Цайтшрыфт
Навуковы штогоднік «Цайтшрыфт» («Tsaytshrift», «צייַטשריפֿט») з’яўляецца адзіным часопісам у Беларусі, прысвечаным яўрэйскім штудыям. Першы нумар быў прэзентаваны ў чэрвені 2011 г. на міжнароднай навуковай канферэнцыі ЕГУ «Social sciences, humanities and higher education in Eastern Europe after 1991». Штогоднік будзе асвятляць даследчыя пытанні, спецыфічныя для беларускай і ўсходнееўрапейскай іудаікі, у той самы час змяшчаючы іх у шырэйшы кантэкст новых трэндаў у гуманітарных навуках пачатку XXI стагоддзя. Рэдакцыйная калегія штогодніка «Цайтшрыфт» разглядае ўласнае выданне як працяг старых традыцый беларускай іудаікі, запачаткаваных часопісам «Цайтшрыфт», які выходзіў у Мінску ў 1926–31 гг.
Рэдактарскі калектыў новага «Цайтшрыфта» выказвае спадзеў, што штогоднік натхніць і актывізуе яўрэйскія штудыі, аб’яднае высілкі найлепшых даследчыкаў у Беларусі, постсавецкіх дзяржавах і краінах Усходняй Еўропы. Сярод аўтараў штогодніка – Аляксандра Полян, навуковая супрацоўніцы Інстытута краін Азіі і Афрыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта; Велвл Чэрнін, ідышамоўны паэт і вядомы даследчык літаратуры на ідыш, які аказваў дапамогу з ідышамоўнай часткай часопіса; Дэбара Ялен (Deborah Yalen), дацэнтка Дзяржаўнага ўніверсітэта Каларада, спецыялістка у яўрэйска-расійскай гісторыі, рэдактарка артыкулаў штогодніка на англійскай мове; і Вілма Градзінскайце (Vilma Gradinskaitė), даследчыца Дзяржаўнага Яўрэйскага музея імя Віленскага Гаона і лектар Віленскага ўніверсітэта.