У ЕГУ адбудзецца экспертная дыскусія «Эканоміка ведаў і развіццё грамадства: перспектывы для Літвы і дэмакратычнай Беларусі»

19 снежня а 12:00 у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце адбудзецца экспертная дыскусія «Эканоміка ведаў і развіццё грамадства: перспектывы для Літвы і дэмакратычнай Беларусі».

Дыскусія пройдзе вочна з трансляцыяў ужывую.

«Эканоміка ведаў» – выраз, які акрэслівае найбольш перадавую фазу эканамічнага развіцця, характэрную для пост-індустрыйных грамадстваў. На гэтым этапе менавіта веды пачынаюць граць ключавую ролю ў развіцці эканамічнай сферы; вытворчасць ведаў становіцца рухаючай сілай развіцця краіны і грамадства. Адпаведна, інвестыцыі ў адукацыю і навуковыя даследаванні становяцца прыярытэтамі ў дзяржаўнай палітыцы.

У сучасным свеце патэнцыял краіны ацэньваецца, сярод іншага, на падставе вымярэння ўзроўню эканомікі ведаў. З гэтай мэтай быў распрацаваны спецыяльны індэкс – The Knowledge Economy Index (KEI). У 2019 годзе Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця апублікаваў індэксы эканомікі ведаў 38 краінаў, з якімі ён супрацоўнічае. У тройку лідэраў увайшлі: Эстонія, Славенія і Літва. Беларусь у гэтым рэйтынгу заняла 11 месца, што было абумоўлена ў першую чаргу інтэнсіўным развіццём Парку высокіх тэхналогіяў, якое пачалося пасля прыняцця Дэкрэту «Аб развіцці лічбавай эканомікі» ў 2017 годзе. Пры гэтым інвестыцыі ў сферу адукацыі і навукі заставаліся ў Беларусі традыцыйна нізкімі.

Дыскусія праводзіцца з мэтай абмену досведам і ідэямі адносна актуальнага стану справаў і перспектываў развіцця эканомікі ведаў у Літве і Беларусі.

Пытанні для абмеркавання:

  1. Асаблівасці развіцця і прасоўвання эканомікі ведаў у Літве: палітычныя рашэнні і сацыяльны кантэкст.
  2. Перспектывы развіцця эканомікі ведаў у дэмакратычнай Беларусі: перадумовы і складанасці.
  3. Сувязь паміж адукацыяй і развіццём эканомікі ведаў. Якія змены ў сістэме адукацыі былі/застаюцца неабходнымі?
  4. Якая роля сацыягуманітарных навук у развіцці эканомікі ведаў?
  5. У якой ступені дэмакратыя спрыяе развіццю эканомікі ведаў?

Удзельнікі дыскусіі:

  • Андрус Кубілюс – дэпутат Еўрапейскага парламенту; у 1999-2000 гадах і 2008-2012 гадах быў прэм’ер-міністрам Літвы.
  • Рымантас Жылюс – дарадца прэм’ер-міністра Літвы; у 2009-2011 гадах быў віцэ-міністрам эканомікі Літвы, у 2011-2012 гадах – міністрам эканомікі Літвы.
  • Павел Данейка – беларускі эканаміст, адміністрацыйны дырэктар Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.
  • Альміра Усманава – філосаф, прафесар Дэпартаменту сацыяльных навук ЕГУ, у 2005-2014 гадах кіравала Дэпартаментам медыя ЕГУ.

Мадэратар дыскусіі:

Таццяна Шчытцова – філосаф, прафесар ЕГУ, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі.

Арганізатары дыскусіі:

  • Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Вільня
  • Платформа беларускай экспертнай супольнасці «Банк ідэяў»
  • Офіс Святланы Ціханоўскай

Дыскусія адбудзецца па адрасе: ЕГУ, вул. Савічаўс 17, Сенацкая заля.

Для ўдзелу ў дыскусіі просім зарэгістравацца па спасылцы.

Трансляцыю ўжывую дыскусіі можна будзе глядзець тут.

Назад