Праф. Сяргей Ігнатаў — міжнародна прызнаны егіптолаг, аўтар кніг «Марфалогія класічнага Егіпта», «Мудрасць старажытных егіпцян», «Егіпет фараонаў», «Папірус не расце на камяні», «Цела бога» і больш за 40 акадэмічных публікацый, прысвечаных праблемам лінгвістыкі, гісторыі і рэлігіі Старажытнага Егіпта.
У 2009-2013 гг. праф. Ігнатаў займаў пасаду міністра адукацыі, моладзі і навукі ва ўрадзе Балгарыі пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Бойка Барысава. На пасадзе міністра праф. Ігнатаў ажыццявіў шэраг грунтоўных рэформаў у галіне пашырэння ўніверсітэцкай аўтаноміі і дыверсіфікацыі мадэляў фінансавання вышэйшай адукацыі. Раней, у 2002-2009 гг., праф. Ігнатаў быў рэктарам найбольш прыкметнага прыватнага балгарскага ўніверсітэта – Новага балгарскага ўніверсітэта.
Акадэмічная кар’ера праф. Ігнатава пачалася на пасадзе лектара Сафійскага ўніверсітэта імя Св. Клімента Ахрыдскага. Напрыканцы 90-х гадоў ён пачаў працу ў Новым балгарскім універсітэце, дзе займаў пасаду дэкана Бакалаўрскай школы. Перш чым стаць Рэктарам ЕГУ, ён узначальваў Балгарскі інстытут егіпталогіі.
Праф. Ігнатаў атрымаў доктарскую ступень па егіпталогіі ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце. Ён таксама быў стыпендыятам Оксфардскага ўніверсітэта (Каледж All Souls). Апроч роднай балгарскай мовы, праф. Ігнатаў валодае рускай, англійскай і французскай мовамі. Ён таксама выкладае егіпецкую (копцкую), асіра-вавілонскую (акадскую) і старажытнагрэчаскую мовы.
Рашэннем Агульнага схода сузаснавальнікаў ЕГУ праф. Сяргей Ігнатаў прызначаны на пасаду Рэктара з 1 сакавіка 2018 года.