Канферэнцыя «Вялікае Княства Літоўскае: адзінства ў разнастайнасці»

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт
Цэнтр беларускіх і рэгіянальных даследаванняў
канферэнцыя
ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ: АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
29-30 мая 2025 г.
Вялікае Княства Літоўскае амаль шэсць стагоддзяў аб’ядноўвала ў сваім складзе розныя народы, культуры, рэлігіі і ідэалогіі. Нягледзячы на тое, што менавіта Літве належала палітычная воля стварэння гэтай дзяржавы, Русь працяглы час захоўвала свае культурныя і сацыяльныя пазіцыі. Працяглае суіснаванне ў адных палітычных межах сведчыць аб пэўным балансе сіл, які дазваляў розным супольнасцям узаемадзейнічаць і рэалізоўваць калектыўныя дзеянні, пры гэтым захоўваючы разнастайнасць.
У чым заключаўся баланс сіл? Якія навыкі і ўменні сумеснага жыцця, які светапогляд фарміравала ўзаемадзеянне розных народаў? Якія інстытуты, сацыяльныя, культурныя і палітычныя супольнасці пры гэтым паўставалі? Якія стратэгіі і нормы паводзін фармаваліся? Як пад дзеяннем знешніх і ўнутраных выклікаў адбывалася рэгенерацыя і абнаўленне грамадскіх і палітычных парадкаў?
Плануецца праца па наступных накірунках:
- Літва і Русь: узаемадзеянне, канфлікты і іх пераадоленне
- Парламенцкія інстытуты XVI–XVIII стст.: прававое рэгуляванне і рэальная практыка
- Грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды ў ВКЛ у XIV – XVIII стст.: паходжанне, рэалізацыя, распаўсюджанне
- Дынаміка ўрбанізацыйных працэсаў у розных рэгіёнах
- Гарадская прастора і соцыум: гарадская тапаграфія і сацыяльныя сувязі
- Міграцыйныя працэсы і іх уплыў на гарадскія супольнасці
- Міжкультурныя ўзаемадзеянні
- Рэлігійная талерантнасць і канфесійныя канфлікты
- Базыльяне Літоўскай правінцыі XVII–XIX стст. і іх роля ў захаванні пісьмовай традыцыі «русчызны» і кнігадрукавання
- Вайсковая гісторыя
- Культура і грамадства: штодзённае жыццё, традыцыі і міжкультурнае ўзаемадзянне
Мовы канферэнцыі: беларуская, літоўская, польская, англійская
Тэрмін падачы заяў: да 30 сакавіка 2025 года
Заявы просім высылаць на адрас cbrs@ehu.lt
- Пры падачы заяў просім паведаміць імя, прозвішча, навуковую ступень і званне, месца працы, тэму даклада, абстракт (да 200 словаў), кантактную інфармацыю (e-mail, тэлефон).