«Змена». У бiблiятэцы ЕГУ з’явiўся фотальбом пра беларускiя 1980-1990-ыя

Фота: Сяргей Брушко

У бібліятэцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) з’явілася новая  кніга — «Змена» — унікальны фотальбом аб 80-х и 90-х гадах мінулага стагоддзя вачыма легенды беларускай фотажурналістыкі Сяргея Брушко. Кнiгу бiблiятэцы падаравалi выпускнiцы ЕГУ, якiя разам з камандай працавалі над праектам.

Фотальбом рэканструюе дух Перабудовы і першых гадоў незалежнай Беларусі. Сяргей Брушко, які працаваў у той час фотакарэспандэнтам газеты «Чырвоная змена», у сваім аб’ектыве змог зафіксаваць важныя і пераломныя моманты жыцця не толькі асобных людзей, але цэлай краіны. Здымкі фатографа паказваюць ключавыя падзеі беларускай гісторыі: наступствы выбуху на ЧАЭС, эканамічны крызіс, забастоўкі рабочых, побыт звычайных людзей і нават асуджаных і салдат тэрміновай службы. Акрамя фотаздымкаў у кнігу ўвайшлі ўспаміны аб тым часе некалькіх выбітных беларусаў, сярод якіх заснавальнік і мастацкі кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, кінарэжысёр Уладзімір Колас, філосаф Валянцін Акудовіч і іншыя.

Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі, зачынальнікам якой стаў сын Сяргея Брушко — фатограф Зміцер Брушко. Над праектам таксама працавалі выпускніца бакалаўрыяту ЕГУ і сёлетняя магістрантка праграмы «Візуальная пластыка», журналістка TUT.BY Алеся Песенка, а таксама выпускнiца ЕГУ i магiстранка СпбДУ Дар’я Шакуля i былы выкладчык ЕГУ, дызайнер Iгар Юхневiч. Праект быў распачаты напачатку мінулага года і паспяхова рэалізаваны: 29 красавіка 2019 года неабходная сума была сабраная, прафінансавалі выданне 323 спонсары.

У лістападзе на працягу амаль трох тыдняў у прасторы ZAL#2 мінскай галерэі «Арт-Беларусь» экспанавалася аднайменная фотавыстава, якую наведалі прыкладна 5500 чалавек. На ёй былі прадстаўлены змешчаныя ў альбоме фотаздымкі Сяргея Брушко, а таксама некалькі прац фотадакументаліста таго ж перыяда, якія ў кнігу не ўвайшлі, напрыклад вядомы здымак, зроблены падчас адзінага ў гісторыі Беларусі візіта амерыканскага прэзідэнта — Біла Клінтана. Дарэчы, арганізацыя фотавыставы і выданне альбома былі падтрыманы Амбасадай ЗША ў Беларусі.

Сяргей Брушко нарадзіўся 28 траўня 1958 года ў гарадскім пасёлку Гарадзея. Працаваў фотакарэспандэнтам у газетах «Калійшчык Салігоршчыны», «Чырвоная змена», «Народная газета». Удзельнік беларуска-швейцарскага выставачна-выдавецкага праекта «У пошуках Беларусі. Год дванаццаты пасля Чарнобыля» (сумесна з швейцарскім фатографам Хуга Йеггі ў 1998 годзе). Выставы прайшлі ў Германіі, Швейцарыі, Беларусі, Ірландыі. Сяргей Брушко памёр у 2000 г., пакінуўшы пасля сябе неацэнную калекцыю дакументальнай фатаграфіі, большасць работ у якой блізкія да стылістыкі фотаздымкаў Карцье Брэсона.

«Галоўны герой бацькавых фотаздымкаў — звычайны чалавек у пераломны момант гісторыі. Праз яго, нібы праз правадніка, Сяргей Брушко распавядае пра цяжкасці: мацнеючы эканамічны крызіс, разбурэнне дзяржаўнай сістэмы, наступствы аварыі на ЧАЭС. Кажуць, фотажурналістыка павiнна быць аб’ектыўнай. Можа быць і так, але гледзячы на бацькавы фотаздымкі можна адчуць іх ўнутраную сілу і неабыякавасць да герояў, а гэта, напэўна, куды больш важныя рэчы, чым сухая аб’ектыўнасць», — распавядае сын фотамастака Зміцер Брушко.

Назад

Галерэя