадчыну, нашыя продкі мелі традыцыйныя імёны, таму няма нічога незвычайнага, што цяпер мы адраджаем гэтую справу. Спадзяюся, з далейшым абуджэннем нацыянальнай свядомасці гэтая практыка будзе больш распаўсюджанай.
Вы і Вашая жонка беларускамоўныя. На якой мове плануеце гадаваць дачушку?
З майго папярэдняга адказу вынікае, што таксама на беларускай. Безумоўна, забароны рускай мовы не будзе, усім зразумела, што тая русіфікацыя, што адбывалася і працягвае адбываецца ў нашыя дні, накладвае адпаведны адбітак. Да таго ж, руская мова вельмі дапамагае ў камунікацыі як у Балтыйскіх краінах, так і ў краінах СНД. Увогуле, чым больш моў будзе ведаць нашая дачка, тым будзе лепш для яе. Я сам валодаю, апрача беларускай ды рускай, англійскай, разумею і крыху размаўляю на польскай ды ўкраінскай, вывучаў нямецкую і партугальскую. Таму я лічу, што валоданне мовамі – прыкмета сучаснага і адукаванага чалавека.
Уладзь, распавядзіце пра Вашую працу пасля завяршэння ЕГУ. Чым Вы цяпер займаецеся?
Я ўжо 3 гады працую ў беларуска-амерыканскім гіганце IT-сфэры, кампаніі EPAM Systems. Зараз я маю пасаду старэйшага спецыяліста па суправаджэнні праграмнага забеспячэння. Мая праца складаецца з вырашэння складаных аналітычных запытаў, якія даволі часта не маюць апісаных інструкцый, таму я актыўна камунікую з больш высокімі ўзроўнямі падтрымкі, ў тым ліку з распрацоўнікамі прадуктаў і прыладаў. Нашая задача – як мага больш хутка і эфэктыўна вырашыць праблему рэквестара, каб задаволенасць прадуктамі кампаніі заставалася на ўзроўні 95% і вышэй і не ніжэй, чым 90%.
Як спалучаюцца дыплом бакалаўра спадчыны і праца ў IT-сферы? Чым гуманітарная адукацыя карысная для тых, хто працуе ў IT?
На першы павярховы погляд нібыта ніяк не спалучаюцца, але калі капнуць глыбей, то высвятляецца, што дыплом бакалаўра спадчыны перадусім з’яўляецца паказнікам рознабаковага развіцця чалавека, яго выдатных камунікатыўных здольнасцяў. Гуманітарыі ўвогуле адрозніваюцца вельмі высокай гнуткасцю ды стрэсаўстойлівасцю, а менавіта гэтыя якасці надзвычай высока цэняцца і ў IT-сфэры. Гуманітарная адукацыя надзяляе асобу здольнасцю знаходзіць агульную мову з вялікай колькасцю людзей, крытычна мысліць, разбірацца й паглыбляцца ў зусім нетыповую прафілізацыю. Увогуле ж, у сучасным свеце трэба шмат у чым быць гатовым да няспыннай самаадукацыі, не варта моцна спадзявацца на магічную моц дыплома.
Ці сярод Вашых калег сустракаеце выпускнікоў гуманітарных накірункаў адукацыі? Якім чынам атрымліваецца ў іх прыстасавацца да патрэбнасцяў ІТ сферы?
Большая частка маіх цяперашніх калег – гэта выпускнікі гуманітарных спецыяльнасцяў, магчыма, менавіта таму з імі так лёгка і весела працаваць поплеч. Таксама хапае выпадкаў, калі знаёмыя з гуманітарнай адукацыі «ўваходзілі ў IT» і цяпер сталі паспяховымі распрацоўнікамі і тэставальнікамі менавіта ўжо ў тэхнічнай сферы. То бок, усё цалкам магчыма, галоўнае – працаваць над сабой і сваімі ведамі. Гуманітарый – гэта не раўназначна, што ты будзеш няшчасны і не запатрабаваны на рынку працы, гуманітарная адукацыя развівае чалавека настолькі, што ён насамрэч гатовы да любых выклікаў у прафесійным станаўленні.
Падчас навучання ў ЕГУ Вы ўдзельнічалі ў праграме студэнцкіх абменаў і правялі частку навучання ў Партугаліі. Распавядзіце, калі ласка, аб тым адукацыйным досведзе, які Вы атрымалі ва Універсітэце Авейру?
Так, мне пашчасціла на семестар паехаць навучацца ва ўнівэрсытэт Авейру, калі я быў на апошнім курсе навучаньня ў ЕГУ. Я апынуўся ў захапленні ад Партугаліі і знаходжуся пад ім дагэтуль. Надзвычай прыгожая, гасцінная і вытанчаная краіна, бязмежны Атлантычны акіян…
Адукацыйны досвед быў вельмі багатым на падзеі, шмат у чым нават шокавым. Апынулася, што аналагу маёй праграмы «Культурная спадчына й турызм» у Авейру папросту няма, факультэт наш хоць і быў звязаны з турызмам, але ўсё ж пераважна меў эканамічныя дысцыпліны. Таму прыходзілася прыстасоўвацца да складаных курсаў, з формуламі і вышэйшай матэматыкай, што кардынальна адрознівалася ад курсаў у ЕГУ.
Яшчэ адным сюрпрызам стала тое, што калі на лекцыях прысутнічала малая колькасць міжнародных студэнтаў па абмене, то выкладчык падпарадковаўся пажаданням мясцовых студэнтаў і праводзіў лекцыі на роднай партугальскай мове. Таму прыходзілася выкручвацца – падыходзіць да выкладчыка індывідуальна, прасіць каротка патлумачыць змест лекцыі па-англійску, спытаць пра адпаведную літаратуру на англійскай мове, каб адшукаць яе потым у бібліятэцы (якая, да слова, была надвычай шыкоўная!).
Яшчэ было цікава, што ў Партугаліі дзейнічае 20-бальная сыстэма адзнак, прычым што адзнакі ў 19 і 20 балаў атрымаць было амаль немагчыма, гэта вымагала надзвычай індывідуальнага і творчага падыходу да выканання задання. Пасля іх перазаліку па 10-бальнай сыстэме апынулася, што я падсапсаваў сабе карціну ў дыпломе. Але, паўтаруся, гэта быў надзвычай карысны досвед, які я не прамяняў бы ні на што ў жыцьці! І нават цяпер маю планы, каб прыехаць у старасці ў Партугалію дажываць свой век, настолькі гэтая краіна пакінула сьлед ў сэрцы.
Вы, здаецца, любіце падарожнічаць. Ці падарожнічалі Вы падчас вучобы ў ЕГУ? Якія магчымасці дае вучоба ў Вільні для спазнавання свету? Ці ёсць доля ісціны ў радках вядомай песні «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць»?
Так, я надзвычай люблю падарожнічаць і лічу гэта хіба не найлепшай тэрапіяй для душы ў прынцыпе. Як і валоданьне вялікай колькасьцю моваў, вандроўны досвед узбагачае і натхняе на шматлікія пазытыўныя рэчы. Увогуле, адная з маіх мараў – гэта так званы «traveliving», па-нашаму «жыцьцё ў падарожжы», калі ты з’яжджаеш з краіны пастаяннага пражывання – Беларусі, у маім выпадку – ці некалькі месяцаў, ці нават гадоў спазнаеш краіны не як часовы турыст, а жывеш у іх, актыўна стасуешся з мясцовымі, паглыбляешся ў культурныя асаблівасці, спрабуеш прасякнуцца нязвыклай для нас ментальнасцю.
Падчас вучобы ў ЕГУ атрымлівалася вандраваць даволі шмат і часта, самымі разнастайнымі спосабамі, але найчасцей аўтаспынам. Таксама актыўна выкарыстоўваліся шматлікія лоўкосты, якія пасля жыцця ў Беларусі напачатку папросту падаваліся неверагодным цудам! За адное гэтае вучобу ў Вільні ўжо можна лічыць вялікім падарункам лёсу: атрымоўвалася вандраваць, сустракаць выдатных людзей, абзаводзіцца карыснымі кантактамі, спазнаваць усю прыгажосць і мультыкультурнасць Еўропы. Усё гэта змяняе цябе і застаецца з табой назаўжды.
І, безумоўна, асабіста для мяне гэта паспрыяла таму, што я яшчэ больш пачаў любіць і шанаваць родную Беларусь. Хочацца верыць, што тут мая будучыня і будучыня маіх дзяцей, і з’яжджаць адсюль назаўжды я не планую. Мы яшчэ і тут пазмагаемся ды пашумім!
Дзякуй за інтэрвію.