Завяршыўся курс «Mайстэрня гіда» ў EГУ: як студэнты вучыліся распавядаць гісторыі і натхняць аўдыторыю на новыя даследаванні

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце завяршыўся курс «Майстэрня гіда», які правяла гід і гісторык архітэктуры Маргарыта Пэтэрсан. Маргарыта – выпускніца магістратуры ЕГУ па праграме «Развіццё культурнай спадчыны», і гэты досвед зрабіў яе падыход асабліва блізкім і зразумелым для студэнтаў. На сваіх лекцыях яна не толькі падзялілася прафесійнымі навыкамі, але і натхніла асабістым прыкладам таго, як пабудаваць кар’еру ў сферы гідаў і культурнай спадчыны.

Курс быў скіраваны на практыку, таму лекцыйныя заняткі чаргаваліся з заняткамі «ў полі», дзе студэнты праграм «Еўрапейская спадчына», «Гісторыя» і «Развіццё культурнай спадчыны» змаглі праявіць сябе і прадэманстраваць аўтарскі падыход да рэпрэзентацыі аб’ектаў культурнай спадчыны.

На першым лекцыйным занятку студэнты прадставілі свае родныя гарады, выбралі ключавыя аб’екты, пра якія яны вырашылі расказаць як гіды. Хтосьці расказаў пра старадаўнія помнікі, а хтосьці – пра месцы, дзе іх горад ажывае па-асабліваму. Гэтае заданне стала першым крокам да ўсведамлення таго, што гід – гэта не проста экскурсавод, але і чалавек, які дапамагае аўдыторыі адчуць дух месца.

На другой лекцыі ўдзельнікі асвоілі навыкі працы з голасам і кіравання ўвагай слухачоў. Яны паспрабавалі скарагаворкі, выканалі практыкаванні для дыяфрагмы і нават эксперыментавалі з інтанацыямі. Лектар падкрэсліла, што голас – гэта не толькі інструмент, але і частка асобы гіда: «Павага да свайго голасу – гэта павага да тых, хто вас слухае».

Трэцяя лекцыя ператварылася ў сапраўднае пагружэнне ў сторытэлінг. Маргарыта патлумачыла, як ствараюцца моцныя гісторыі і прывяла прыклад структуры, якімі карыстаецца Pixar. Разам са студэнтамі яна разгледзела сацсеткі рэальных гідаў з Лондана, Будапешта, Амстэрдама і іншых гарадоў. Кожны з гэтых прафесіяналаў не толькі добра ведае свой горад, але і ўмела стварае ўнікальны вобраз, які прыцягвае аўдыторыю. «Сторытэлінг – гэта не толькі экскурсіі, але і любая камунікацыя, няхай гэта будзе публічнае выступленне ці ваша стужка ў сацыяльных сетках», – адзначыла Маргарыта, натхніўшы студэнтаў знайсці свой уласны голас.

Кульмінацыяй курса стала заліковая экскурсія. Для яе падрыхтоўкі студэнты правялі некалькі заняткаў у гістарычным цэнтры Вільні. Кожны ўдзельнік абраў адзін аб’ект, паглыбіўся ў яго гісторыю і прадставіў яго групе. Фінальная экскурсія адбылася па ключавых месцах горада і ўключаоа мост ва Ўжупісе, вуліцу Літарату, касцёл св. Казіміра і Музей царкоўнай спадчыны. Гэта была камандная праца, у якой кожны ўдзельнік паказаў свае моцныя бакі. Некаторыя нават стварылі сапраўдныя рэпартажы пра свае аб’екты.

Курс «Майстэрня гіда» стаў для студэнтаў праграм «Еўрапейская спадчына», «Гісторыя» і «Развіццё культурнай спадчыны» не проста серыяй заняткаў, а правадніком у свет прафесійнага майстэрства. Удзельнікі навучыліся не толькі расказваць пра мінулае, але і ўтрымліваць увагу аўдыторыі, раскрываць ёй новыя ракурсы звыклых рэчаў і дапамагаць убачыць у іх нешта асаблівае. Бо гід – гэта не проста чалавек, які праводзіць экскурсіі, але і апавядальнік, які ажыўляе гісторыю.

Назад

Галерэя