Прафесар Рыбіньскі сказаў: «Хачу выказаць падзяку Кіраўнічай радзе за аказаны давер кіраваць універсітэтам цягам наступных пяці гадоў. З нецярпеннем чакаю супрацоўніцтва з усёй супольнасцю ЕГУ – студэнтамі, выкладчыкамі, супрацоўнікамі, донарамі і партнёрамі – падчас перыяду перадачы паўнамоцтваў. Перакананы, што праз супольныя дзеянні мы зможам вырашаць надзённыя праблемы, якія стаяць перад універсітэтам, і мацаваць статус ЕГУ як вядучай установы для навучання і грамадзянскага ўдзелу ў Беларусі ды рэгіёне ў цэлым».
Прафесар Рыбіньскі з’яўляецца дасведчаным выкладчыкам курсаў для студэнтаў як ступені бакалаўра, так і магістра, аўтарам больш як 90 навуковых артыкулаў па эканоміцы, сотняў газетных артыкулаў і некалькіх кніг. У апошнія гады яго даследаванні былі скіраваныя на пытанні выкарыстання штучнага інтэлекту ў такіх галінах, як эканоміка, менеджмент і вышэйшая адукацыя. У дадатак да сваёй акадэмічнай дзейнасці прафесар Рыбіньскі мае шырокі досвед працы ў дзяржаўнай палітыцы і прыватным сектары, у тым ліку ў якасці намесніка кіраўніка Нацыянальнага банку Польшчы, партнёра ў Ernst & Young і галоўнага эканаміста ў ING Barings ды іншых банках. Вольна валодае ангельскай, расійскай і польскай мовамі.
Адзначыўшы, што прафесар Рыбіньскі паспяхова працаваў у розных дысцыплінах, сектарах і краінах, Андрус Кубілюс падкрэсліў: «Нам надзвычай пашанцавала, што навуковец і адміністратар такога ўзроўню, як прафесар Рыбіньскі, узначальвае ЕГУ у часы асаблівых выклікаў і паскораных зменаў для ўніверсітэта і рэгіёну. Мы цёпла вітаем прафесара Рыбіньскага ў супольнасці ЕГУ і жадаем яму – і ЕГУ – вялікіх поспехаў цягам наступных пяці гадоў».
Дацэнтка юрыдычнага факультэта ЕГУ, кіраўнічка Сенату і сябра Камітэту пошуку доктарка Людміла Ульяшына выказала абгрунтаваныя чаканні, што «прафесар Рыбіньскі будзе далей прасоўваць унікальную ролю ЕГУ ў падтрымцы акадэмічных памкненняў і прафесійнага развіцця маладых беларусаў, а таксама ў судзеянні супрацоўніцтву з беларускай грамадзянскай супольнасцю і прафесіяналамі, міжкультурнаму дыялогу і ўключэнню Беларусі ў еўрапейскую палітычную ды акадэмічную супольнасць».
Па ўступленні на пасаду рэктара прафесар Рыбіньскі засяродзіцца на падаўжэнні акрэдытацыі ЕГУ, забеспячэнні далейшага шпаркага росту колькасці студэнтаў і пашырэнні даследчых магчымасцяў ЕГУ. Старшыня Агульнага сходу саўладальнікаў ЕГУ Хортан Бібі Цэнтэр адзначыў: «Мы ўпэўненыя, што пад кіраўніцтвам прафесара Рыбіньскага ЕГУ стане яшчэ больш эфектыўным у прадастаўленні беларусам і моладзі па ўсім рэгіёне высакаякаснай адукацыі, заснаванай на агульных каштоўнасцях, і ў развіцці іх здольнасцяў крытычнага мыслення, творчага падыходу і самастойнай дзейнасці».
Прафесар Рыбіньскі зменіць рэктара Сяргея Ігнатава, які далучыўся да ЕГУ ў 2018 годзе і завершыць свой пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў, калі прафесар Рыбіньскі стане рэктарам у красавіку. Падчас знаходжання прафесара Ігнатава на пасадзе рэктара ЕГУ падоўжыў акадэмічную акрэдытацыю ў Літве, забяспечыў фінансавую стабільнасць і прадпрыняў захады ў адказ на беспрэцэдэнтныя зрухі, выкліканыя вайной у рэгіёне. «Рэктар Ігнатаў умела кіраваў ЕГУ ў цяжкі перыяд і завяршае службу з вялікай падзякай ад Кіраўнічай рады і Агульнага сходу саўладальнікаў», – падкрэсліў Хортан Бібі Цэнтэр.