Выпускнікі ЕГУ прадставілі ўласныя дасягненні ў Мінску

Фота: Сцяпан Богдан

18 верасня Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Мінску гасцінна адкрыла свае дзверы для супольнасці і сяброў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). У гэты вечар некалькі пакаленняў выпускнікоў віленскага ЕГУ, якія дасягнулі высокіх поспехаў у Беларусі, распавялі аб сваім прафесійным і грамадзянскім шляху падчас навучання і пасля заканчэння Альма-матэр.

Мерапрыемства «Выпускнікі ЕГУ для Беларусі» было адкрыта вітальным зваротам Амбасадара Літвы ў Беларусі Андруса Пулокаса. «Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт выконвае важную місію для Беларусі праз то, што стымулюе развіццё крытычнага мыслення сярод беларускай моладзі. Літва падтрымлівала ўніверсітэт і будзе аказваць неабходную дапамогу і надалей. Мы рады адзначыць, што такі асаблівы для Беларусі ўнівэрсытэт здабыў стабільнасць і выпусціў ні адзін дзясятак пакаленняў вальнадумных і незалежных і таленавітых людзей» — падкрэсліў Амбасадар. Удзельнікаў таксама павітаў Рэктар ЕГУ праф. Сяргей Ігнатаў, які адзначыў, што большасць выпускнікоў вяртаюцца на Радзіму і робяць важкі ўклад у развіццё навуковага, прадпрымальніцкага і грамадскага сектараў. Рэктар выказаў падзяку Літве за актыўнае садзейнічанне развіццю ЕГУ.

У рамках мерапрыемства прайшло некалькі сесій у фармаце панэльных дыскусій.

У секцыі «Бізнес і прадпрымальніцтва ў Беларусі» прынялі ўдзел выпускнікі 2013 года Цімафей Савіцкі, які займае пасаду юрысконсульта ў інвестыцыйным фондзе “Haxus“, і сузаснавальнік кампаніі ў галіне актыўнага адпачынку “Nook SolutionsГаўрыіл Смагаржэўскі. Акрамя таго, выпускнік 2010 года Аляксандр Ханін прадставіў уласную франшызу «Мазгабойня», якая дзейнічае ў больш чым 200 гарадах 17 краін свету. Выпускнікі падкрэслілі, што ЕГУ дазволіў ім значна развіць навыкі мыслення і камунікацыі, а таксама ўменне адаптавацца пад вонкавыя ўмовы і прымаць нестандартныя рашэнні, што дазваляе паспяхова развіваць асабістыя праекты.

У панэлі «Публікацыі выпускнікоў ЕГУ ў Беларусі» выпускніца 2014 года, дызайнер і пісьменніца Ксенія Шталенкова прадставіла ўласныя кнігі «Адваротны бок люстра» і «Справа абса крывавых Дукатах». Таксама аб уласных кнігах распавялі выпускнікі 2009 года. Супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, гісторык Мікола Волкаў прадставіў працу «Артылерыя Нясвіжскага замка». Інжынер па аўтаматызацыі тэставання праграм і менеджэр рэсурсаў у EPAM Цімафей Авілін распавёў пра ўласную кнігу «Этнаастраномія: Паміж небам і зямлёй».

У заключнай сесіі «Садзейнічанне развіццю грамадзянскай супольнасці і НДА» выступіла выпускніца 2008 года, прэзідэнт беларускага ПЭН-Цэнтру Таццяна Нядбаева, якая падзялілася досвідам развіцця асабістых прафесійных якасцяў у ЕГУ і распавяла аб займаемай пасадзе. Выпускніца 2016 года Аляксандра Лазаранка, якая займае пасаду крэатыўнага дырэктара арт-прасторы «Каўчэг» у Гомелі, прадставіла цыкл праектаў для дзяцей і маладых людзей, праведзеных пры падтрымцы ЕГУ. Выпускнік 2012 года, аналітык, эканаміст, адзін з ініцыятараў праектаў “Koshturada.by“, “OpenTenders.by“, “Petitions.byУладзімір Кавалкін прадставіў ўласныя праекты, накіраваныя на ўзмацненне дэмакратычных працэсаў і ўмацаванне грамадзянскага ўдзелу ў Беларусі. Таксама поспехамі ў сферы развіцця і падтрымкі недзяржаўных арганізацый падзяліўся выпускнік 2010 года, старшыня Выканаўчага бюро Асамблеі пра-дэмакратычных НДА Беларусі Ілля Заранок. Мадэратарам мерапрыемства выступіў выпускнік ЕГУ 2013 года Максімас Мілта.

Назад

Галерэя